Мая Беларусь. Комплексны занятак па адукацыйнай вобласці “Дзіця і грамадства”

- 19:32Дошкольное образование. Сценарии, Методичка

для дзяцей старшай групы (5–6 гадоў)

 

 

Алена  ВЕРАБЕЙ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
санаторнага ясляў-сада № 21 г. Мазыра, 
Гомельская вобласць

 

 

 

Праграмныя задачы: фарміраваць у дзяцей асновы патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці, замацоўваць уяўленні аб дзяржаўных сімвалах Беларусі (гімн, сцяг, герб), уменне будаваць дэкаратыўныя кампазіцыі на аб’ёмных вырабах, уменне адрозніваць дэкаратыўныя элементы; развіваць дыялагічную і маналагічную мову, уменне слухаць сваіх сяброў; выхоўваць у дзяцей патрыятычныя пачуцці, любоў да роднага краю.

 

Матэрыял і абсталяванне: карта Беларусі, кніга “Мая Беларусь”, саламяныя лапці,вырабы з гліны, фарбы, пэндзлікі, саламяны бусел, мультымедыйная ўстаноўка, аўдыязапісы гімна Рэспублікі Беларусь і песні “Мой родны кут” (муз. І.Лучанка, сл. Я.Коласа).

Папярэдняя работа: разглядванне карты Беларусі, розных узораў беларускага арнаменту, знаёмства з вырабамі народных умельцаў, завучванне вершаў, знаёмства з кнігай “Мазыр”, гутаркі пра родны край, горад.

Ход занятка

Дзеці ўваходзяць у музычную залу.
Выхавальнік прапануе ім павітацца.

Выхавальнік (В.). Дзеці, давайце паглядзім адно на аднаго і падаруем кожнаму вяселую ўсмешку, пажадаем добрага дня, каб ва ўсіх быў цудоўны настрой. І гэты настрой перададзім адно аднаму.

Гучыць песня “Мой родны кут”. На экране – краявіды Беларусі.

В. Мы праслухалі ўрывак з песні “Мой родны кут” (музыка І.Лучанка, словы Я.Коласа). На якой мове прагучала песня? (Адказы дзяцей.) Як вы разумееце выраз “мой родны кут”? (Адказы дзяцей.)

В. Наша радзіма, наш родны край там, дзе мы нарадзіліся, дзе жывём, дзе жывуць нашы бацькі і сябры, там, дзе мы адпачываем усёй душой.

В. Як у кожнага чалавека ёсць імя, так і ў нашай радзімы ёсць назва. Як называецца наша краіна? (Адказы дзяцей.) Чаму яна атрымала такую назву? (Адказы дзяцей.)

У музычную залу “ўваходзяць” лапці.

В. Дзеці, паглядзіце, да нас прыйшлі лапці. Што за дзіва?

Дзіця (па-за шырмай). Што за непаслухмяныя лапці? Куды яны зноў пахаваліся? (Хлопчык уваходзіць у залу з кнігай у руцэ.)

Хлопчык. Добры дзень! Скажыце, ці не бачылі вы тут мае лапці?

В. Бачылі. Вось яны. Куды ішлі твае лапці? (Выхавальнік перадае іх хлопчыку.)

Хлопчык. Мае лапці няпростыя. Яны загавораныя, лапці-пазнайкі. Ходзім з імі па Беларусі, знаёмімся з яе краявідамі, абрадамі, звычаямі. Мяне завуць Міша. Я нарадзіўся ў Расіі, а мама нарадзілася ў Беларусі. Таму я хачу ўсё ведаць пра гэтую краіну. Усё новае і цікавае я змяшчаю ў кнігу “Мая Беларусь”. Вось яна. Хочаце яе паглядзець?

В. Дзеці, паглядзім? (Так.)

Выхавальнік адкрывае кнігу, дзе на першай старонцы – прырода роднага краю, нашай Беларусі.

В. Давайце раскажам, што намалявана на першай старонцы кнігі. Якая наша краіна?

Гульня “Упрыгож слова”

Дзецям прапануецца перадаваць па крузе саламянага бусла і называць азначэнні, якія характарызуюць нашу краіну. Напрыклад, прыгожая, зялёная, сінявокая, незалежная, клапатлівая і г.д.

Дзеці сядаюць на крэслы тварам да экрана. На экране – зямны шар, планета Зямля.

В. Перагортваем старонку кнігі. Паглядзіце, што мы бачымна ёй? (Адказы дзяцей.)

В. На зямным шары шмат дзяржаў. І кожная з іх мае свае адметныя адзнакі-сімвалы. Яны азначаюць прыналежнасць чалавека, карабля, самалёта да пэўнай дзяржавы. Якія сімвалы Рэспублікі Беларусь вы ведаеце? (Герб, сцяг, гімн.)

В. У дзяржаўных сімвалах нашай краіны зашыфраваны аповед пра яе народ, традыцыі і звычаі. Гэтыя сімвалы трэба паважаць, як роднае слова, родны дом. І вы, як паўнапраўныя грамадзяне нашай краіны, павінны з павагай адносіцца да іх. Зараз я прапаную ўважліва разгледзець герб нашай краіны. Пра што распавядае герб Беларусі?

На экране герб Рэспублікі Беларусь. Дзеці расказваюць пра герб.

В. Так, герб, як адкрытая кніга, якая расказвае пра беларускі народ.

Дзеці, скажыце, калі ласка, а што вывешваюць на вуліцах горада на святы? (Сцягі.)

На экране – выява сцяга Беларусі.

В. Назавіце асноўныя колеры сцяга. Што абазначае зялёны (чырвоны, белы) колер? (Зялёны колер – сімвал багатай прыроды, якую мы вельмі аберагаем і цэнім. Чырвоны – гэта сімвал адвагі, радасці, шчасця. Белы колер – сімвал чысціні і мудрасці.)

В. Наш сцяг упрыгожаны арнаментам з геаметрычных фігур. Гэты ўзор называецца “узыходзячае сонца”. Давайце ўспомнім, што абазначае вялікі ромб? (Засеянае поле, а крыжык унутры яго – сонца.) Бачыце, дзеці, сцяг таксама расказвае нам пра гісторыю нашага народа. Усе каштоўнасці народа, якія ўвабралі ў сябе герб і сцяг, выказаны ў словах гімна Рэспублікі Беларусь.

В. Гімн нашай краіны – галоўная мелодыя, якая гучыць на важных мерапрыемствах. Гімн – таксама сімвал. Дзе вы чулі гімн? Як яго слухаюць? (Адказы дзяцей.) Сапраўды так, у знак павагі гімн слухаюць і спяваюць стоячы. Давайце паслухаем гімн.

Выхавальнік і дзеці разам стоячы слухаюць гімн Рэспублікі Беларусь.

В. Дзеці, вы звярнулі ўвагу, на тое з якімі словамі звяртаюцца ў гімне да Беларусі. (“слаўся “, “вечна жыві”, “квітней”, “любімая маці-Радзіма”) Гэтыя словы перадаюць любоў беларускага народа да сваёй краіны.

Фізкультхвілінка “Наша краіна”.

В. Гартаем наступную старонку кнігі. Што на ёй вы бачыце? (Карта Беларусі.)

В. Мы з вамі беларусы. Лёс даў нам мірны характар, чулае сэрца, шчырую душу, шчодрасць і гасціннасць. Таму беларусы – адна з самых мірных і працавітых нацый у свеце. Мы заўсёды гатовы сустракаць гасцей у нашай краіне.

В. Ці ведаеце вы, якія краіны мяжуюць з Беларуссю. (Расія, Польшча, Літва, Латвія, Украіна.) Карта Беларусі падзелена на часткі. Што гэта за часткі? (Вобласці.)

Выхавальнік прапануе дзецям скласці з частак карту Беларусі і расказаць пра кожную вобласць. Хваліць дзяцей за адказы.

В. Дзеці, адкажыце, у якой вобласці мы жывём? Як называецца наш горад? Што ў ім ёсць адметнага? (Адказы дзяцей.)

В. У нашым горадзе ёсць фабрыка мастацкіх вырабаў, дзе займаюцца вытворчасцю вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія ўвабралі ў сябе адметнасці беларускага народнага побыту і звычаяў. Сення да нас прыйшла госця. Давайце запросім яе ў залу.

Госця. Добры дзень, дзеці, я вельмі рада вас бачыць. Я працую на фабрыцы мастацкіх вырабаў. Сёння я прыйшла да вас з просьбай. Дзеці з дзіцячага дома любяць і чакаюць падарункі. Давайце мы з вамі прымем удзел у акцыі па вырабе падарункаў для гэтых дзяцей. У мяне ёсць гліняныя цацкі, якія мы з вамі ўпрыгожым беларускім арнаментам.

В. Дзеці, звярніце, калі ласка, увагу на экран і ўспомніце асноўныя элементы беларускага расліннага і геаметрычнага арнаментаў. (Адказы дзяцей.)

Дзеці сядаюць за сталы і працуюць.

В. Якія прыгожыя ў вас атрымаліся падарункі. Я думаю, дзецям прыемна будзе іх атрымаць. (Аналіз дзецьмі сваіх работ і работ сяброў.)

Госця. Вялікі дзякуй вам, дзеці. Вы вялікія малайцы. Вашы вырабы мы на фабрыцы пакрыем лакам, каб не парушыўся малюнак, а потым адправім у падарунак дзецям у дзіцячы дом.

Дзеці аддаюць падарункі госці і развітваюцца з ёю.

В. Ну вось і заканчваецца наш занятак. Міша, ці спадабалася табе ў нас? Даруем табе фотаздымкі нашага горада, якія ты зможаш размясціць у сваёй кнізе. (Выхавальнік і дзеці развітваюцца з Мішам. Выхавальнік дае індывідуальную ацэнку дзейнасці выхаванцаў на занятку.) Дзеці, нам таксама час вяртацца ў групу.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий