Інфармацыйная гадзіна як сродак фарміравання інфармацыйнай культуры малодшых школьнікаў

- 10:18Методичка, Начальная школа. Внеклассная работа

 

 

 

Алена БЯЗМЕН,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы”
Гродзенская вобласць

 

 

Наш час характарызуецца рэзкім павелічэннем аб’ёму і шчыльнасці інфармацыйных патокаў, што прыводзіць да змянення прыярытэтаў адукацыі. Калі стала зразумела, што аб’ём інфармацыі, неабходнай для забяспечвання жыццядзейнасці сучаснага чалавека такі вялікі, што перапрацаваць яго немагчыма, што здольнасць засвойваць і аналізаваць неабходныя звесткі павінна развівацца на працягу ўсяго жыцця, тады асноўным паказчыкам якаснай адукацыі стала не здольнасць запамінаць, а ўменне знаходзіць неабходную інфармацыю. Асноўнай праблемай узаемадзеяння малодшых школьнікаў ва ўзросце 6–10 гадоў з інфармацыйным асяроддзем з’яўляецца інфармацыйная “ўсеяднасць”, але ў дзяцей практычна поўнасцю адсутнічае крытычнае ўспрыманне інфармацыі, уменне яе аналізаваць і структураваць.

Правядзенне ў школе інфармацыйных гадзін, як формы сацыяльна-арыентаванай дзейнасці, якая дапамагае вучням арыентавацца ў патоку падзей, што здараюцца вакол, адчуць асабістую сацыяльную значнасць у грамадска-культурным жыцці школы, горада, краіны, з’яўляецца адным са сродкаў фарміравання інфармацыйнай культуры асобы.

Інфармацыйныя гадзіны падзяляюцца на аглядныя і тэматычныя. Найбольшую цяжкасць, як правіла, выклікае правядзенне і падрыхтоўка агляднай інфармацыйнай гадзіны.

Аглядная інфармацыйная гадзіна – гэта кароткі агляд найбольш актуальных падзей, якія адбыліся за пэўны прамежак часу ў краіне і за яе межамі. У першую чаргу абмяркоўваюцца з’явы і факты грамадска-палітычнага жыцця. У агляд могуць уключацца матэрыялы пра падзеі ў вобласці культуры, навукі, тэхнікі, спорту.

Каб зрабіць вучняў актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх этапаў агляднай інфармацыйнай гадзіны, неабходна далучыць іх да працэсу падрыхтоўкі, правядзення і аналізу.

Этап падрыхтоўкі ўключае, перш за ўсё, падбор неабходнага матэрыялу. Асноўныя крытэрыі адбору: актуальнасць, значнасць, дакладнасць, блізкасць жыццёваму вопыту дзяцей. Неабходна папярэдняя падрыхтоўка выступаючых: настаўніка, запрошаных дарослых, саміх вучняў.

Калі інфармацыйная гадзіна праводзіцца ў актыўнай форме (гульня, віктарына, падарожжа, вусны часопіс, прэзентацыя), то рыхтуюцца ўсе яго ўдзельнікі: індывідуальна ці ў мікрагрупах падбіраюць матэрыял для выступленняў, фармулюць пытанні, шукаюць на іх адказы, знаходзяць ілюстрацыі, фотаздымкі, газеты, часопісы і інш.

Каб навучыць дзяцей адбіраць для інфармацыйнай гадзіны найбольш значныя падзеі, настаўніку неабходна напярэдадні праглядзець газеты, часопісы, тэлевізійныя перадачы, звярнуцца да інтэрнэта. Гэта дае магчымасць падключыцца да першакрыніцы інфармацыі.

Неабходна звяртаць увагу і на афармленне класнага памяшкання: абнаўленне класнага кутка, расстаноўка парт для зручнай работы, падрыхтоўка неабходнага абсталявання (палітычная карта свету, карта Беларусі, глобус, сцягі, сцікеры, магніты і г. д.).

На этапе правядзення я аб’яўляю тэму, запісваю план інфармацыйнай гадзіны на дошцы. Пачынаем з самага цяжкага:

1) Знешняя і ўнутраная палітыка Рэспублікі Беларусь.

2) Падзеі, якія адбыліся ў свеце.

3) Навіны навукі, культуры, спорту.

Новыя, цяжкія для ўспрымання малодшых школьнікаў паняцці і тэрміны, запісваюцца на дошцы і тлумачацца. Такім чынам папаўняецца палітычны слоўнік вучняў.

Абавязкова трэба высветліць, якімі крыніцамі інфармацыі карысталіся вучні пры падрыхтоўцы да інфармацыйнай гадзіны. Часцей за ўсё гэта тэлевізійныя перадачы, інтэрнэт, газеты. Для работы з малодшымі школьнікамі асабліва актуальным з’яўляецца пытанне пра формы правядзення інфармацыйнай гадзіны. Гэта абумоўлена, па-першае, цяжкасцю яе зместу, дзе гаворка ідзе пра жыццё краіны, грамадства. Па-другое, успрыманню і асэнсаванню складанай інфармацыі перашкаджаюць такія асаблівасці псіхічнага развіцця дзяцей малодшага школьнага ўзроста, як перавага наглядна-вобразнага мыслення, канкрэтнасць успрымання, непасрэднасць.

Таму нетрадыцыйныя формы правядзення інфармацыйных гадзін могуць зрабіць складаны грамадска-палітычны матэрыял даступным і прывабным (вусны часопіс, кола навін, прэс-канферэнцыя, прэзентацыя газет і часопісаў, прэс-турнір, віктарына, падарожжа па старонках газет і часопісаў).

У працэсе навучання рабоце з газетнымі артыкуламі выкарыстоўваюцца актыўныя формы, напрыклад гульні.

Тры сказы. Зачытваецца артыкул, а дзеці павінны перадаць змест трыма сказамі. Перамагае той, у каго аповед атрымаецца карацейшым і дакладна перадасць змест.

За пяць хвілін даведаешся многа. Задача: даць удзельнікам уяўленне пра тое, як многа можна даведацца за кароткі час. На працягу 5 хвілін чытаюцца розныя па змесце невялікія артыкулы. Адзін з гуляючых паведамляе пра найбольш значнае з таго, што ён даведаўся за гэты час, астатнія ўдзельнікі ўносяць дапаўненні.

Вучыся чытаць газеты хутка. Для правядзення гульні неабходна 3–5 экзэмпляраў аднаго нумара газеты. Газеты раздаюцца кожнай камандзе. Вядучы задае пытанні, адказы на якія вучні павінны знайсці на газетных старонках. Самы просты варыянт гульні – задаць пытанні, якія звязаны з загалоўкамі артыкулаў. На пошук адказаў адводзіцца 15 секунд.

На этапе рэфлексіі і аналізу высвятляюцца адносіны дзяцей да праведзенага занятка. Я праводжу гульню “Кола навін” (кароткія паведамленні па крузе). Паведамляецца тэма наступнай інфармацыйнай гадзіны.

Тэматычная інфармацыйная гадзіна праводзіцца для больш глыбокага абмеркавання пэўных злабадзённых пытанняў. На такіх занятках мы чытаем апавяданні, казкі, глядзім мультфільмы, разыгрываем сітуацыі, затым іх абмяркоўваем.

Такім чынам, работа са сродкамі масавай інфармацыі вучыць школьнікаў быць у курсе грамадскіх і палітычных падзей, адбіраць неабходную інфармацыю з вялікага інфармацыйнага патоку, а таксама фарміруе ў вучняў ідэйную ўпэўненасць і інфармацыйную культуру.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий