Расказы пра лета як сродак адаптацыі малодшых школьнікаў пасля летніх канікул

- 7:28Методичка, Начальная школа. Внеклассная работа

(з вопыта работы настаўніка пачатковых класаў)

 

Прайшло лета, а з ім і летнія канікулы. Колькі адкрыццяў і новых знаёмстваў адбылося ў дзяцей! Сваімі ўражаннямі ад адпачынку вучні дзеляцца ў школе і па-за школай. Такія ўспаміны узмацняюць міжасобасныя адносіны, спрыяюць усталяванню добразычлівага клімату, канструктыўных зносін.

Мае другакласнікі сумесна з бацькамі падрыхтавалі фотасправаздачы “Летнія сцяжынкі”, у якіх можна вылучыць наступныя напрамкі: “Умацоўваем здароўе”, “Шануем прыроду”, “Вывучаем родны край”, “Дапамагаем”, “Захапляемся адкрыццямі”.

Як класны кіраўнік адчуваю адказнасць за стварэнне ўмоў, сумесна з бацькамі, для развіцця асобы вучняў. Толькі нашымі агульнымі намаганнямі магчыма фарміраванне ў падрастаючага пакалення маральных якасцей, якія становяцца патрэбнымі і радаснымі.

Прапаную да ўвагі ўрыўкі з работ вучняў.

Сафія Карасік: “Весела прайшло святкаванне Дня горада Ліды. Цудоўны настрой, рашучыя рыцарскія турніры і музыка на інструментах, якія зараз рэдка выкарыстоўваюцца. Я ўпершыню пачула валынку”.

Лізавета Махнач: “Мой любы горад Ліда! Ён чысты і прыгожы! Я ганаруся тым, што жыву тут!”

Ульяна Ярмак: “Гэтым летам я ўпершыню ўбачыла жывога вожыка, сям’ю лебедзяў, крата, назірала за жыццём слімакоў”.

Уладзіслаў Ігнаткевіч: “Вёска, у якой жыве мая бабуля, знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці, Лунінецкім раёне і называецца Цна. Такая ж і назва ракі, якая працякае ўздоўж вёскі. Па берагах ракі расце альховы гай. Як хораша разам з дарослымі пакупацца ў рэчцы і схавацца ад летняй спёкі ў гаі!”

Уладзіслаў Грамыка: “Я адпачываў у вёсцы Хадзюкі Лідскага раёна. У ёй знаходзіцца 50 дамоў, праз два кіламетры ад вёскі працякае рака Дзітва. За вёскай пачынаецца вялікі лес, у якім жывуць казулі. Бабры праз рэчку будуюць плаціну. Вёска Хадзюкі вабіць сваёй прыгажосцю і чысцінёй. Тут жывуць мае бабуля і дзядуля, а таксама прадзядуля Эдвард Міхайлавіч Хрышчановіч. Яму споўнілася 97 год”.

Ксенія Русялевіч у рамках праекта “Соль – звычайны цуд” падчас выпрабавання ўласцівасцей харчовай солі высвятляла, дзе яшчэ можна выкарыстоўваць гэтае рэчыва. Сафія Карасік падчас праекта “Салодкая грамата” даследавала не толькі смакавыя якасці цукерак, але і авалодвала граматай.

Фотакалажы дэманструюць, як дзеці ўмеюць весела жыць, тварыць, марыць, любіць прыроду, сябе як яе частку і людзей навокал. Свае вусныя аповеды пра адапчынак дзеці спалучаюць з дэманстрацыяй фотакалажаў. Увесь гэты фотаматэрыял не самамэта, а сродак для развіцця асобы вучняў.

Прапаную некалькі прыёмаў.

  1. Дзеці расказваюць пра летні адпачынак, затым ствараецца воблака слоў, у якім трэба назваць слова і вучня, якому адпавядае гэтае слова.
  2. Вучні становяцца ў круг, перадаюць мяч, пры гэтым называюць яркую падзею лета ці адным словам-прыметнікам апісваюць лета.
  3. Клас дзеліцца на каманды. Дзве каманды намагаюцца зразумець, хто з іх падманвае. Удзельнікі па чарзе апавядаюць неверагодныя факты летняга адпачынку. Якімі яны будуць праўдзівымі ці ілжывымі, рашае сам удзельнік. Задача каманды сапернікаў зразумець, праўда гэта ці падман. Можна задаваць удакладняючыя пытанні. Калі каманда ўзгадвае верна, то атрымоўвае ачко. Калі правільна адгадаць не ўдалося, ачко дастаецца сапернікам.
  4. На картках дзеці запісваюць асобныя словы, звязаныя з адпачынкам, затым складваюць іх у асобную скрыню, перамешваюць і па чарзе дастаюць, чытаюць слова і называюць таго вучня, хто напісаў яго.
  5. Вучні разбіваюцца на пары ці групы і разам ствараюць коміксы пра адпачынк. Затым распазнаюцца рэальныя героі коміксаў.
  6. Гульня “Ветрык”. Вучні ўтвараюць круг, у цэнтры якога стаіць 2–3 крэслы і вядучы. Вядучы прамаўляе: “Ветрык дзьме на тых, хто… (называецца нейкі летні занятак, напрыклад, лавіў у рэчцы рыбу)”. Пасля слоў вядучага дзеці, да якіх адносяцца словы, павінны заняць месца на крэслах. Той, каму не дасталася месца, становіцца вядучым.

Такая дзейнасць дапамагае палепшыць узаемаадносіны паміж дзецьмі, павышае асабістую значнасць дзіцяці, развівае ўсе грані яго асобы – эстэтычную, фізічную, духоўную, працоўную, інтэлектуальную, выхоўвае пачуццё любові да малой радзімы.

Людміла АРЛАШЫНА,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы № 15 Ліды

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий