×

Школа сабрала сяброў

13.01.2020 11:24,

Школа — гэта звонкі залівісты званок, урокі і перапынкі, гэта шчаслівае дзяцінства і першае каханне, гэта дом і вялікая дружная сям’я. А калі прыходзіць свята, то адзначаюць яго, вядома ж, усе разам, весела і радасна і доўга потым успамінаюць з цеплынёй.

Сярэдняя школа № 8 Оршы адзначыла юбілей — сваё 65-годдзе. У святочна ўпрыгожанай зале збіраліся тыя, хто калісьці тут працаваў і сядзеў за партамі, спасцігаючы школьныя навукі. Успаміны, радасць і сум, прыемныя сустрэчы, усмешкі, песні, музычныя нумары і, вядома, віншаванні... На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі ганаровыя госці —начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама А.У.Загурскі і метадыст упраўлення па адукацыі А.Д.Сталыбка.

У гонар 65-гадовага юбілею школа была адзначана падзякай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Адміністрацыя і многія педагогі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама, Аршанскага райвыканкама, упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама.

З вялікай радасцю школа сустрэла ветэранаў педагагічнай працы, людзей, якія большую частку свайго жыцця прысвяцілі ўстанове.

Святочны настрой разам са школай падзялілі выпускнікі розных гадоў. Для кожнага пакалення школа была па-свойму асаблівай, але для ўсіх засталася аднолькава роднай і блізкай. На юбілеі прысутнічалі выпускнікі, якія ў 1954 годзе пайшлі ў 1-ы клас школы, якая толькі што адкрылася, а сёння яе наведваюць іх унукі.

Многія госці адзначылі, што ў школе ўтульна, як дома. І гэта праўда: рукамі педагогаў і работнікаў школы добраўпарадкаваны кожны куток, усё зроблена з любоўю, цеплынёй і клопатам.

Таксама сваю родную школу павіншавалі цяперашнія вучні і іх бацькі, педагагічны калектыў школы, музычныя і танцавальныя ансамблі. Хочацца адзначыць, што пры падрыхтоўцы да юбілею ніхто не застаўся ўбаку. Акрамя выдатных канцэртных нумароў, навучэнцы ўсіх класаў упрыгожылі школу святочнымі газетамі і плакатамі.

Вольга ШКУРДЗЮК,
настаўніца геаграфіі дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 8 г. Оршы”.
Фота Алега АДАМЕНКІ.