Раніца была дажджлівай і пахмурнай. Сонечныя прамяні ледзь-ледзь прабіваліся скрозь тоўшчу шызых хмар, толькі на імгненне асвятляючы зямлю, якая знаходзілася нібы ў дрымоце. Спяшаліся кудысьці адзінокія пешаходы, адгароджаныя адзін ад аднаго купаламі парасонаў. І нават паток машын на шашы нязвыкла зменшыў хуткасць руху. Цьмяным святлом фар раздзіраючы заслону дажджу, ён быццам паддаўся ўсеагульнаму маркотнаму настрою.
Час быў ранні, але Ларысе Фёдараўне не спалася. Раз-пораз пазіраючы ў акно бальнічнай палаты, яна не магла пазбавіцца ад незразумелай тугі, што нахабнай кватаранткай пасялілася ў яе сэрцы. Можа, баялася яно, неразумнае, маючай адбыцца аперацыі, можа, проста адбівалася дрэннае самаадчуванне, а толькі хваляванне не пакідала жанчыну.
Кроплі бесперапыннага дажджу гучна разбіваліся аб шкло, спаўзалі ўніз струменьчыкамі слёз і нават не звярталі ўвагі на надыходзячы ўжо апоўдзень. Здавалася, што канца-краю не будзе гэтаму прыроднаму плачу.
Нечакана ў палаце з’явілася новая пацыентка. Маладая дзяўчына прайшла да названага медсястрой ложка, кінула на яго свой заплечнік і азірнулася вакол. Спрабуючы адлюстраваць усмешку, яна лягла на ложак, адвярнуўшыся ад знемагаўшых ад цікаўнасці жанчын.
Прайшоў час, а загадкавая дзяўчына так і ляжала спіной да суседак па палаце, панура ўткнуўшыся ў мабільны тэлефон. Вясёлая маладая гаварушка Каця, што ляжала побач, нарэшце не вытрымала.
– Я – Каця. А цябе як завуць? – прашчабятала яна, але адказам ёй паслужыла толькі маўклівая цішыня. – Хм… Не хочаш знаёміцца, ну і не трэба, – паціснула яна плячыма, шматзначна пераглянуўшыся з іншымі жанчынамі.
Мікітаўна, бойкая яшчэ бабуля, якая адрознівалася прагай да зносін, тут жа падсела да незнаёмкі.
– Ты чаго, дзетка, не размаўляеш з намі, ці мы пакрыўдзілі цябе чым? – кранула яна дзяўчыну за плячо. Але тая толькі ўзнагародзіла яе мімалётным поглядам, так ні слова і не сказаўшы.
– Бач ты, ганарліўка. Фіфа якая знайшлася, ты паглядзі, – залямантавала Мікітаўна, якую адразу падтрымаў гул згодных галасоў.
Толькі Ларыса Фёдараўна глядзела на дзіўную дзяўчыну са спачуваннем, бо хто ведае, чаму яна маўчыць. Раптам дыягназ цяжкі ці яшчэ якое гора здарылася з чалавекам, – разважала яна пра сябе.
Нават медсёстры праводзілі медыцынскія працэдуры з дзяўчынай, не кажучы ні слова. Жэстамі паказвалі ёй, што рабіць і куды ісці. А ляжаўшыя ў палаце жанчыны дэманстратыўна пачалі ігнараваць яе, называючы не інакш, як ганарліўкай.
Усё расставіў на свае месцы выпадак. У палаце панаваў пасляабедзенны сон, цішыню якога нішто не парушала, як раптам гучныя незразумелыя воклічы парушылі ўсталяваны спакой. Гэта незнаёмка эмацыйна спрабавала нешта растлумачыць чалавеку на другім канцы мабільнай сувязі. Аднак намаганні не прыносілі ніякага выніку, ды і жанчыны-суседкі адразу не на жарт раззлаваліся на дзяўчыну.
– Ты чаго крычыш як ненармальная? Га? – накінулася на яе бабка Мікітаўна.
– У яе прыпадак, напэўна, медсястру клічце, – захіхікала тараторка Кацька.
– Ну што маўчыш, горла драць дык ўмееш, – не адставала Мікітаўна. Але дзяўчына толькі няўцямна, з поўнымі слёз вачыма, глядзела вакол: на перакошаны ад злосці твар старой, на насмешніцу Кацьку, на абыякавасць астатніх жанчын.
– Ну што вы накінуліся на бедную дзяўчынку, можа праблемы ў яе якія, – заступілася за незнаёмку Ларыса Фёдараўна. Яна абняла дзяўчыну за напружаныя плечы, але тая толькі адкінула руку, і струмені слёз патокам пабеглі па яе шчоках.
У палату зайшла медсястра.
– Што здарылася? – кіўнула яна ў бок галасіўшай дзяўчыны.
– Ды прыпадачная яна нейкая, – зноў хіхікнула Кацька. – То крычыць, то плача.
– Вы прыгледзьцеся да яе лепей, можа, у псiхiятрычнае чалавека варта адправіць, – падтакнула жанчына з крайняга ложка.
– З псіхікай ў яе ўсё ў парадку. І вы, калі ласка, не крыўдзіце яе, глуханямая яна, – строга адказала медсястра і выйшла.
– Глуханямая, – працягнула старая Мікітаўна. – А я ж усё думаю, што гэта яна дзіўная такая…
– Ненармальная яна, а не дзіўная, – сказала, як плюнула грэбліва, Кацька.
Адна Ларыса Фёдараўна, ні слова не кажучы, працягвала суцяшаць дзяўчыну. Неўзабаве яе плач спыніўся, плечы ўжо не ўздрыгвалі, дыханне супакоілася, і яна нават заклацала зноў нешта на сваім тэлефоне. Злавіўшы нечакана руку жанчыны, яна сунула ў яе старэнькі мабільны. Ларыса Фёдараўна не разумеючы глядзела на дзяўчыну, але тая толькі ківала галавой, паказваючы на трубку. Паціснуўшы плячыма, Ларыса Фёдараўна зірнула на тэлефон. Там, на экране, высвеціўся надпіс: “Дзякуй вам, да мяне ніхто яшчэ так не ставіўся”.
Сэрца пажылой жанчыны ўздрыгнула, значыць, не ў цацкі мабільныя яна гуляла, а эсэмэскі пісала блізкім.
– Як цябе завуць? – напісала Ларыса Фёдараўна на аркушы паперы, што знайшоўся ў сумцы.
– Жэня… – ледзь разборліва чыркнуў аловак, а Ларысе Фёдараўне здалося, быццам яна пачула нясмелы голас дзяўчыны.
Аказалася, што ў вялікім горадзе Жэня адна разам з маленькім сынам вядзе сапраўдную барацьбу за выжыванне.
– Я не перажываю, – пісала Жэня. – Мая бяда не самая страшная… Абыякавасць людзей адзін да аднаго куды горш.
– Калі вушы чуюць, а душа да чужой бяды глухой застаецца, – падумала тады Ларыса Фёдараўна, і яе сэрца сціснулася ад думкі, як часта такое адбываецца.
…Зусім непрыкметна падкраўся дзень выпіскі з бальніцы. Жэня плакала, развітваючыся, ды і Ларыса Фёдараўна не ўтрымалася ад скупой слязы. Жанчыну адольвала трывога. Як там гэтая дзяўчынка застанецца адна? Ужо на шляху дадому яна разгарнула кавалак паперы, які Жэня на развітанне паклала ёй у руку. Там быў напісаны ўсяго адзін радок, які прымусіў жанчыну спакойна ўсміхнуцца.
– Я моцная, я спраўлюся… – абвяшчалі тыя словы.