Вольга СТУЛЬСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ясляў-сада № 52 Гродна
Узаемадзеянне бацькоў са школьнай установай, на наш погляд, можна і трэба сёння вырашаць з дапамогай выкарыстання інфармацыйна-камунікатыўнай прасторы.
Намі былі вывучаны многія віртуальныя платформы і сацыяльныя сеткі. Мы шырока выкарыстоўваем сайты устаноў адукацыі, але эмпірычным шляхам вылучылі больш аптымальныя фарматы зносін з сем’ямі выхаванцаў. Гэта віртуальныя пляцоўкі skype, zoom і viber, а таксама сацыяльная сетка iнстаграм.
Выкарыстанне віртуальных пляцовак ва ўзаемадзеянні з сям’ёй мае значныя перавагі. Гэта, напрыклад, магчымасць прымянення індывідуальнага падыходу да кожнага з бацькоў, роўна як і магчымасць групавых формаў работы з імі. Тут бацькi могуць атрымаць індывідуальную кансультацыю па розных пытаннях, якую могуць правесці адміністрацыя ўстановы, выхавальнік дашкольнай адукацыі і ўсе спецыялісты (настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг, кіраўнік фізічнага выхавання, музычны кіраўнік). Бацькi могуць задаць пытанне ў дырэкт, звязацца па відэазванку або напісаць паведамленне на акаунт установы ў skype. Можна арганізаваць зносіны сярод бацькоў і выхавальнікаў дашкольнай адукацыі кожнай з груп.
З дапамогай віртуальных пляцовак мы можам як аператыўна даводзіць інфармацыю да бацькоў (актуальныя навіны з жыцця ўстановы, трансляцыя дасягненняў і вопыту сям’і і калектыву), так і аператыўна атрымліваць зваротную сувязь ад іх (з дапамогай каментарыяў і прапаноў).
Мы можам трансляваць вопыт і сістэму працы ўстановы ў аўдыё-, відэа-, фотафарматах, уключаючы фрагменты гульняў-заняткаў, музычных і спартыўных забаў і іншых рэжымных момантаў. Працэс і вынікі нашай працы заўсёды наглядныя для бацькоў, стымулююць ў іх зацікаўленасць жыццём установы, поспехамі дзяцей. Некаторыя з іх адзначаюць, што прапанаваныя матэрыялы выкарыстоўваюць для сямейнага архіву.
Віртуальныя пляцоўкі дазваляюць уключаць бацькоў у адукацыйны і выхаваўчы працэс дашкольнай установы праз правядзенне розных інтэрнэт-конкурсаў, чэленджаў, анлайн-выстаў сумесна з дзецьмі. Напрыклад, інтэрнэт-фотаконкурс, прысвечаны Дню сям’і, дзе бацькі актыўна дзяліліся здымкамi на тэмы “Сямейныя традыцыі”, “Мы за здаровы лад жыцця”, “Наша дружная сям’я”.
Мы прыйшлі да адзінага меркавання пра неабходнасць распрацоўкі і ўкаранення сістэмы анлайн-канферэнцый і анлайн-кансультацый для актыўнага ўключэння бацькоў у жыццё дашкольнай установы. Для бацькоў не складае цяжкасцi прайсці па прапанаванай ім спасылцы для ўдзелу ў анлайн-канферэнцыі або кансультацыі. У нас ёсць вопыт правядзення бацькоўскага сходу ў фармаце анлайн-канферэнцыі. Ператварыць бацькоўскі сход з сумнага і строгага мерапрыемства ў цікавае дапамагло прымяненне элементаў праграм па кіраванні выдаленымі камандамі. Мы маем магчымасць прымяняць у дыстанцыйным фармаце як традыцыйныя методыкі працы з групай, так і нетрадыцыйныя: гутаркі, лекцыі з прымяненнем прэзентацый, відэа, тэксту, творчага задання.
Гэты від узаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў дазваляе без візуальнага кантакту пракансультаваць бацькоў, адказаць на пытанні, якія іх цікавяць, даслаць заданні для самастойнай працы з дзецьмi і г. д.
Разам з тым у нас узнікалі і праблемы пры ўкараненні новых форм узаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў. Не ўсе бацькі, на жаль, адразу былі гатовыя ўключыцца ў працэс зносін такім чынам, але паступова колькасць зацікаўленых стала значна большай.
Наш вопыт паказаў, што ў выніку прымянення магчымасцей інфармацыйна-камунікатыўнай прасторы ва ўзаемадзеянні з сям’ёй змянілася пазіцыя бацькоў, яна стала больш гiбкай і актыўнай. Цяпер яны не гледачы і назіральнікі, а актыўныя ўдзельнікі жыцця свайго дзіцяці. Ці не гэта адна з задач установы адукацыі – уключыць бацькоў у працэс выхавання і адукацыі дзіцяці? Такія змены дазваляюць нам гаварыць пра эфектыўнасць выкарыстання сучасных форм у рабоце з бацькамі.