Вольга ГАРЧАНКА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры Крынічанскай сярэдняй школы Мазырскага раёна
Пра работу Мазырскага раённага рэсурсавага цэнтра эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, які арганізаваны на базе Крынічанскай сярэдняй школы, падчас рэспубліканскага семінара, прысвечанага ўзаемадзеянню суб’ектаў адукацыі, распавяла дырэктар навучальнай установы Ніна Навіцкая.
У школе склалася сістэма работы па арганізацыі інавацыйнай дзейнасці, і ёсць кадры, гатовыя да рэалізацыі навукова-метадычных функцый. Асноўная задача – сістэмны маніторынг адукацыйных запатрабаванняў педагога, іх рэалізацыя праз выбар пэўных тэм, фармаванне штогадовай заяўкі ў межах рэгіянальнай сеткі павышэння кваліфікацыі, а таксама аператыўнае давядзенне да адрасата інфармацыі пра выклік з афармленнем адпаведных дакументаў. Не меней важным з’яўляецца планаванне і арганізацыя семінараў, практыкумаў, педагагічных дыялогаў, анлайн-кансультацый, трэнінгаў, майстар-класаў, фестываляў, конкурсаў, канферэнцый, метадычных выстаў, а таксама распрацоўка праграм і палажэнняў, выкарыстанне калектыўнай, індывідуальнай і групавой формаў работы.
Каардынацыю інавацыйнай дзейнасці на раённым узроўні ажыццяўляюць дырэктар Мазырскага раённага навучальна-метадычнага цэнтра Марына Старыкава і метадыст цэнтра Ніна Еўцерава. Распрацаваны алгарытм дзеянняў, арганізавана работа па распаўсюджванні інавацыйнага педагагічнага досведу на базе ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Для суправаджэння інавацыйнага праекта праводзіцца сумесная работа, аказваецца дапамога ў падборы навуковых кансультантаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага саставу Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта «Рэспубліканскі цэнтр праблем чалавека», цэнтра дадатковай адукацыі «Альтэрнатыва», Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка, Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Для інфармавання ўсіх удзельнікаў праекта на афіцыйным сайце Крынічанскай школы створана старонка «Інавацыйная дзейнасць». На ёй можна даведацца пра работу рэсурсавага цэнтра і атрымаць інфармацыю пра суправаджэнне інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі, азнаёміцца з электронным зборнікам матэрыялаў інавацыйнага досведу, вывучыць дасягненні ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці лепшых школ рэспублікі.
З красавіка 2017 года на базе Крынічанскай сярэдняй школы штогод праводзіцца Фестываль інавацыйных педагагічных ідэй «Адкрыццё». Летась ён сабраў больш ста ўдзельнікаў са школ Мазырскага, Нараўлянскага і Светлагорскага раёнаў. За два дні прадстаўнікі ўстаноў адукацыі выступілі ў трох намінацыях: прадэманстравалі прадукты інавацыйнай дзейнасці, абаранілі праекты, у творчай форме прадставіўшы свій вопыт працы, паказалі майстар-класы.
Паспяховы досвед інавацыйнай дзейнасці не раз трансляваўся на розных нарадах, семінарах, фестывалях, канферэнцыях як абласнога, рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўня.