Дзеці з асаблівым нецярпеннем чакаюць, калі да іх у госці прыйдзе добры Дзядуля Мароз і яго ўнучка Снягурка, якія хоць на кароткі час ператвораць іх жыццё ў казку.
Такую незабыўную казку падарыў дзецям з Навагрудскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра валанцёрскі атрад “Вясёлка дабрыні” навагрудскай сярэдняй школы № 1 на чале з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Яўгеніяй Кананец і педагогам-арганізатарам Надзеяй Сталярчук у рамках навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
Валанцёры прывезлі сябрам імправізаваны вялікі торт, зроблены са шматлікіх школьных канцылярскіх прылад. Не было мяжы захаплення дзяцей, калі яны ўбачылі гэты падарунак. Сустрэча была шчырай і цёплай. Дзеці ахвотна дзяліліся з валанцёрамі сваімі ўражаннямі і марамі.
Няма нічога прыемней, калі робіш дабро, бачыш удзячныя вочы маленькага чалавека. Хай у сэрцы кожнага з нас яшчэ ярчэй гарыць агонь дабра, цяпла, спагады і міласэрнасці.
Людміла ПОБЫТ,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Навагрудка