Дзеда Мароза выклікалі?

- 20:05Авторские проекты, Анна СИНЬКЕВИЧ. Зарисовки из жизни

 

Алена скончыла працу ў тры гадзіны дня. На вуліцы павольна, быццам кружачыся ў нейкім казачным танцы, падаў сняжок. Такое надвор’е надавала незразумелай дзіцячай радасці на сэрца, і жанчына, сама таго не заўважаючы, пачала мурлыкаць пад нос любімы песенны матыў.

Па дарозе дамоў яна заскочыла ў краму, накупляла прадуктаў да святочнага стала ды падарункаў родным. Нечакана ёй на вочы трапілася плюшавае медзведзяня, якое было так падобнае на тое – з юнацтва, якога ёй падарыў Алег… Пры гэтым успаміне думкі сталі блытацца ў Алены ў галаве.

– Навошта думаць пра сумнае напярэдадні Новага года? – перарвала яна свае ўласныя ўспаміны і паспрабавала сканцэнтравацца на свяце.

Яе лепшая сяброўка, Светка, клікала Алену да сябе – сустракаць Новы год у коле яе сям’і. Але яна не змагла знайсці ў сабе сілы пайсці. Бо ў Светкі муж і двое чароўных дзяцей, а яна адзінокая.

– Навошта перашкаджаць яе дружнай сям’і, – разважыла Алена і не задумваючыся адказала сяброўцы, што будзе дома .

Яна зноў паглядзела на плюшавае медзведзяня, якое ўсё яшчэ трымала ў руках, і нягледзячы на забарону розуму, перанеслася ў далёкае і аднаразова такое блізкае юнацтва.

Вучылася Алена добра, можна сказаць, нават выдатна. Дзень за днём, новы клас, новыя прадметы, і вось табе ўжо 8, 9, 10 гадоў… У сёмым класе ў іх з’явіўся новенькі. Звалі яго Алег. І чамусьці Анастасія Вячаславаўна, класны кіраўнік, вырашыла пасадзіць гэтага хлопчыка за адну парту з Аленкай. Нейкае незразумелае пачуццё выклікаў у яе гэты новенькі хлопчык. Ці то неспакой, ці то трывогу… Праз некаторы час яны пасябравалі. Ішлі гады, разам з Алегам яны перажылі насмешкі і дражнілкі аднакласнікаў.

– Цілі-цілі цеста! Жаніх і нявеста! – увесь час неслася ім услед.

Хутка пранеслася школьная пара, здаецца, толькі быў першы, а вось ужо і выпускныя класы. Ніхто ў школе тады ўжо не сумняваўся ў каханні Алега і Алены. Іх даўно ўсе пажанілі і нават настаўнікі пыталіся:

– Ну, на вяселле ці паклічаце?

Яна ўспомніла свой шаснаццаты дзень нараджэння, гэта быў дзясяты клас. Менавіта на гэтае свята Алег і падарыў ёй плюшавае медзведзянятка. Медзведзяня было вельмі мілым, з маленькімі чорненькімі вочкамі і смешным крывым ратком. Яно стала яе галоўным скарбам.

Праз год пасля той падзеі школа скончылася. Алена паступіла ў прэстыжны ўніверсітэт, а Алега хутка забралі ў армію.

Яны пісалі адно аднаму лісты кожны дзень, і Алена ўсе іх беражліва складала. Яе бацькі смяяліся над імі:

– Ёсць жа яшчэ на свеце такія закаханыя.

Час ішоў. Вось і Алег прыехаў у звальняльную. Яна памятала, як яны гадзінамі гулялі па горадзе і не маглі нагаварыцца адно з адным. Дні армейскага водпуску пранесліся, як сон.

– Чаму вось так заўсёды ў жыцці адбываецца, як нешта нецікавае і штодзённае, дык цягнецца і цягнецца, а добрае і хвалюючае пралятае за адно імгненне, – у роспачы казала Алена, якая ніяк не магла прыйсці ў сябе ад таго, што зноў наступіла хвіліна цяжкага раставання з каханым.

– Не плач, Аленка, яшчэ зусім трохі, і мы ўвесь час будзем разам, – суцяшаў яе Алег.

Мінула два тыдні пасля яго ад’езду, калі Светка паклікала Алену да сябе на вечарынку. Там яна і заўважыла Юру. Хлопца, убачыўшы якога нявольна падумала пра сябе: “Які прыгажун, да таго ж разумны, вясёлы, заўсёды ў цэнтры ўвагі. Мабыць, ён закружыць галаву не адной дзяўчыне.”

А ён так і зрабіў – закружыў галаву. Ды прычым не толькі самой Алене, але і яе маці, і нават бабулі. Здавалася, у яго закахалася ўся сям’я, толькі адзін тата адмоўчваўся. А маці тым часам казала ёй:

– Ну, што Алег? Чаго ты перажываеш? Было каханне, з кім не бывае? Яму ж яшчэ вучыцца трэба. Колькі табе чакаць прыйдзецца? А Юра ўжо інстытут скончыў, пры прэстыжнай пасадзе, з ім не толькі добра, але і надзейна.

І Аленка не вытрымала, паддалася… Закруціўся раман і неўзабаве згулялі вяселле. А праз месяц вярнуўся дадому Алег. Іх сустрэча была нядоўгай. Алег увесь час апускаў долу вочы, быццам лічыў вінаватым ва ўсім сябе. Што не змог зберагчы, іншы аказаўся прыгажэй, лепш, разумней. Алене тады цяжка было падабраць словы суцяшэння, ды ці патрэбны былі яны?

Неўзабаве Алег з’ехаў у іншы горад, як казалі Алене іх агульныя сябры і знаёмыя. З той пары яна так нічога пра яго і не ведала, ды і ніхто са знаёмых нічога пра яго не ведаў, ён як у ваду кануў. Трывожыць бацькоў Алега Алене не хацелася. Бо напэўна, у яго даўно свая сям’я, дзеці, ды і навошта варушыць мінулае.

А з Юрам ў Алены жыццё, як гаворыцца, не склалася. Ён аказаўся не толькі вельмі прыгожым, але і занадтым аматарам жанчын, ці, папросту кажучы, бабнікам. Алена ж цярпець не магла хлусню ды здраду. І калі ў чарговы раз ён з’явіўся дадому п’яны, а на каўняры кашулі зноў былі відавочныя рэшткі губной памады – Алена не вытрымала і выштурхала яго за дзверы назаўжды.

Юра прасіў прабачэння, гаварыў, што акрамя яе адной яму ніхто не патрэбен, і што калі любіш, трэба ўмець дараваць памылкі, але Алена заставалася непахіснай. Яна раптам зразумела, што яны ўжо даўно сталі чужымі людзьмі, больш таго і блізкімі, напэўна, ніколі і не былі.

Праз некаторы час адбыўся развод. На яе радасць, развялі іх хутка. Пасля таго праляцелі доўгія пяць гадоў. Былі кароткія сустрэчы і непрацяглыя адносіны, але ўсе мужчыны ў выніку аказваліся “героямі не яе рамана”. Змірыўшыся са сваёй доляй, Алена на ўсю моц аддалася працы. Педагог па прафесіі, яна стала працаваць у дзіцячым садзе. Алена бясконца любіла ўсіх сваіх маленькіх выхаванцаў, і яны, адказваючы ёй узаемнасцю, таксама душы не чулі ў сваёй выхавальніцы.

Сёння яна зыграла на дзіцячым ранішніку Снягурку. У сваю ролю ўжыліся і яе добрыя, шчырыя маленькія гледачы, а таксама іх бацькі, святам засталіся задаволеныя. Нягледзячы на тое, што Алена атрымала такі выдатны станоўчы зарад энергіі ад сваіх удзячных выхаванцаў, яна ўсё роўна вельмі стамілася. І таму па прыходзе дахаты, калі прылегла на канапу, сама не заўважыла, як заснула. Абудзіў яе нечаканы тэлефонны званок. Яна зірнула на гадзіннік – яны паказвалі дзевяць вечара.

– Так можна і ўвесь Новы год праспаць, – сама сабе прабубнела сонная Алена і ўзяла трубку тэлефона. – Ало?

– Добры вечар! Дзеда Мароза выклікалі?

– Якога яшчэ Дзеда Мароза? Па якім нумары вы тэлефануеце? – Алена кінула трубку.

У яе чамусьці сціснулася сэрца, бо голас здаўся да болю знаёмым.

– Гэта голас з юнацтва… – мільганула шалёная думка, але заняўшыся падрыхтоўкай да свята, Алена адкінула яе на задні план.

Закутаная ў цёплы плед яна глядзела “Блакітны агеньчык”, як раптам у кватэры раздаўся званок.

– Хто гэта можа быць? Няўжо нехта з жалю вырашыў мяне наведаць? А час жа амаль дванаццаць, – думала Алена, шлёпаючы па калідоры да ўваходных дзвярэй.

– Дзеда Мароза выклікалі? – толькі ўбачыўшы яе, адразу выпаліў мужчына, які стаяў перад ёй у касцюме казачнага дзядулі.

Алена хацела нагрубіяніць гэтаму нахабнаму мужыку, але штось яе спыніла. Яго вочы. Яны свяціліся, як тыя зоркі, ад радасці і шчасця.

– Вы ведаеце… Вы, напэўна, мяне з кімсьці пераблыталі, – адказвала яму збянтэжаная Алена.

Нечакана ён зняў шапку і бараду. У Алены перахапіла подых, ногі сталі нейкімі ватнымі, а да горла падступіў камяк… На парозе стаяў ён – яе адзіны, любімы, родны і такі доўгачаканы.

– Алег!

– Прывітанне, Аленка! Нарэшце Дзед Мароз знайшоў сваю Снягурку!

Алена ўскрыкнула і кінулася да яго ў абдымкі.

– Цяпер я цябе ніколі і нікуды не адпушчу, – казаў ён, а ў Алены ад нечаканага шчасця слёзы цяклі ручаём. Ён цалаваў яе заплаканы твар, шаптаў словы кахання, і, здавалася, што не было ўсіх перажыванняў, не было гэтых доўгіх гадоў расстання…

З пакоя даляцеў бой курантаў. І Алена мовіла:

– Алежак, каханы, я віншую цябе з Новым годам! Гэта лепшы Новы год у маім жыцці!

– У нашым, Аленка, жыцці, – паправіў яе Алег.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий