Ірына БАЛЬ,
намеснік загадчыка
ясляў-сада № 16 Слоніма
Летам большую частку часу дзеці праводзяць на гульнявых пляцоўках. Задача калектыву дашкольнай установы – стварыць умовы для разнастайных відаў дзіцячай дзейнасці, узбагаціць сераду элементамі, што стымулююць пазнавальную, эмацыйную, рухальную дзейнасць дзяцей.
Гульнявое абсталяванне на тэрыторыі пляцовак можа быць размешчана ў адвольным парадку, але вялікая яе частка павінна заставацца вольнай для арганізацыі рухомых гульняў, эстафет, забаў.
Вядома ж, гульнявыя пляцоўкі павінны быць аснашчаны вулічным спартыўным і гульнявым абсталяваннем (домікі, сталы, лаўкі, арэлі, ценявыя навесы, веранды), а таксама вынасным спартыўным абсталяваннем (скакалкі, гарадкі, мячы, бадмінтон, абручы, гімнастычныя палкі і інш.).
На участках абавязкова трэба ўсталяваць (прыцямніўшы парансонамі) пясочніцы з вечкам, якое закрываецца, і шырокімі борцікамі, на якія можа прысесці дзіця. Для гульняў з пяском трэба набыць дастатковую колькасць гульнявога матэрыялу. Таксама на пляцоўцы можна размясціць міні-басейн з цацкамі для гульняў з вадой, абсталяваць “Дарожку здароўя” з запоўненымі розным прыродным матэрыялам сектарамі.
У абавязковым парадку на гульнявым участку (лепш, калі гэта будзе цяністая частка ўчастка) неабходна прадугледзець ўстаноўку лёгкіх ценявых навесаў, якія могуць служыць як месцам для індывідуальных гульняў, так і хованкай ад сонца.
Мэтазгодна плошчу ўчастка падзяляць для гульняў дзяцей па інтарэсах. Гэта могуць быць зоны для арганізацыі сюжэтна-ролевых гульняў, зносін дзяцей з кнігай, заняткаў мастацтвам, настольна-друкаваных гульняў, ручной працы, працы з прыродным матэрыялам і г.д.
На ценявых верандах таксама будзе дарэчы абсталяваць куткі для сюжэтна-ролевых гульняў (“Дом”, “Школа”, “Шпіталь”, “Супермаркет” і інш.), для развіваючых гульняў і пазнавальна-практычнай дзейнасці, “Тэатральны куток” – для развіцця маўленчай творчасці і тэатралізаванай дзейнасці.
Для выстаў дзіцячых работ, фатаграфій, сумесных работ дзяцей і іх бацькоў, можна стварыць імправізаваную “карцінную галерэю”. Тут жа размясціць куткі для бацькоў з інфармацыяй пра летні адпачынак дзяцей.
Для фарміравання ў дзяцей цікавасці да вырошчвання раслін і навыкаў догляду за імі, мэтазгодна разбіць міні-агарод, аформіць невялікі кветнік. Кожную градку можна пазначыць шыльдамі з назвай або малюнкам. Для догляду за раслінамі неабходна набыць дзіцячы садовы інвентар.
Важна на тэрыторыі дашкольнай установы аформіць пляцоўку па вывучэнні правілаў дарожнага руху з дарожнай разметкай, пешаходным пераходам, дарожнымі знакамі і святлафорам і выкарыстоўваць яе для правядзення гульняў і заняткаў па навучанні дзяцей бяспечным паводзінам на вуліцах і дарогах.
Варта памятаць, што прадметна-развіццёвае асяроддзе на участках дашкольнай установы – гэта, перш за ўсё, бяспечнае асяроддзе, максімальна псіхалагічна камфортнае для кожнага дзіцяці. Яно задавальняе яго патрэбы ў вольным выбары віду дзейнасці, ступені ўдзелу ў ёй, спосабаў яе ажыццяўлення і ўзаемадзеяння з аднагодкамі.