«Я і мае справы. У краме». Беларуская мова, 1 клас

- 21:14Методичка, Начальная школа. Сценарии

 

Ірына МІСАН,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 26 Гродна

 

 

Прадмет: Беларуская мова

Клас: 1

Тэма ўрока: “Я і мае справы. У краме” № 16

 

Мэты:

  • стварыць умовы для фарміравання навыкаў беларускага вымаўлення;
  • пазнаёміць са словамі і выразамі па тэме;
  • фарміраваць уменне асэнсавана ўспрымаць беларускую мову на слых;
  • выпрацоўваць навык чытання на беларускай мове;
  • вучыць адказваць на пытанне, карыстаючыся словамі самога пытання, правільна і дакладна ўжываць словы пры канструяванні сказаў па ўзоры;
  • выхоўваць культуру маўленчых паводзін у грамадскіх месцах, пры рабоце
    ў групе;
  • замацаваць атрыманыя веды ў моўнай практыцы (верш, скорагаворка, інсцэніроўка) у канцы ўрока .

 

Вучэбна-метадычнае забеспячэнне: падручнік (Мінск, “Нацыянальны інстытут адукацыі”, 2017); словы і сказы для чытання, запісаныя на дошцы; малюнак “У краме”; малюнкі   хата, рэчка, дарога, авечкі, школа (у якасці апоры пры вывучэнні верша на памяць); малюнкі для работы ў групах па тэмах “Адзенне”, “Агародніна”, “Мэбля”, “Школьныя прылады”, “Посуд”, “Цацкі”; словы-назвы магазінаў.

 

Ход урока


I. Арганізацыйны момант

     – Як жывеце, мае дзеці? Вось так!
     – Як вы спалі, мае дзеці? Вось так!
     – Як смяюцца мае дзеці? Вось так!
     – Як вы крочылі ў школу? Вось так!
     – Як вучыцца будзем, дзеці? Вось так!

 

II. Маўленчая размінка

     Вымаўленне хорам за настаўнікам:
Рэ-рэ-рэ – рэчка. Ро-ро-ро – дарога. Га-га-га – многа.

     – Я ведаю, што вам падабаецца беларуская мова, і прапаную вывучыць верш. Дапамажыце мне расказаць верш. Я пачынаю, а вы падоўжыце, называючы толькі адно слова. Вам дапамогуць малюнкі (на дошцы малюнкі: хата, рэчка, авечкі, дарога, школа + Мікола).

     За хатаю … (рэчка),
     Дзе пасуцца … (авечкі).
     За рэчкай … (дарога),
     Дзе шуму … (многа).
     За дарогай …. (школа),
     Дзе вучыцца … (Мікола). А. Бадак

     Дзеці называюць прапушчаныя словы разам. Прапаную расказаць верш усім разам, па аднаму вучню. Крытэрый ацэнкі: правільнае вымаўленне гукаў і слоў.

 

Маўленчае практыкаванне

     – Разам з Міколам у школе вучыцца многа дзетак. Настаўніца называе іх ласкава так: Ірына – Ірынка. Кідаю мячык, вучні называюць свае імёны ласкава.

     Максім – …. Максімка                   Андрэй – … Андрэйка
     Аня – … Анечка                               Арцём – … Арцёмка
     Маша – Машанька і г.д.

 

III. Пастаноўка задач урока

     – Паслухайце размову Міколы са сваёй маленькай сястрычкай.

Тэатралізацыя верша загадзя падрыхтаванымі вучнямі або па жаданню вучняў.

  • Ты чаго такі вясёлы?
  • А таму, што заўтра ў школу.
  • Што ты будзеш там рабіць?
  • Што рабіць? Вучыцца.
    Каб маглі мной мама з татам ганарыцца. А. Бадак

     – Як вы будзеце працаваць на ўроку, каб усе маглі вамі ганарыцца?

Адказы дзяцей: дружна, старанна, ціха, хутка.

     – Што будзе рабіць хлопчык Міколка на ўроку беларускай мовы і мы разам з ім? Адказы дзяцей: чытаць, адказваць на пытанні, вучыць новыя словы, слухаць казку…

 

IV. Вызначэнне тэмы ўрока.

Лексічны матэрыял (словы запісаны на дошцы):

     чэк                       грошы                        пакупкі               

     каса                     плата                          пакупнік             

     кошык                 здача                         прадавец

     каляска               рэшта                       грошы                                   

     Па маіх падказках здагадайцеся, што гэта за месца. Адкрываю дошку, чытаю словы.

Адказы дзяцей: магазін. Па-другому – крама. Тэма ўрока – “Мае справы. У краме”. (Вывешваю на дошку малюнак “У краме”.) Два словы МАГАЗІН, КРАМА маюць адно значэнне.

 

V. Навучанне чытанню. Лексічная работа.

     1) Словы на дошцы спачатку чытаем хорам па крузе (кожны раз пачынаючы з першага слова), потым асабіста ланцужком. Затым прапаную прачытаць словы з гукам [г], з гукам [р], з гукам [ч].

     2) Паказваю слова і пытаю:

     прадавец – Гэта кветка? А хто?
     пакупнік – Гэта посуд? А хто?
     каляска – Гэта цацка? Навошта ў магазіне каляска, кошык?

     3) Гульня “Скончы сказ”.

     – Хто з вас ужо сам хадзіў у магазін па пакупкі? Я думаю, што вы ведаеце, як паводзіць сябе ў магазіне, і дапаможаце мне скончыць сказы.

     – Я іду ў краму па … (пакупкі).
     – Каб увайсці ў аддзел, трэба ўзяць … (кошык, каляску).
     – Я плачу за пакупкі ў … (касу).
     – Я даю касіру … (грошы).
     – Прадавец дае мне … (чэк, здачу, рэшту).
     – Я кажу прадаўцу … (дзякуй).

     Знайдзіце пару слоў з адным значэннем. (здача, рэшта) Тлумачэнне іх значэння. Прапаную дзецям паказаць і назваць прадметы на малюнку “У краме” (на дошцы).

 

VI. Актуалізацыя маўлення.

Загадка:                
     Маленькі шарык пад лаўкай шарыць.
     Збірае крошкі, баіцца кошкі. (Мыш.)

Скорагаворка:
     Вырашыла мышка гандляваць, стала свой тавар прапанаваць.

     – Хто мышка па прафесіі? Як здагадаліся? Якія словы вам незнаёмыя? Вучым скорагаворку на памяць.

     Каб гандляваць, трэба быць вельмі ўважлівым. Праверым, наколькі ўважлівыя першакласнікі.

 

Фізкультхвілінка “Рабі так, як я гавару”: настаўнік дае каманду для выконвання рухаў або просіць датыкнуцца да названай часткі цела, адначасова паказвае наадварот. Вучні павінны зрабіць не так, як паказвае настаўнік, а як ён гаворыць.

     Рукі ўбокі, рукі ўніз, рукі ўверх, вуха, нос, валасы, твар, калена і г. д.

 

     Мышка вырашыла заняцца бізнесам і просіць у нас дапамогі.

     – Што значыць “займацца бізнесам”?

     – Што у мяне ў руках? (Паказваю лісток-аб’яву, якія звычайна мацуюцца на дошцы аб’яў каля увахода ў пад’езд.)

     – Хто з вас бачыў такія аб’явы? Дзе?

      – Для чаго людзі пішуць аб’явы? Дзе яшчэ можна прачытаць яб’яву? (у газеце)

     Мышка хоча адчыніць свой магазін. Ці правільна яна напісала аб’яву?

     На дошцы запіс:

     Запрашаем вас па …  .  (пакупкі)
     Мы  …   вам купіць … (прапануем)

     Чытаю запіс. Дзеці заўважаюць прапушчаныя словы і вусна ўзнаўляюць іх.

 

Гульня “Магазін”. Праца ў групах. Вучням прапануецца раскласці малюнкі-тавары на паліцы сваіх магазінаў, успомніць назвы тавараў на беларускай мове, знайсці лішнія тавары. Выбраць загадчыка магазіна і зрабіць рэкламу сваёй крамы. Каб мышка магла адкрыць магазін, “камісія” – слухачы астатніх груп – ацэньвае работу групы па крытэрыях: назваць тавары на беларускай мове, правільна вымавіць гукі ў словах. Слухачы адгадваюць назву магазіна “Адзенне”, “Мэбля”, “Посуд”, “Школьныя прылады”, “Садавіна”; ацэньваюць работу групы і прымаюць рашэнне аб адкрыцці магазіна. Пры ўмове правільнага выканання задання назва магазіна вывешваецца на дошку.

 

Фізкультхвілінка.

     Мае ручкі чараўніцы,
     Мае ручкі працаўніцы.
     Ручкі кубачак памылі,
     Ручкі лялек накармілі,
     Ручкі кветкі палілі
     І падлогу падмялі.
     Ох, стаміліся, змарыліся!
     Ляглі на падушку
     Да мяне пад вушка.

 

VII. Аўдзіраванне

Падрыхтоўка да слухання казкі. Работа па падручніку с. 35.

     Паслухаем тэкст, які называецца “Мышка Піп-Пік займаецца бізнесам”

     – Разгледзьце малюнкі, назавіце персанажаў – жывёл, персанажаў – членаў сям’і. Што павесіла мышка на слуп? (аб’яву). Паслухайце казку і скажыце, які бізнес прыдумала мышка Пік-Пік?

Слуханне тэксту “Мышка Пік-Пік займаецца бізнесам”.

Гутарка па змесце казкі. Гульня “Так ці не”. Дзецям прапануецца адказаць правільна.

     – Мышка любіла перад сном пагуляць… (пачытаць газеты).

     – Яе цікавілі казкі… (рэкламныя аб’явы).

     – Мышка вырашыла заняцца вучобай… (бізнесам).

     – Хто з герояў казкі паступіў дрэнна?

     – Чаму тата сказаў, што гэта не бізнес, а подлая справа?

     – Як мышка выправіла свой дрэнны ўчынак?

     – Аб чым марыла мышка? Ці ведае яна правілы здаровага харчавання?

     – Што б вы параілі есці мышцы замест шакалада?

Актывізацыя маўлення. Прапаную навучыць мышку быць ветлівым пакупніком.

     Давайце праінсцэніруем размову з касірам. (Выклікаюцца вучні на ролі касіра, пакупніка. Разыгрываецца дыялог.)

     Пакупнік: Дайце мне, калі ласка, фарбы.
     Прадавец: З вас 2 рублі.
     Пакупнік: Вазьміце, калі ласка, грошы.
     Прадавец: Ваш чэк. Дзякуй за пакупку!

 

VIII. Вынік урока. Рэфлексія.

     Я ведаю …  Я магу …  Я ўмею … А яшчэ я хачу …

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий