Беларусь – Мая Радзіма. Сцэнарый да Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь

- 9:30ДОШКОЛЬНОЕ ОБРАЗОВАНИЕ, Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

Фарміраваць уяўленні пра элементы дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, якія адлюстроўваюць непаўторнасць і багацце культурных традыцый, побыту і прыроды Беларусі.

 

Святлана РАЙБЕ,
музычны кіраўнік
ДУА”Дзіцячы сад №4 г. Смаргоні”,
Гродзенскай вобласці

 

Праграмныя задачы:

– фарміраваць уяўленні пра элементы Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, якія адлюстроўваюць непаўторнасць і багацце культурных традыцый, побыту і прыроды Беларусі;
– фарміраваць уменне расказваць (з дапамогай дарослага) пра дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь; выконваць правілы паводзін пры выкананні Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь;
– выхоўваць пачуццё патрыятызму і любові да Радзімы.

Абсталяванне: ілюстрацыя з выявай Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, ілюстрацыя з выявай Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, ілюстрацыі зубра, бусла, раслін канюшыны, ільну, васількоў; карткі з гербамі іншых дзяржаў, карткі для складання сцяга, аўдыязапіс гімна Рэспублікі Беларусь; кветачкі васількоў і каласкі, касцюмы і шапачкі буслоў (для танца).

 

Ход занятку

Дзеці заходзяць у залу пад песню “Усе мы родам з дзяцінства” у выкананні А.Ярмоленкі.

Вядучая. Наша Беларусь – прыгожы, непаўторны край. Беларусь – гэта наша Радзіма. У кожнага чалавека ёсць свая маленькая радзіма – гэта горад, ці вёска, дзе яны нарадзіліся і жывуць. 

Так на свеце ўжо вядзецца,
Што дзяцінства нам даецца,
У жыцці даецца раз –
Гэта самы светлы час.
Хай жа стане
Планета людзей
Цудоўнай планетай
Шчаслівых дзяцей! (А.Грачанікаў)

Дзеці.

Нібы на далонях вяночак трымаю,
Наш герб беларускага роднага краю.

Вось сонейка ўсходзіць над роднай зямлёй,
А ўверсе – абрысы Радзімы маёй.

Наш сцяг беларускі тры колеры мае –
Сардэчнасць, адвагу, мір, працу вітае.

Мы – грамадзяне адзінай краіны…
І сімвалы помніць і ведаць павінны!

Гучыць урачыста, як водгукі славы,
Гімн нашай любімай цудоўнай дзяржавы.

Пад гукі гімна ўсім вам клянуся
Сапраўдным быць сынам сваёй Беларусі.

 

Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь (Выконваюць усе ўдзельнікі)

Вядучы. Паважаныя дзеці, шмат краін на свеце, усе яны розныя, і ў кожнай краіны ёсць свой гімн, сцяг і герб. Сёння мы з вамі пагаворым пра нашы дзяржаўныя сімвалы. А якія вы ведаеце сімвалы, што характарызуюць нашу Беларусь?

Дзеці. Зубр, бусел, кветкі ільну, канюшыны, васількі. (Дзеці называюць, а вядучы выстаўляе ілюстрацыі).

Вядучы. Так, сапраўды. Кветачкі канюшыны, ільну, каласкі ўпрыгожваюць герб Рэспублікі Беларусь.

Вядучы. А зараз паглядзіце ўважліва і знайдзіце герб Рэспублікі Беларусь сярод гербаў іншых краін. (Дзеці падыходзяць да стала і знаходзяць герб Рэспублікі Беларусь).

Вядучы. Герб – гэта адметны знак краіны. Давайце разглядзім яго. Якой формы герб? (Адказы дзяцей) Звярніце цяпер увагу, што адлюстравана на малюнку? (Паказвае картку з выявай сцяга).

Дзеці. Сцяг.

Вядучы. З якіх частак складаецца сцяг?

Дзеці. Дрэўка, палотнішча.

Вядучы. Якія колеры ў наша сцяга?

Дзеці. Зялёны, чырвоны, белы.

Вядучы. Колеры – белы, зялёны, чырвоны – здаўна ўшаноўваліся людзьмі. Чырвонымі і зялёнымі ніцямі жанчыны вышывалі ўзоры на белай тканіне.

Зялёны колер – гэта багацце нашых лясоў і лугоў. Чырвоная палоска сцяга – здабытая нашымі продкамі чэсць і перамога над ворагамі. А яшчэ ў беларускага сцяга каля дрэўка ёсць вертыкальная палоска, на якой размешчаны нацыянальны арнамент. А дзе можна ўбачыць сцяг?

Дзеці. На плошчы горада ў вялікія святы, на будынках дзіцячага сада і школы, на розных спартыўных мерапрыемствах.

Вядучы. У мяне тут шмат палосак рознага колеру. Вам трэба хуценька скласці сцяг нашай краіны. (Дзеці выконваюць заданне)

Вядучы. Дзеці, дык што ж азначаюць сцяг, герб і гімн краіны? (Адказы дзяцей)

Пад беларускую музыку заходзяць Янка і Васілінка.

Янка. Усіх вітаю, і са святам вас віншую!

Васілінка. Добрага настрою вам і здароўя!

Янка. Хачу для спачатку вам загадаць загадку.

У чырвоных ботах,
Ходзіць па балотах.
Захаваўшы лапкі,
Спрытна ловіць жабкі. (Бусел)

Вядучы. Вось паглядзіце, які танец падрыхтавалі нашы дзеткі.

Сюжэтны танец “Танец буслоў” (музыка Д.Тухманава)

Васілінка. А ў мяне таксама ёсць загадка.

Янка. Ну слухаем.

Васілінка.

Па лясах блукае статак
Волатаў і немаўлятак.
Гэта пушчы спадары –
Белавежскія…(Зубры)

Васілінка. Якія дзеткі малайчынкі! Усё ведаюць!

Янка. А я вось ведаю загадку, але вы ніколі не адгадаеце яе.

Цвіту ўсё лета я,
Жыву звычайна ў жыце.
Нашу хлапечае імя,
Як зваць мяне, скажыце? (Васілёк)

Вядучы. А зараз шаноўныя госці паслухайце вершы пра васількі.

1 сніцца мне васільковае поле
Я па ім, як па моры, плыву…
Сінявокае ўсё наваколле –
І ці сон гэта, ці наяву?
2 Не відаць ні канца ў ім, ні краю,
Усё злілося ў адзіны ўзор…
Быццам фарбы нябёс разбаўляе
Васільковым блакітам прастор. (Л.Воранава)

Васілінка. Малайчынкі, рабяты! Адгадалі ўсе загадкі. Хай на нашай зямлі ярка свеціць сонейка, і будзе мірнае неба над намі.

Вядучы. Дзякуй вам, шаноўныя госці, за такія прыгожыя словы, загадкі. Мы здагадаліся, што ўсе загадкі пра нашы сімвалы, што характарызуюць нашу Беларусь.

А на заканчэнне мы хочам падараваць вам песню.

Песня “Беларусь Мая Радзіма” (сл. У.Пецюкевіча, муз.Д.Даўгалёва)

Усе выходзяць з залы.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий