Анастасія БЕРДЫГУЛАВА,
вучаніца 7-га класа Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці
У свеце існуе мноства вёсак, пра якія людзі нават і не чулі. Але часта менавіта ў глыбінцы, у такіх непрыкметных месцах, як, напрыклад, наша вёска Нянькава, могуць жыць сапраўдныя героі, пра якіх хацелася б, каб ведаў кожны.
Мне, самай звычайнай беларускай дзяўчынцы, вельмі пашанцавала ў жыцці. Я пазнаёмілася з чалавекам, які сапраўды заслугоўвае насіць ганаровае званне героя. Іван Ігнацьевіч Камар, з якім вы зараз пазнаёміцеся, – не проста Чалавек з вялікай літары – ён герой сваёй малой радзімы. Дзякуючы яму зараз вёску Нянькава ведаюць далёка за яе межамі.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ваяваў за сваю родную зямлю, за Беларусь. Упершыню я ўбачыла Івана Ігнацьевіча на святкаванні Дня Перамогі ў 2014 годзе, калі ён асабіста павязаў чырвона-зялёны піянерскі гальштук майму брату Максіму.
У другі раз наша сустрэча адбылася ў маі 2016 года таксама на святкаванні Дня Перамогі. Я з захапленнем слухала Івана Ігнацьевіча і не верыла, што магу вось так проста дакрануцца да рукі гэтага чалавека. Мне тады здавалася, што гэта проста шчасце!
Я вельмі хвалявалася, калі праз два гады менавіта гэты дзядуля з ордэнамі на ўсе грудзі павязаў і мне піянерскі гальштук.
Мы, удзельнікі валанцёрскага атрада Вераб’евіцкага дзіцячага сада – базавай школы, не раз наведвалі Івана Ігнацьевіча дома. Першыя мае ўражанні? Я ўбачыла, што гэта моцны духам і добры чалавек. Ён заўсёды радасна сустракаў нас і з задавальненнем распавядаў пра сваё жыццё, паказваў свае школьныя сшыткі, розныя фотаздымкі і нават дэманстраваў свае навыкі валодання камп’ютарам, што нас вельмі здзівіла.
У сакавіку 2019 года ў рамках рэспубліканскай акцыі “Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусі”, якая была прысвечана Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, навучэнцы нашай школы наведалі Івана Ігнацьевіча Камара.
Па выніках гэтай сустрэчы ў раённай газеце “Новае жыццё” ў рубрыцы “У Памяці пакаленняў навечна” быў надрукаваны артыкул.
Знаходзячыся побач з Іванам Ігнацьевічам, я заўсёды адчувала сябе ў нейкай ступені вельмі значным для яго чалавекам. Ён казаў, што кожнае дзіця – гэта каштоўнасць свету.
Іван Ігнацьевіч нарадзіўся 1 ліпеня 1920 года, вырас у самай звычайнай сям’і. Жылі небагата, як і большая частка людзей у той час. Ён скончыў толькі чатыры класы сельскай школы і пайшоў вучыцца рамяству краўца ў суседнюю вёску Ракевічы. Пазней хлопцу прадставілася магчымасць давучыцца да адзінаццатага класа ў польскай школе. Ён паказваў нам свае здымкі школьных юнацкіх гадоў, а таксама захаваліся сшыткі і дзённік. Мы былі ўражаны: амаль усе адзнакі – пяцёркі, ды і які цудоўны почырк!
Пасля вучобы Івану Ігнацьевічу спатрэбіўся навык шыцця – ён стаў краўцом. Казаў, што першай яго кравецкай пробай былі штаны, а пазней навучыўся рабіць рэчы больш складаныя, нават жаночыя сукенкі.
Аднак нечакана прыйшла бязлітасная вайна. У той час усе ўжо здагадваліся, што наспела нешта страшнае. І кар’ера Івана Ігнацьевіча ў ролі краўца скончылася. Цяпер ён быў маладым радавым, які ваяваў на ўкраінскай зямлі, а потым – у Венгрыі. Аднак перамога чакала яго ў Аўстрыі, і гэта, несумненна, была яго выпакутаваная перамога, бо ён падзяляў ўсе цяжкасці ваеннага жыцця з байцамі, гатовы быў аддаць жыццё за родную зямлю. У 1945 годзе Івана Ігнацьевіча параніла асколкам, які трапіў у калена, і толькі ў 2009 годзе яму дасталі гэты след вайны. Пра гэта ён кажа: “Бог мяне ахоўваў!”
Скончылася вайна, і ў хуткім часе Іван Ігнацьевіч сустрэў сваю будучую жонку Вольгу. Жылі яны, як кажуць, доўга і шчасліва, у любові і вернасці, пражылі разам амаль паўстагоддзя! Жонка Івана Ігнацьевіча памерла, дзяцей у сям’і не было. З акна яго дома відаць могілкі з магілай каханай жонкі.
У вёсцы, дзе так ціха і бязлюдна, заўсёды шмат заняткаў: агарод, гаспадарка, нават скандынаўская хадзьба для падтрымання фізічных сіл. Не забываў ён і пра шыццё, захапляўся фатаграфіяй, летапісам. І заўсёды чым мог дапамагаў аднавяскоўцам.
Больш падрабязна хочацца расказаць пра фотаздымкі і летапіс. Навучыцца фатаграфаваць Іван Ігнацьевіч марыў яшчэ з дзяцінства. Пасля вайны і пачаў гэтым займацца. Здымаў на плёнку родны край, знаёмых людзей. Здымкі распавядаюць пра любоў да сваёй зямлі, аднавяскоўцаў. Адначасова з гэтым пісаў летапіс вёскі Нянькава. Хто калі прыехаў, з’ехаў, хто тут нарадзіўся, чым займаўся, чым быў адметны – пра ўсё, што адбывалася ў розны час у вёсцы. Менавіта дзякуючы Івану Ігнацьевічу захаваліся ўсе дадзеныя пра жыхароў гэтай мясцовасці. Аднак у апошні час падзей у вёсцы станавілася нашмат менш – старажылы паміралі, а моладзь імкнулася ў горад.
На здымках і ў летапісе згадваецца і царква святых апосталаў Пятра і Паўла, якая некалі стаяла ў вёсцы. Паказаны і часы богаборніцтва, калі, на вялікі жаль, царквы не стала. Яшчэ з дзяцінства, нягледзячы на тое, што гэта не віталася ўладамі, бацькі прывілі Івану Ігнацьевічу веру ў Бога. І ён гэтую веру пранёс праз усё сваё жыццё. Яна дапамагла яму выжыць у гады ліхалецця і цяжкія пасляваенныя гады. Ён успамінаў, што ў сям’і заўсёды выконваліся царкоўныя звычаі, адзначаліся рэлігійныя святы.
Вера ў Бога, людзей, добры настрой, любоў да людзей – вось рэцэпт яго даўгалецця. Аднак не забываў ветэран успамінаць і сваіх бацькоў, кажучы, што тут важныя і гены: яго мама пражыла цэлых 102 гады!
За сваё жыццё Іван Ігнацьевіч зрабіў шмат добрых спраў, дапамагаючы людзям. Гады бяруць сваё, родная вёска апусцела і прыйшлося пераехаць у дом кругласутачнага знаходжання для пажылых грамадзян у Навагрудак, дзе мы яго наведваем.
Іван Ігнацьевіч не маркоціцца, усім рады, кажа, што планаў у яго шмат, толькі б Бог даў магчымасць прачынацца кожную раніцу. І сапраўды, ён жыве, радуючыся кожнаму новаму дню і не прапускае магчымасці падтрымаць добрым словам тых, хто побач, распавесці пра цікавае і карыснае са свайго доўгага жыцця. А самае галоўнае – падае прыклад мужнасці і сілы духу, кажучы, што старасць – не падстава сумаваць, а нагода дзякаваць за ўсё Богу. І я здзіўляюся гэтаму выдатнаму чалавеку!
Калісьці пра вёску Нянькава мала хто ведаў. Цяпер яна лічыцца неперспектыўнай. А Івану Ігнацьевічу ўдалося немагчымае – вёска Нянькава ажыла дзякуючы выдатнай выставе фотаработ І.І.Камара, арганізаванай Нацыянальным гістарычным музеем да яго 100-гадовага юбілею. На фотаздымках адлюстраваны аднавяскоўцы, вёска і месцы, якіх ужо няма.
Размаўляючы з Іванам Ігнацьевічам, я зразумела, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца. Жыццё Івана Ігнацьевіча Камара – яскравы таму прыклад. Просты чалавек, сціплы, здавалася б, непрыкметны, а колькі вакол яго заўсёды было дабра! Так, напэўна, бывае, калі чалавек жыве не толькі для сябе, але і для іншых.
Гэта знаёмства дапамагае мне вучыцца любові да сваёй малой радзімы, да блізкіх, а таксама пазітыўнаму стаўленню да жыцця, добраму настрою.
Вельмі шкада, што ў 100-гадовы юбілей Івана Ігнацьевіча мы не змаглі з ім сустрэцца. Але я вельмі спадзяюся, што гэтая сустрэча абавязкова адбудзецца! Я рада, што цяпер і вы пазнаёміліся з гэтым звычайным і незвычайным адначасова чалавекам.