Лёс зямлі маёй праз слова

- 17:22МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

 

 

Слова… Святло… Жыццё… А ўсё разам – вечнасць. Ад слова ішло святло, якое дало жыццё чалавечай думцы. А думка чалавечая ў вечнасці жыве… У вечнасці і нязрушанасці слова яшчэ раз пераканаліся і ўдзельнікі, і госці свята ў гасцінных Бялынічах – XXVII Дня беларускага пісьменства.

Ахутаны зелянінай і блакітам горад шчыра вітаў сяброў беларускага слова. Атмасфера свята адчувалася ўжо задоўга да галоўнага месца дзеяння. Музыка, спевы, танцы, шчырыя ўсмешкі панавалі паўсюль.

Галоўным вобразам свята стала кніга: новенькая, з прыемным шорахам перагорнутых старонак на паліцах выстаў-кнігарань; папяровая кніга-макет разнастайнага афармлення на доўгай пешаходнай вуліцы; кніга-сыр; кніга-сала… Ды ці можна пералічыць усю разнастайнасць кніг, прадстаўленых на свяце вачам людзей!

Мне і маёй сям’і пашчасціла прыгожым вераснёўскім дзяньком акунуцца ў атмасферу свята, добразычлівасці, якія панавалі ў Бялынічах на Дні беларускага пісьменства; пабачыць, як раней выраблялі паперу, манеты, металічныя рэчы. Пашчасціла палюбавацца на працу таленавітых працоўных рук чалавека, якія (мяркуючы па цудоўных захапляльных выставах) могуць зрабіць усё: і саломку апрацаваць, і гліну ўлагодзіць, і дрэва прымусіць заспяваць, і метал ператварыць у тонкі выраб, і казку перанесці ў жыццё.

Любуючыся працай чалавечых рук, мы міжвольна трапілі, быццам на машыне часу, у розныя перыяды гісторыі Беларусі, дзякуючы гаваркім экспазіцыям прапусцілі праз сябе многія перыяды жыцця беларусаў. Святочны канцэрт раскрыў вачам прысутных талент беларуса-музыкі, беларуса-спевака, беларуса-танцора, беларуса-літаратара, беларуса-чытальніка. Перад вачамі паўстала гісторыя зямлі беларускай, увасобленая ў слове Льва Сапегі, Уладзіміра Караткевіча, сучасных майстроў сцэны.

Пакідалі гасцінныя Бялынічы з упэўненасцю, што наступны Дзень беларускага пісьменства ў Капылі абавязкова сустрэнем разам з тымі, хто неабыякавы да шчырага беларускага слова, хто нясе святло гэтага слова ў вечнасць, памятаючы Скарынава вучэнне – “у кнізе ўсёй прыроджанай мудрасці пачатак і канец”.

Слова… Святло… Жыццё… А ўсё разам – вечнасць…

Вольга ЛУНЬКОВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 45 Магілёва

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий