Тамара БОРТНІК,
выхавальнік ДЦРД № 1 Зэльвы
Увесь свет перажывае няпростыя часы, ва ўмовах самаізаляцыі складана ўсім, асабліва маленькім і актыўным дашкольнікам. У сваёй групе мы наладзілі марафон для бацькоў, дзяцей і педагогаў ва ўмовах самаізаляцыі “Гуляем з тым, што выкінуць не шкада вам, а для дзяцей карысна” пад хэштэгам #сидимдомаспользой#.
Не сакрэт, што ў дашкольным узросце адной з найважнейшых задач развіцця дзяцей з’яўляецца развіццё кагнітыўнага мыслення (гэта пазнавальны працэс, накіраваны на развіццё памяці, увагі, уяўлення, логікі, успрымання). У паўсядзённым жыцці дзіця сутыкаецца з разнастайнасцю форм і фарбаў – гэта любімыя цацкі, навакольныя прадметы. Бачыць яно і творы мастацтва – карціны, скульптуры, чуе музыку. Але калі гэтыя зносіны са светам адбываюцца стыхійна, без кіраўніцтва дарослых, то часцей за ўсё ўражанні аказваюцца павярхоўнымі і хутка сціраюцца з памяці. Вось тут і прыходзіць на дапамогу сенсорнае выхаванне – паслядоўнае, планамернае азнаямленне дзяцей з сенсорнай культурай чалавецтва.
Сенсорнае развіццё служыць асновай пазнання свету, і першай прыступкай у гэтым з’яўляецца пачуццёвы вопыт. Паспяховасць разумовага, фізічнага, эстэтычнага выхавання ў значнай ступені залежыць ад узроўню сенсорнага развіцця дзіцяці, г. зн. ад таго, наколькі дакладна дзіця чуе, бачыць, адчувае навакольны свет. Працэс пазнання маленькага чалавека адрозніваецца ад працэсу пазнання дарослага. Дарослыя пазнаюць свет розумам, маленькія дзеці – эмоцыямі.
На кожным узроставым этапе перад сенсорным выхаваннем стаяць свае задачы. У раннім дашкольным узросце, а менавіта такога ўзросту дзеці наведваюць нашу першую малодшую групу, назапашваюцца прадстаўленні пра колер, форму, велічыню. Лічу, што вельмі важна, каб гэтыя ўяўленні былі разнастайнымі. А для гэтага знаёмлю сваіх выхаванцаў з усімі разнавіднасцямі ўласцівасцяў – усімі колерамі спектру, з геаметрычнымі фігурамі, развіваю пазнавальныя і маўленчыя ўменні: вызначаем колер, памер, форму прадметаў шляхам зрокавага, пачуццёвага і рухальнага абследавання, вучу дзяцей разумець і выкарыстоўваць у мове словы – назвы велічынь і формаў.
Прапаную вырашыць задачы сенсорнага развіцця вашых дзяцей ва ўмовах самаізаляцыі. Прапаную прыдумляць цікавыя, карысныя і бюджэтныя гульні разам з дзецьмі (чым больш – тым цікавей).
- “Чароўныя крупы” (Гуляць пад наглядам дарослых!)
У кожным доме знойдзецца крупы, пажадана фасоль або гарох. Спатрэбяцца і паднос ці форма для выпечкі (падыдзе і звычайны таз); ёмістасці (пласмасавыя) з-пад ёгурта або крэму рознага аб’ёму, форма для лёду, ячэйкі з-пад яек, крышкі ад дзіцячага пюрэ, каўпачкі ад старых ручак або фламастэраў, вечка ад маянэзу, пасты і т. п., лыжкі рознага памеру, варонкі, сіта.
Можна пачынаць!
- Высветлім: якая крупа (сухая/мокрая і сыпучая ці не – уласцівасці прадметаў);
- вызначым: колькі крупы змяшчаецца ў розных ёмістасцях (шмат/мала); якую колькасць лыжак можна насыпаць у розныя слоічкі (шмат/мала-развіццё матэматычных уяўленняў) – тут магчыма выкарыстанне лыжак рознага памеру;
- пазнаем: праз якую варонку крупа “прабягае” хутчэй.
І нарэшце, можна хаваць розныя прадметы ў крупы і шукаць іх навобмацак, проста перасыпаць і сціскаць крупы ў далонях, а ў завяршэнні сабраць усё, што рассыпалася пры дапамозе толькі пальчыкаў (дробная маторыка).
- “Смачна і карысна”
Для ўсіх аматараў салодкага пюрэ.
Для гэтай гульні неабходна: крышкі ад дзіцячага пюрэ (пры адсутнасці можна замяніць буйнымі гузікамі або пампонамі), ячэйкі з-пад яек, пінцэт (можна кухонны), лыжка, ёмістасці з-пад ёгурта, формы (аднаразовыя або сіліконавыя) для кексаў.
Трэніруем дробную маторыку рук: з дапамогай пінцэта раскладваем крышачкі ў ячэйкі для яек, па колеры (сэнсорыка), у напрамку (толькі зверху, знізу, праз адну – прасторавае мысленне), пінцэт можна замяніць чайнай лыжкай (ізноў дробная маторыка рук). Замест ячэйкаў для яек можна выкарыстоўваць формы для кексаў.
Выкладваем крышкі ад пюрэ (пампоны) на любую роўную паверхню ў лінію (круг – развіццё матэматычных уяўленняў), па колеры (сэнсорыка) можна пры гэтым выкарыстоўваць пінцэт.
- “Выратавальнікі”
На кухні заўжды знойдзецца пакет з крупамі – пшано ці пярлоўка, не важна. Хуценька высыпаем крупу ў глыбокую міску ці кантэйнер і хаваем ў ей дробныя цацкі. На пачатку гульні вы можаце расказаць малому, як цудоўная каманда цацачных сяброў адправілася ў падарожжа на другую планету. Але толькі яны прызямліліся і ступілі на яе, як трапілі ў зыбучыя пяскі, з якіх не могуць выбрацца самастойна.
Адпраўляемся разам з малым на дапамогу (адшукваем цацкі ў крупе) — трэніруем дробную маторыку пальцаў рук, а разам з тым робім масаж далоняў.
Не забываем спытаць, якога колеру кожны герой – сенсорнае выхаванне. Многа ці мала мы выратавалі герояў? Давай паспрабуем палічыць – вось вам і фарміраванне элементарных матэматычных уяўленняў.
- “Рыбаловы”
У гэтую гульню можна гуляць у ванным пакоі, а таксама на кухні. Бяром самы вялікі таз, наліваем ваду, а затым запускаем туды рыбак (любыя цацкі і прадметы, якія не патонуць). І не бяда, калі няма сачка. Узбройваем дзіця вялікай лыжкай ці шумоўкай замест вуды – і наперад. Для ваннай выдатна падыдуць фігуркі ад канструктара “Лега”.
Тут вам і дробная маторыка, і каардынацыя рухаў. Спачатку вылавім прадметы чырвонага колеру, затым – зяленога і г.д. Вось вам і сенсорнае выхаванне.
Калі ў вас двое дзяцей, можна ўчыніць спаборніцтва паміж імі. Хто болей рыбак налавіў – элементарныя матэматычныя ўяўленні.
- “Папялушка”
Выдатна, калі вы ўжо чыталі казку “Папялушка”, бо так і называецца наступная гульня. У гэтай гульні неабходна высыпаць на паднос дзве розныя крупы ці што іншае – макароны, фасоль і г.д. Даем малому дзве талеркі – і за працу. Хвілін дзесяць цішыні вам гарантавана. А яшчэ можаце самі ўдзельнічаць у гульні. Усе маленькія дзеці вельмі любяць дапамагаць дарослым, асабліва калі тыя самі просяць іх аб дапамозе.
– Ой, і што гэта я ўтварыла, – гаворыць матуля, – не ў тую шклянку высыпала фасолю, усе пераблытала. Мне патрэбна твая дапамога.
І не забудзьце на прыканцы сказаць, што без дапамогі вашага сына ці дачкі, вы б ні за што не справіліся.