Ірына САРВАС,
настаўнік-дэфектолаг
ЦКРНіР Зэльвы,
Гродзенская вобласць
Гатоўнасць дзіцяці да новага перыяду развіцця ў значнай меры вызначаецца яго сэнсарным развіццём. Для паляпшэння сэнсарнага развіцця дзіцяці неабходна распрацоўваць, выкарыстоўваць і ўкараняць найбольш эфектыўныя сродкі і метады сэнсарнага выхавання дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці.
Менавіта таму педагагічны калектыў нашай установы намагаецца як мага шырэй развіваць і ўдасканальваць у дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця (у сілу магчымасцей дзіцяці) усе віды ўспрымання, узбагачаць іх пачуццёвы вопыт, развіваць датыкальнае ўспрыманне, а менавіта тактыльныя і кінестэтычныя аналізатары, мікра- і макраматорыку выхаванцаў, павышаць узровень ведаў бацькоў па сэнсарным развіцці і выхаванні дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці, павышаць узровень кампетэнтнасці педагогаў па сэнсарным развіцці і выхаванні дашкольнікаў.
Мы імкнемся да таго, каб вырашаць задачы сэнсарнага выхавання на палісэнсарнай аснове, калі сэнсарнае развіццё дзіцяці з парушэннямі ў развіцці ахоплівае ўсю разнастайнасць сэнсарных характарыстык навакольнага свету і ажыццяўляецца шляхам выкарыстання жыццёвых абставін у цэлым.
У нашым ЦКРНіР створаны добрыя умовы, якія спрыяюць развіццю сэнсарных адчуванняў у дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці:
- сэнсарны пакой – спецыяльна абсталяванае памяшканне, дзе дзіця ў бяспечных, камфортных абставінах, напоўненых разнастайнымі стымуламі, мае магчымасць даследаваць наваколле самастойна ці пад кіраўніцтвам дарослага;
- сэнсарныя зоны ў групе і классе – уключаюць у сябе гульні і дапаможнікі для развіцця зрокавых, тактыльных, слыхавых, абаняльных аналізатараў, дыдактычныя сталы з напаўняльнікамі (группы ранняга і дашкольнага ўзросту);
- сухі басейн – даступны для дзяцей усіх узростаў;
- спартыўная зала, у якой знаходзіцца багаты асартымент інструментарыя, выкарыстанне магчымасцей якога спрыяе развіццю ўсіх груп мышцаў і сэнсарных адчуванняў дзяцей;
- сэнсарныя лямпы, сенсарная колба і калекцыя рэлаксацыйнай музыкі.
Акрамя спецыяльна створаных умоў, шырока выкарыстоўваецца і абсталяванне ЦКРНіР, бо, улічваючы прынцып палісэнсарнасці, любы аб’ект спрыяе развіццю некалькіх відаў успрымання апасродкаваным шляхам:
- басейн – тактыльнае і кінестэтычнае ўспрыманне (вада, фізкультурнае абсталяванне для развіцця рухаў);
- медыцынскі блок і пральня – абаняльнае ўспрыманне;
- харчаблок, абедзенныя зоны ў групах – абаняльнае і смакавае ўспрыманне;
- участак установы ЦКРНіР – глядзельнае, абаняльнае, тактыльнае, кінестэтычнае ўспрыманне (дрэвы, хмызнякі, кветкавыя клумбы, надворнае фізкультурна-гульнявое абсталяванне).
Павышэнне прафесійнай кампетэнцыі педагогаў у сэнсарным выхаванні дзяцей ажыццяўляецца пастаянна праз розныя формы: педагагічныя саветы, кансультацыі, семінары-практыкумы, адкрытыя прагляды, конкурсы-агляды, самаадукацыю.
Пошук і самастойны выбар педагогамі канкрэтных форм работы з дзецьмі з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці ўжо стаў нормай іх дзейнасці, што абвастрае неабходнасць своечасовай метадычнай дапамогі, хуткага і гібкага рэагавання на запыты.
На працягу года спецыялісты размяшчаюць матэрыялы кансультавання, рэкамендацыі, памяткі ў рамках сэнсарнага выхавання дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці на старонках сайта ўстановы, на інфармацыйных стэндах і кутках. На працягу некалькіх гадоў спецыялісты цэнтра вырабляюць сваімі рукамі дапаможнікі для развіцця сэнсарных адчуванняў дзяцей з рознай этыялогіяй парушэння.
Такім чынам, дзякуючы стварэнню адзінай адукацыйнай прасторы на палісэнсарнай аснове і прафесійнай кампетэнцыі педагогаў у цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі ажыццяўляецца паўнацэннае сэнсарнае выхаванне дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі ў развіцці, якое стымулюе іх да актыўнага пазнання, атрымання максімальнай інфармацыі з навакольнага свету.