Актуалізацыя і пашырэнне ведаў вучняў пра жыццёвы і творчы шлях В.Быкава, адметнасць яго аўтарскага стылю.
Вольга НЕСЦЯРЭНЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Асавецкая сярэдняя школа Мазырскага раёна”,
Гомельская вобласць
Мэта: актуалізаваць і пашырыць веды вучняў пра жыццёвы і творчы шлях В.Быкава, адметнасць яго аўтарскага стылю; садзейнічаць развіццю ў вучняў уменняў самастойнай працы з навукова-папулярнымі крыніцамі інфармацыі, камунікатыўных навыкаў; зацікавіць вучняў неардынарнай асобай празаіка і яго шматграннай творчай дзейнасцю, паспрыяць выхаванню пачуцця нацыянальнай самасвядомасці.
Тып урока: урок-падарожжа.
Абсталяванне: партрэт В.Быкава, выстава яго кніг, фотаздымкі пісьменніка ў розныя перыяды жыцця, ілюстрацыі да твораў, прэзентацыя па тэме.
Эпіграфы:
– Расказваю пра вайну, бо ненавіджу яе (В.Быкаў).
– В.Быкаў – пароль чуласці і рашучасці нашае шматпакутнае Беларусі (Р.Барадулін).
– Уся творчасць Быкава – гэта не толькі мастацкая праўда пра чалавечае жыццё, але і падручнік нацыясцвярджэння, вялікі асветніцкі, духоўны капітал для суайчыннікаў (С.Законнікаў)
– Калі чалавецтва не створыць у сабе самай надзейнай абароны ад зла – маральнай абароны, што зыходзіць з унутранай, боскай сутнасці чалавека, дык іншага паратунку яму не будзе (В.Быкаў).
Ход урока
1 Арганізацыйны момант. Стварэнне псіхалагічнага настрою
Настаўнік (чытае верш):
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Каб светла-залатую яго ніць
Віць і далей любоўю,
Справай дзейнай ды словам,
Што ад справы неаддзельна.
Тварыць!
Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.
Надзеяй, праўдай, мужным парываннем,
Высакародным, дружным намаганнем,
Што потым зоркай у вяках гарыць.
Тварыць!..
Анатоль Вярцінскі
– Як вы разумееце словы А.Вярцінскага? (Адказы вучняў)
2 Мэтавызначэнне
– Сёння на ўроку мы пазнаёмімся з асобай Васіля Быкава, даведаемся пра яго жыццёвы і творчы шлях, а таксама напрамкі яго творчасці.
3 Вывучэнне новага матэрыялу
Настаўнік. Сённяшні наш урок звязаны непасрэдна з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
Вайна пакінула жахлівы след у гісторыі нашай краіны. Гэта вечны боль і сумны ўспамін пра загінуўшых. Гэта пачуццё ўдзячнасці ім за падараваны мір і спакой.
Да падзей тых часоў звяртаюцца пісьменнікі, каб нагадаць нашчадкам і папярэдзіць іх, што трэба зрабіць усё, каб вайны ніколі не паўтарылася. Сярод іх сусветнавядомы пісьменнік, чые творы перакладзены больш чым на 50 моў свету – гэта Васіль Быкаў. Ён быў непасрэдным удзельнікам гэтай вайны, прайшоў яе са зброяй у руках.
Якім быў гэты чалавек, як змог прабіцца да такіх вяршынь, чаму яго творы актуальны і сёння?
Адказы на гэтыя пытанні вы знаходзілі самастойна.
Слова даецца вучням-біёграфам. На працягу ўрока тапографы працуюць з картай і адзначаюць месцы, дзе жыў і працаваў В.Быкаў.
Вучань-біёграф 1. Нарадзіўся Васіль Уладзіміравіч Быкаў 19 чэрвеня 1924 года ў невялічкай вёсачцы Бычкі на лясной і азёрнай Ушаччыне, на польска-беларускай мяжы. Да 1939 года мяжа ішла за два кіламетры ад яго Бычкоў. А маці Ганна Рыгораўна нават паходзіла з вёскі Завулак, што пасля Рыжскага міру 1921 года засталася на польскай тэрыторыі. (Там дагэтуль існуюць побач Завулак-Літоўскі, дзе жылі каталікі, і Завулак-Рускі, дзе жылі праваслаўныя.) Там жыў яе брат, з якім дваццаць даваенных гадоў не было ніякай сувязі. І Ганна ўсё бедавала, наслухаўшыся агітатараў пра цяжкае жыццё ў Заходняй Беларусі. Толькі пасля, калі мяжа перасунулася за Беласток, маці наважылася наведаць брата. Вярнуўшыся, прынесла ад яго гасцінцы: торбачку мукі і баранову лапатку. Васіль Быкаў на ўсё жыццё запомніў гэта: удалося сытна паесці. Беларускія калгаснікі месяцамі не бачылі хлеба, з вясны, пакуль бульба не вырасце, елі мякіну з травой.
Яго бацькі – звычайныя сяляне. Маці – Ганна Рыгораўна – была ціхмяна-памяркоўная і душэўна далікатная. “Дужа мяккая і жаласлівая”, – скажа пра яе пісьменнік. Зямная дарога Ганне Рыгораўне выпала вельмі нялёгкая, але працяглая.
Бацька – Уладзімір Фёдаравіч – трохі прымаў удзел у першай сусветнай, а потым і грамадзянскай войнах, быў у нямецкім палоне, працаваў тады ў баўэра. Рабіць даводзілася шмат, але той сялянскай работы, да якой прывык змалку. І карміў гаспадарлівы немец нядрэнна. Потым, ужо ў калгасныя часы, на радзіме ў гэтым сэнсе было куды горш. Дык бацька, прыгадваў пісьменнік, часта ўспамінаў таго немца, яго не вельмі разнастайнае, але сытнае харчаванне.
Вучань-біёграф 2. Дзяцінства было ў Васіля Быкава, па яго словах, “скупое на радасці і труднае, як і ўвесь той час. Часта жылося ў непаладках, нястачы”. Даводзілася і галадаць: “Трэба ісці ў школу, а няма чаго паесці і апрануць. Адзінае, што было радасцю, дык гэта прырода і кнігі. Улетку возера, лес, рыбалка. Калі дазваляў час, вядома. Бо трэба было працаваць”.
Вучань-журналіст 1. Мы ведаем, што цяжкае фінансавае становішча вымусіла будучага пісьменніка адправіцца ў Віцебск. Што ж здарылася?
Вучань-біёграф 3. Пачатковую адукацыю В.Быкаў набываў у Бычках, потым – у зусім блізкай Слабодцы, а з 5-га класа вучыўся ў Кублічах. Закончыўшы дзевяць класаў, хлопец зрабіў спробу выбавіцца з калгаснай галадухі, якую мусілі цярпець бацькі. Ён змалку вызначаўся цягай да малявання і таму цяпер наважыўся паступіць у Віцебскае мастацкае вучылішча. Там навучэнцам плацілі прыстойную па сялянскіх мерках стыпендыю, ажно 60 рублёў. “Гэта ж грошы! ” – казаў бацька. Але ўдача нядоўга свяціла юнаку. З восені 1940 г. адмянілі стыпендыі і ўвялі плату за навучанне. В.Быкаву не было не толькі чым плаціць, але і на што жыць. І ён вярнуўся дадому. Падзапушчаную вучобу працягваў у 10-м класе ў Кублічах.
Вучань-біёграф 4. Яшчэ да яго заканчэння ў краіне адкрываюцца школы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых кадраў ФЗН (фабрычна-завадское навучанне – так расшыфроўваецца гэтая абрэвіятура). У іх вучылі бясплатна і яшчэ давалі адзенне і ежу. Васіль Быкаў зноў падаўся ў Віцебск, цяпер у школу ФЗН, дзе атрымаў спецыяльнасць бетоншчыка-арматуршчыка. Пазней, ужо ў гады вайны, ён у Саратаўскай вобласці скончыў і школу ФЗН чыгуначнага профілю. Выпуск у Віцебску прыпаў на пачатак 1941 год. “Нам аб’явілі, што паедзем працаваць на Украіну, у горад Шостку”. (Сумская вобласць). Там жыў Васілёў сваяк, які ўцёк з Беларусі ад раскулачвання. Перад ад’ездам юнак узяў у Кублічах даведку аб вучобе ў 10-м класе, намерваючыся ўжо ў Шостцы экстэрнам здаць экзамены за сярэднюю школу і паступіць у індустрыяльны інстытут. У Шостку ён заехаў. Але вучыцца ў інстытуце не давялося.
Вучань-біёграф 1. Пачалася вайна. Хлопца “цераз ваенкамат” мабілізавалі “на абаронныя работы”. В.Быкаў капаў супрацьтанкавыя равы, у складзе інжынернага батальёна ўдзельнічаў у будаўніцтве іншых абаронных умацаванняў, а потым і ў баях на Паўднёва-Заходнім фронце. Узбраенне было слабае – “на дзесяць чалавек па дзве вінтоўкі старыя”, а баі сапраўдныя.
Уцалець у такіх умовах было амаль немагчыма. Але В.Быкаву неяк шанцавала. Быў выпадак у той калатнечы, калі яго ўжо вялі на расстрэл, але немалады чырвонаармеец, якому даручылі выканаць прысуд, пашкадаваў юнака і адпусціў яго, зрабіўшы адчэпны выстрал у паветра.
Кожны іначай зроблены крок мог прывесці да пагібелі. Не выпаўз бы на дарогу, не падабрала б фурманка – і загінуў бы ў хаце з іншымі параненымі, якую ў наступныя хвіліны разнёс з гарматы нямецкі танк; спыніўся б бензавоз, якому галасаваў на дарозе, – і згарэў бы ў ім за паваротам, падарваўшыся на міне; ляжаў паранены на танкавай брані пад бамбёжкай, не меўшы сілаў спаўзці ўніз, – суседнія танкі згарэлі, а ў яго не трапіла; заснуў, змучаны прыступам малярыі, – а калі прачнуўся, побач былі немцы…
Адшукаўшы сваё падраздзяленне пасля шпіталя, Быкаў не пазнаў яго: там не было ніводнага знаёмага твару.
Вучань-біёграф 2. Потым Васіль Быкаў апынуўся ў Саратаўскім ваенным вучылішчы, якое закончыў у кастрычніку 1943 года, атрымаўшы званне малодшага лейтэнанта. Далей – фронт да канца вайны, баі – зноў на Украіне, а яшчэ ў Малдавіі, Румыніі, Венгрыі і Аўстрыі, дзе В.Быкаў і сустрэў Перамогу.
В.Быкаў меў два цяжкія раненні, потым адно параўнальна лёгкае, вельмі моцную кантузію і яшчэ тысячы разоў рызыкаваў жыццём. Лічыўся ён і пахаваным у брацкай магіле каля вёскі Вялікая Севярынаўка на Кіраваградчыне.
Вучань-біёграф 3. “У Беларусь прыйшла “пахаронка”. Але я быў толькі паранены. Уцалеў па чыстай выпадковасці”, – зазначаў з гэтай нагоды В.Быкаў. Тады, у студзені 1944 года, яго выратаваў франтавы таварыш. Ён у апошні момант паспеў падбіць гранатай фашысцкі танк, які выязджаў на параненага В.Быкава і ўжо чапляў полы яго шыняля.
Калі ўдалося нарэшце дэмабілізавацца, Быкаў прыехаў у разбомблены Мінск. З другога заходу паспрабаваў ажыццявіць мару стаць мастаком. Іван Ахрэмчык, дырэктар Віцебскага мастацкага вучылішча, якому дэмабілізаваны Быкаў дазваніўся, сказаў, што навучання пакуль няма, і параіў уладкоўвацца ў Гродне ці Брэсце, дзе былі моцныя мастакоўскія калектывы. Быкаў выбраў Гродна. Спадабалася старая архітэктура, пакручастыя вулачкі.
Звязаў свой лёс з “Гродненской правдой”. З марай пра кар’еру прафесійнага мастака давялося развітацца. Тут ён у розны час быў карэктарам, журналістам, перакладчыкам рускамоўных тэкстаў на беларускую мову і наадварот (абласныя газеты тады друкаваліся па-руску, але мелі і невялікі беларускі тыраж), стыльрэдактарам, літаратурным супрацоўнікам і літкансультантам. У гродзенскі перыяд свайго жыцця, які працягваўся амаль да канца 70-х гадоў, В.Быкаў атрымаў і шырокае прызнанне як выдатны пісьменнік.
Вучань-біёграф 4. Васіль Быкаў не думаў, што будзе пісьменнікам. Спатрэбіўся час, каб ён усвядоміў, што мае права сказаць сваё слова пра ўбачанае і перажытае на вайне. Так, у канцы 40-х – на пачатку 50-х гадоў пісьменнік распачаў сур’ёзную творчую працу, якая мела асабліва актыўны і плённы працяг на хвалі грамадскай “адлігі”. У другой палове 50-х – 60-я гады убачылі свет аповесці пісьменніка “Жураўліны крык” (1959), “Здрада” (1960), “Трэцяя ракета” (1961), “Пастка” (1962), “Альпійская балада” (1963), “Мёртвым не баліць” (1965), “Праклятая вышыня” (1968). Гэтыя творы прынеслі пісьменніку сапраўдны поспех, шырокую вядомасць і папулярнасць як у Беларусі, так і за яе межамі. Васіль Быкаў арыентаваўся на свой франтавы вопыт, што абумовіла напісанне глыбока праўдзівых твораў пра вайну. Ён пераканаўся, што ўласна перажытага хопіць на многія кнігі.
Франтавы вопыт дапамагаў Быкаву-пісьменніку. Ён раскрыў увесь трагізм таго часу, калі змаганне і нянавісць разбурыла многія ранейшыя ўяўленні, перакананні, каштоўнасці. У сваіх творах Васіль Уладзіміравіч адлюстраваў гераічнае ва ўмовах смяротных выпрабаванняў. Ён лічыў сваім абавязкам пісьменніка-грамадзяніна выкрываць жорсткасць і бесчалавечнасць вайны.
Дэманструецца відэафільм “Наш Васіль Быкаў” (http://www.youtube.com/watch?v=QwCfd2ZxSjE)
Вучань-біёграф 1. У 1978 годзе пісьменнік пераехаў у Мінск. Тут жыў 20 гадоў. А потым быў вымушаны выехаць за мяжу. Прытулак яму давалі Фінляндыя, потым – ФРГ, затым – Чэхія. Сродкі на жыццё за мяжой вылучаў ПЭН-клуб, міжнародная пісьменніцкая арганізацыя, створаная ў ХХ стагоддзі для гуманітарнай падтрымкі літаратараў.
Летам 2003 года Васіль Быкаў, ужо невылечна хворы вярнуўся ў Мінск, каб памерці на радзіме. Смерць наступіла 22 чэрвеня 2003 года. Пахаваны Васіль Быкаў на Усходніх (Маскоўскіх) могілках сярод самых славутых сыноў Беларусі.
Вучань-чытальнік 2.
Нечысць на зямлю бяду наклікала.
Перагарадзіла белы дзень гара.
Засталася Беларусь без Быкава –
Беднай хатай
Без гаспадара.
Р.Барадулін “Анёл з’явіўся ў Беларусі”
Настаўнік. Імя Васіля Быкава для ўсёй Беларусі – знакавае. Гэта імя па-сапраўднаму вялікага пісьменніка, якога пры жыцці называлі класікам і духоўным прарокам нацыі.
Тапографы прапаноўваюць прагледзець карту, на якой з’явіліся адзначаныя месцы, дзе жыў і працаваў В.Быкаў.
4 Абагульненне і замацаванне
4.1 Асэнсаванне
– Асэнсуйце маленства і юнацтва В.Быкава.
– Як уплывалі кнігі на станаўленне светапогляду будучага пісьменніка?
– Што вас асабліва ўразіла ў біяграфіі пісьменніка?
– Як ваенныя ўражанні адлюстраваліся ў творчасці В.Быкава?
– Назавіце тэматыку пісьменніка і яго творы.
– Што гаварылі калегі пра В.Быкава як чалавека і пісьменніка?
4.2 Творчасць
Зварот да першага эпіграфа В.Быкава (пра вайну) і напісанне сінквейнаў на тэму “Вайна”.
Вайна
Бязлітасная, жорсткая,
Нішчыць, руйнуе, забівае.
Застацца Чалавекам на вайне – нялёгкі выбар.
Боль
5 Выстаўленне і каменціраванне адзнак
6 Інфармацыя пра дамашняе заданне
1) Перачытаць аповесць “Сотнікаў”.
2) Прагледзець кінафільм “Узыходжанне”.
3) Падрыхтаваць рэферат “Лёс яўрэйскага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Халакост”.
7 Рэфлексія. Метад “Незакончаны сказ”
– Працягніце выраз: “Сёння на ўроку…”
– у мяне атрымалася…
– мне было цяжка…
– я атрымаў(ла) перамогу…
– я змог адолець…