Таццяна ФІЛІПОВІЧ,
педагог-псіхолаг
ясляў-сада № 9 Ваўкавыска
З гэтым відам адоранасці я як педагог-псіхолаг працую з дашкольнікамі ўжо на працягу 20 гадоў. Гульні-заняткі для дзяцей з прыкметамі інтэлектуальнай адоранасці праводжу адзін раз на тыдзень. Узрост дзяцей звычайна складае 5–7 гадоў, часам у групу трапляе дзіця 4 гадоў.
Дзеці з задавальненнем выконваюць заданні інтэлектуальнага плана з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі: “Прайдзі лабірынт”, “Збяры разрэзаную карцінку”, “Знайдзі такі ж прадмет”, “Згрупуй прадметы”, “Даміно” і інш. Адным з любімых заданняў стала рашэнне разнастайных задач, праблем і сітуацый – дзеці па чарзе прыдумляюць сваю задачу і задаюць прысутным, выслухоўваюць адказы, і ўсе разам вызначаюць, які адказ можа быць правільным або нестандартным. Для ўдасканалення памяці дашкалят ужываю такія гульні і практыкаванні, як “Запомні малюнкі і назаві іх”, “Запомні і расстаў кропкі па месцах”, “Паўтары сказ”, “Паўтары словы і назаві сваё”, з кожным разам ўскладняючы заданні.
Калі ў занятак ўключаюцца гульні, у якіх неабходна праявіць пачуцці, паказаць эмоцыі, напрыклад, пахваліць каго-небудзь ці сказаць прыемныя словы (гульня “Камплімент”), то дзеці становяцца скаванымі, “замарожанымі”. У такіх выпадках мэта развіваць пазнавальную сферу і актыўнасць пераплятаецца з не менш важнай – навучыць дзяцей расслабляцца і здымаць эмацыянальнае напружанне. Для гэтага ў кожны занятак абавязкова ўключаю эцюды М.І.Чысцяковай, напрыклад, дзіця падымае “цяжкую штангу”, затым кідае яе, максімальна расслабляючыся, адпачывае (эцюд “Штанга”). Для зняцця эмацыянальнага напружання, падтрымання станоўчага настрою выкарыстоўваю рознакаляровыя клубкі нітак. У адной руцэ дзіця трымае клубок, а ў другой руцэ – нітку, хвосцік клубка. Затым усе адначасова падкідваюць клубок уверх і крычаць: “Ура”, трымаючы хвосцік ніткі ў руцэ. Пасля кожнае дзіця збірае свой клубок (практыкаванне “Рознакаляровы салют”).
Для таго каб бліжэй пазнаёміць бацькоў з тым, чым мы займаемся, і зацікавіць іх, у канцы кожнага занятка прашу дзяцей, каб яны дома з бацькамі пагулялі ў адну з гульняў, вырашылі праблему (напрыклад, выратавалі Чырвоны Капялюшык, Калабка) або прыдумалі задачу. Гэта не носіць характар хатняга задання і неабавязкова для выканання. Аднак на наступным занятку некаторыя дзеці з задавальненнем распавядаюць пра тое, як гулялі і займаліся з бацькамі дома.