Канспект занятку па адукацыйнай галіне “Выяўленчае мастацтва” ў другой малодшай групе “Упрыгожым сподачкі”

- 12:06ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

На занятку дзеці пашыраць уяўленні пра посуд, яго прызначэнне, часткі, з якіх ён складаецца.

 

Аксана ПАЛЬЧЫС,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 37 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць

 

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць уяўленні дзяцей пра спосабы складання ўзораў на крузе;
– пашыраць уяўленні пра посуд, яго прызначэнне, часткі, з якіх ён складаецца;
– пазнаёміць з саломкай як матэрыялам для выяўленчай дзейнасці;
– развіваць уменне прымяняць дэкаратыўную тэхніку аплікацыі з гатовых форм, тэхніку наклейвання;
– выхоўваць эстэтычны густ.

Матэрыялы і абсталяванне:  магнітная дошка, малюнкі з выявамі глінянага посуду, лялька Ганна, гліняны посуд, сілуэты сподачкаў па колькасці дзяцей, клей, пэндзлікі, цыраты, падстаўкі для пэндзлікаў, сурвэткі, формы з саломы.

 

Ход занятку

 

Арганізацыйны момант

Выхавальнік. Дзеткі, сёння да нас завітала многа гасцей. Давайце прывітаемся з імі: “Добрай раніцы, добры дзень і добры час. Мы рады бачыць вас!”

Асноўная частка

Выхавальнік. Дзеці, паглядзіце, што гэта ў нас на стале? (Адказы дзяцей). Давайце падыдзем бліжэй і паглядзім на яго! Што вы бачыце? Які посуд тут стаіць? (Адказы дзяцей). А з чаго зроблены гэты посуд? Гэта беларускі гліняны посуд. Ён карычневага колеру. Гэты посуд упрыгожаны рознымі ўзорамі. Якія ўзоры вы тут бачыце? (Адказы дзяцей). Посуд робіць ганчар (Разглядаюць малюнкі на дошцы). Ён упрыгожвае свой посуд рознымі ўзорамі: кветкамі, лісточкамі, кружочкамі, палоскамі. А што ёсць у кубка? (Ручка). Для чаго патрэбны кубак? (Каб з яго піць). А пакажыце, дзе сподачак? Якой ён формы? (Круглы). Для чаго патрэбны сподак? (Каб пакласці на яго што-небудзь смачнае).

 

Сюрпрызны момант

Стук у дзверы

Выхавальнік. Да нас у госці прыйшла лялька Ганна. Паглядзіце, якая яна прыгожая! Які ў яе прыгожы ўбор! Ведаеце чаму? У лялькі Ганны сёння свята – дзень нараджэння, і яна запрасіла на сваё свята сяброў. Ганна любіць беларускі гліняны посуд, але вось бяда, у лялькі Ганны есць кот Барсік. Ён залез на стол і злізаў са сподачкаў усе прыгожыя ўзоры. А хутка павінны прыехаць госці. Лялька Ганна хацела пакласці пачастункі на прыгожыя сподачкі. І што цяпер рабіць? (Адказы дзяцей).

Давайце дапаможам ляльцы Ганначцы і зробім на сподачках узоры!

 

Фізкультурная хвілінка “Посуд

Вось вялікі гліняны збан (Рукі падняць у гору, потым на пояс)
Ён важны, як начальнік. (Надзьмуць жывот)
А яшчэ ёсць лыжачка,
Чароўная крышачку. (Зрабіць домік)
А ў глінянага кубачка
Бываюць ручкі трубачкай. (Прысесці, рукі на поясе)
А гліняныя сподачкі,
Як маленькія лодачкі. (Пакружыцца)
А драўляны паднос
Нам чысты посуд прынёс. (Хадзьба на месцы)

 

Тлумачэнне і паказ спосабу дзеяння

Выхавальнік. У нас на сталах ляжаць сподачкі, якія мы будзем упрыгожваць узорамі. Зроблены яны з саломкі – прыгожага і залацістага матэрыялу. Узоры атрымаюцца залацістымі, як сонейка.

Спачатку я прапаную вам выкласці ўзор з ромбаў на свой сподачак, а потым будзем наклейваць кожную дэталь. (Паказ прыему наклейвання).

Паглядзіце, як хораша, які прыгожы ўзор на сподачку ў мяне атрымаўся! А зараз і вы будзеце ўпрыгожваць свае сподачкі, але спачатку падрыхтуем нашыя пальчыкі.

Пальчыкавая гімнастыка “Посуд”

Посуд мые наш Антось. (Паціраюць далоні адна аб адну)
Мые кубкі, збан і лыжкі, (Разгінаюць пальцы з кулачка)
Вымыў сподачак, стакан,
Закрываў хутчэй ён кран. (Выконваюць імітацыйныя рухі)

 

Самастойная праца дзяцей пад спакойную беларускую мелодыю

Вынік

Выхавальнік. А зараз давайце паглядзім, якія сподачкі ў вас атрымаліся. Вам падабаецца? І ляльцы Ганне таксама падабаюцца вашы сподачкі. Зараз яна можа частаваць сваіх гасцей.

Што вам спадабалася сёння на занятку? Што было цяжкім? Пра што новае вы даведаліся?

Вы ўсе былі сёння ўважлівымі, актыўнымі. Дзякую вам за работу!

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий