(да 90-годдзя з дня нараджэння У.Караткевіча)
Таццяна ЯРЭМІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Субацкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці
Мэта: садзейнічаць пашырэнню ведаў вучняў пра жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча, развіццю творчага патэнцыялу вучняў, выхаванню ў іх цікавасці да асобы пісьменніка і яго твораў, павагі да беларускага народа, беларускай культуры і мовы, пачуцця нацыянальнай годнасці.
Абсталяванне: прэзентацыя, выстава кніг з творамі пісьменніка, ілюстрацыі да казак, “таямнічая скрыня”, крыжаванка, крыптаграма, буктрэйлер “Дзікае паляванне караля Стаха”.
Удзельнікі: дзве зборныя каманды вучняў 5–11 класаў, гледачы.
План гульні
І Уступнае слова настаўніка
ІІ Прагляд прэзентацыі
ІІІ Конкурсы:
1 Прывітанне каманд.
2 Размінка.
3 “Найлепшы знаўца казак У.Караткевіча”.
4 Конкурс капітанаў (“Таямнічая скрыня”).
5 Літаратурная галаваломка.
6 “Пазнай казку” (для гледачоў).
7 Літаратурная віктарына.
8 Рэклама (буктрэйлер “Дзікае паляванне караля Стаха”).
9 Крыптаграма “Запавет Уладзіміра Караткевіча”.
IV Падвядзенне вынікаў гульні
V Заключнае слова настаўніка
Ход гульні
Уступнае слова настаўніка. 26 лістапада 2020 годаўся беларуская грамадскасць будзе адзначаць 90-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча – беларускага паэта, празаіка, драматурга, сцэнарыста, класіка беларускай літаратуры; першага беларускага пісьменніка, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву. Асаблівая заслуга У.Караткевіча – у стварэнні гістарычнай прозы, у якой пісьменнік здолеў паказаць усім беларусам, што ў іх ёсць свая гісторыя.
Кожны, хто ведаў Уладзіміра Караткевіча, адчуваў, што жыццё пісьменніка і яго творчасць – непадзельнае цэлае. Сіла яго жыццёвай энергіі зараджала людзей аптымізмам, незвычайная эрудзіраванасць і прыродная высакароднасць заўсёды вабілі да яго, душа пісьменніка была адкрыта для ўсіх.
Найбліжэйшы сябар і саўдзельнік шматлікіх прыгод Рыгор Барадулін пісаў пра У.Караткевіча: “Ён быў для мяне ўзорам высокага інтэлекту і адукаванасці, веды ў яго былі невераемныя! Караткевіч быў недасягальнай велічынёй для мяне. Мне падабаўся ягоны размах”.
Прагляд прэзентацыі “Быў. Ёсць. Буду.”
Конкурсы. Настаўнік распавядае пра ўмовы гульні:
1 У праграме прадугледжаны конкурсы як для камандаў, так і для гледачоў.
2 Калі каманда не можа даць адказ на пытанне, яно перадаецца камандзе-суперніцы. Калі ж і яна не можа даць адказ, пытанне адрасуецца гледачам. За правільны адказ глядач атрымлівае жэтон.
3 Асобныя конкурсы прадугледжаны спецыяльна для гледачоў. Па іх выніках вызначаецца глядач,які атрымае ўзнагароду.
На сцэну запрашаюцца каманды. Настаўнік (вядучы) называе ўдзельнікаў гульні. Прадстаўленне журы.
Першы конкурс “Прывітанне” – ацэньваецца ў 3 балы. Журы каментуе першы конкурс, падводзіць вынікі.
Настаўнік: Наступны конкурс – “Размінка”. Ён дапаможа выявіць, наколькі каманды падрыхтаваныя да гульні. За кожны правільны адказ каманда атрымае 1 бал. Па ілюстрацыях вы павінны назваць казкі У.Караткевіча.
Камандам паказваюць па 3 ілюстрацыі:
“Лебядзіны скіт” “Вужыная каралева”
“Старая казка” “Верабей, сава і птушыны суд”
Журы абвяшчае вынікі другога конкурсу.
Настаўнік: Наступны конкурс “Найлепшы знаўца казак”. У.Караткевіч быў не толькі паэтам, пісьменнікам і драматургам, але і выдатным казачнікам. У сваіх казках ён быццам запрашае нас здзейсніць захапляючае падарожжа па нейкім цудоўным казачным свеце. А зараз паглядзім, як уважліва вы чыталі казкі У.Караткевіча.
Успомніце, з якіх твораў узяты дадзеныя ўрыўкі:
1) “У нейкім прыгожым краі, трошкі бліжэй сонца і трошкі далей месяца, у краі, багатым залатымі нівамі, празрыстымі рэкамі, сінімі азёрамі ды цёмнымі пушчамі… Словам, у тым краі, дзе мы з табою жывём, стаяла, а можа, і цяпер стаіць адна хата…” (“Чортаў скарб”)
2) “…Страшэнна цяжка, у голадзе і холадзе, жылі тыя дзікія людзі. Частыя былі неўраджаі, таму запасаў аніякіх не было і быць не магло. А ўродзіць некалькі гадоў запар – з’явяцца ворагі…” (“Нямоглы бацька”)
3) “…Паплакалі бацькі, ды рабіць нечага. Тое, што маці кветку ад яго, вужа, узяла – гэта яшчэ б паўбяды, ды дрэнна тое, што сама дачка вужынаму каралю абяцала і клятву давала. А клятвы трымацца трэба, хоць лопні, а зрабі…” (“Вужыная каралева”)
4) “…Дзеці не засынаюць. Тады пайшла кабета, назбірала на полі дробных каменьчыкаў (а іх было сапраўды як бобу), высыпала ў кацёл і паставіла на агонь. Настолькі бедная была хата, што і печкі няма…” (“Кацёл з каменьчыкамі”)
5) “…У тыя даўнія часы птушкі жылі такой самай дзяржавай, як і людзі. Ад дзяржавы той засталася толькі памяць, бо нішто не вечнае на свеце. Але некалі яна была. Былі там свае птушыныя аркестры, свае школы, свае птушыныя суды…” (“Верабей, сава і птушыны суд”)
6) “На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгарлаліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяціла праз яго сонца. Весела было жабкам – вось яны і спявалі…” (“Жабкі і чарапаха”)
Настаўнік звяртаецца да журы. Журы абвяшчае вынікі конкурсу.
Настаўнік: Цяпер вельмі адказны момант у нашай гульні – конкурс капітанаў. Мы праверым іх на кемлівасць. Здаўна вядома: лепшы сродак выхавання і праверкі кемлівасці – загадка. Такое выпрабаванне падрыхтавалі і мы для нашых капітанаў.
Абвяшчаецца конкурс “Таямнічая скрыня”. Капітаны падыходзяць да вядучага. Ён паведамляе, што можна атрымаць 3 балы пры ўмове правільнага адказу.
Настаўнік: Конкурс “Таямнічая скрыня”. У “таямнічай скрыні” ляжаць прадметы, звязаныя з творамі У.Караткевіча. Іх трэба адгадаць па апісанні і назваць твор пісьменніка.
1 Суквецце некаторых раслін, у якім кветкі размяшчаюцца ўздоўж канца сцябла. (Каласок – раман “Каласы пад сярпом тваім”).
2 Высокая гліняная пасудзіна, якая звужаецца ўверсе і мае звычайна ручку. (Гліняны збаночак – казка”Чортаў скарб”).
3 Жалезная дугападобная пласціна, якая засцерагае некаторых жывёл ад пашкоджання, а таксама для таго, каб пазбегнуць слізгацення. (Падкова – аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”).
4 Галінка вечназялёнага дрэва сямейства хваёвых. (Галінка яліны – аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”).
Журы абвяшчае вынікі конкурсу капітанаў.
Настаўнік: Наступны конкурс – “Літаратурная галаваломка”.
Вядучы паведамляе, што камандам раздаюцца карткі з літаратурнай галаваломкай. Пакуль каманды рашаюць яе, праводзіцца конкурс “Пазнай казку” ( для гледачоў).
Літаратурная галаваломка
1 Галоўны герой дэтэктыўнага рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”.
2 Жанр твора Уладзіміра Караткевіча ”Зямля пад белымі крыламі”.
3 Горад, у якім нарадзіўся У.Караткевіч.
4 Праграма на Беларускім тэлебачанні, прысвечаная гісторыі і культуры беларускай зямлі, якую вёў У.Караткевіч.
5 Род дзейнасці У.Караткевіча пасля заканчэння Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі.
6 Кампазітар, музыка якога гучыць у гістарычным фільме “Чорны замак Альшанскі”.
7 Кінастудыя,на якой быў зняты гістарычны фільм “Чорны замак Альшанскі”.
8 Жанр твора У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”.
9 Апавяданне У.Караткевіча, у якім узнята тэма абуджэння беларусаў і імкненне іх да праўды і асветы.
10 Аповесць-паэма Уладзіміра Караткевіча.
Адказы: 1 Косміч. 2 Нарыс. 3 Орша. 4 “Спадчына”. 5 Настаўнік. 6 Картэс. 7 “Беларусьфільм”. 8 Аповесць. 9 “Кніганошы”. 10 “Чазенія”.
Настаўнік: Конкурс “Пазнай казку” для гледачоў.
Героям якіх казак належаць гэтыя словы:
1) – Глядзі, бацька твой ужо вось-вось пачне кароткай касою ў місцы касіць. (Гнату, казка “Нямоглы бацька”)
2) – Дык станьце ж вы тым, кім у жыцці былі. Хто моцны быў – той хай такім і будзе, слабы – хай так і застанецца слабым. І я з вамі разам, як маці, стану. (Яліне, казка “Вужыная каралева”)
3) – Камні. Муж у войску – можа, й забілі. Прасіла ў суседа чагосьці – не даў. Толькі й засталося на гэтай зямлі беднаму чалавеку каменьчыкі есці. (Мар’і, казка “Кацёл з каменьчыкамі”)
4) – Свеціць месячык з гары
На глыбокія віры.
На шчытах у чарапах
Сіняе святло гарыць. (Чарапасе, казка “Жабкі і чарапаха”)
5) – Сонейка-Сонейка, выйдзі, цябе брацік кліча. Птушкі, звяркі, мушкі, разбудзіце Сонейка! (Аленцы, казка “Вясна ўвосень”)
Журы абвяшчае вынікі конкурсу.
Настаўнік: Працягваем гульню. Наступны конкурс “Літаратурная віктарына”.
1) Як называўся першы зборнік вершаў У.Караткевіча, які выйшаў у 1958 годзе? (“Матчына душа”)
2) У 2002 годзе ў горадзе Орша адкрылі музей У.Караткевічу. Што раней размяшчалася ў гэтым будынку? (Радзільны дом, у якім нарадзіўся пісьменнік)
3) Назавіце апавяданне, у якім У. Караткевіч паказаў сябе як пісьменнік-анімаліст (“Былі ўмяне мядзведзі”).
4) У якой казцы У.Караткевіча распавядаецца пра тыя часы “калі яшчэ не было бульбы” і людзі варылі каменне? (“Кацёл з каменчыкамі”)
5) Якая з казак У.Караткевіча падобна на казку С.Маршака “Дванаццаць месяцаў”? (“Вясна ўвосень”)
6) Хто з герояў казкі “Нямоглы бацька” сімвалізуе дабро, а хто – зло? (Пятро – Гнат)
7) Назавіце творы У.Караткевіча, напісаныя на гістарычную тэму? (Аповесці “Ладдзя роспачы”, “Сівая легенда”, раманы “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”)
8) Назавіце нарыс У.Караткевіча, у якім ён распавёў пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду? (“Зямля пад белымі крыламі”)
9) Які надпіс змешчаны на помніку Уладзіміру Караткевічу ў Віцебску? (“Быў. Ёсць. Буду”)
10) У якой кінастужцы паводле ўласнага сцэнарыя зняўся У.Караткевіч? (“Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка”)
11) Каму У.Караткевіч прысвяціў раман “Чорны замак Альшанскі”, які пачынаецца словамі: “В.К., якой гэты раман абяцаў дзесяць год назад, з удзячнасцю”? (Сваёй жонцы Валянціне).
12) Пра які паэтычны зборнік У.Караткевіча Адам Мальдзіс сказаў наступнае: “…ён нікога не пакідае раўнадушным. Таму што гэта – споведзь. Таму што гэта – завяшчанне…”? (Пасмяротнызборнік “Быў. Ёсць. Буду”)
Журы абвяшчае вынікі конкурсу.
Настаўнік: Па-мастацку падрабязна распавёў У.Караткевіч пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду ў нарысе “Зямля пад белымі крыламі”.Тут ён ахапіў беларускую гісторыю ад старажытнасці да 1970-х гадоў, закрануўшы найбольш важныя падзеі, такія як гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, Грунвальдская бітва 1410 года, Люблінская унія 1569 года. У гэтым нарысе пісьменнік звяртаецца да будучага чытача са своеасаблівым наказам. Што гэта за наказ вы даведаецеся, калі расшыфруеце крыптаграму.
У той час як каманды разгадваюць крыптаграму, паказваецца рэклама-буктрэйлер “Дзікае паляванне караля Стаха”.
Крыптаграма “Запавет Уладзіміра Караткевіча”
1 Месяц, у якім нарадзіўся Уладзімір Караткевіч. 1 4 11 9 13 24 13 17
2 Рэжысёр, які зняў гістарычны фільм “Чорны замак Альшанскі”.
24 9 13 20 10 19
3 Нарыс, які быў напісаны У.Караткевічам пад уражаннем паездкі ў родныя мясціны Янкі Купалы. 12 14 15 23 18 19 13
4 Прозвішча літаратуразнаўцы, даследчыка творчасці У.Караткевіча, пад рэдакцыяй якога ў 2011 годзе выдавецтва “Мастацкая літаратура” пачало 25-томнае выданне твораў У.Караткевіча. 12 6 25 13 3 6 21
5 Верш У.Караткевіча, які ўзнік пад уплывам паэмы Янкі Купалы “Магіла льва”. 6 13 20 8 19 13
Адказ. Крыптаграма “Запавет Уладзіміра Караткевіча”
1) 1 4 11 9 13 24 13 17
Л і с т а п а д
2) 24 9 13 20 10 19
П т а ш у к
3) 12 14 15 23 18 19 13
“В я з ы н к а”
4) 12 6 25 13 3 6 21
В е р а б е й
5) 16 13 20 8 19 13
“М а ш э к а”
Журы абвяшчае вынікі гульні,называе каманду-пераможцу, а таксама самых актыўных гледачоў.Узнагароджванне камандаў і гледачоў.
Настаўнік: Дзякуем камандам за гульню, журы – за напружаную працу. Спадзяемся, што наша інтэлектуальна-пазнавальная гульня па творчасці У.Караткевіча атрымалася цікавай і карыснай. Вы яшчэ раз маглі пераканацца, што, кожнаму, хто хоча ўсвядоміць сябе беларусам, трэба звяртацца да спадчыны, да гісторыі свайго народа. Найвялікшы скарб нашага краю – людзі, якія жывуць тут. У.Караткевіч заклікаў усіх нас любіць “зямлю пад белымі крыламі”, сваю маці-Беларусь.
Прэзентацыі да інтэлектуальна-пазнавальнай гульні