Праблемнае навучанне як спосаб развіцця мысліцельнай дзейнасці вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры

- 11:38II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Ідэі, Методичка

 

Вольга КАБЕШАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Гімназія г. Чачэрска»,
Гомельская вобласць

 

 

 

 

 

“Навучанне без думкі – дарэмная праца”, – казаў старажытнакітайскі мысліцель Канфуцый. Гэта разумеюць многія з нас, таму і звяртаюцца да сучасных тэхналогій навучання, якія накіраваны наразвіццё інтэлектуальных здольнасцей дзяцей.

На мой погляд, найбольш эфектыўнай у гэтым кірунку з’яўляецца тэхналогія праблемнага навучання. Я падзялюся сваімі назіраннямі.У гэтым выпадку можна выкарыстоўваць індывідуальную, парную, групавую формы работы. Тэхналогію праблемнага навучання можна прымяняць на ўроках усіх тыпаў. Формы ўрокаў могуць быць разнастайнымі. Найбольш складаным этапам праблемнага ўроку, мне здаецца, з’яўляецца стварэнне праблемнай сітуацыі.

Для фармулявання праблемнага пытання неабходна захоўваць дзве ўмовы: пытанне павінна ўтрымліваць пазнавальную цяжкасць і бачныя межы вядомага і невядомага. Таксама пытанні павінны быць зарыентаваны на сітуацыю, якая пабуджае да пошуку. Спачатку стаўлю праблему. Па прычыне яе невырашальнасці падзяляю на серыю пытанняў, кожнае з якіх з’яўляецца крокам на шляху да вырашэння.

Пытанні: “Якая галоўная ідэя? У чым сутнасць? Дайце азначэнне…” – развіваюць, паглыбляюць і пашыраюць веды; “Апішыце… Перакажыце… Растлумачце… Якая розніца?..” – развіваюць уменні; “У чым прычына? Ці згодны вы з гэтым сцвярджэннем? Знайдзіце доказы ў тэксце… У чым недахопы? Ваш прагноз? Які можаце прапанаваць выхад?” – развіваюць творчыя здольнасці і крытычнае мысленне.

У ходзе рэалізацыі праблемнага навучання на ўроках прыйшла да высновы, што гэты від навучання стварае ўмовы для развіцця ўменняў самастойна мысліць, арыентавацца ў новай сітуацыі, знаходзіць свае падыходы ў вырашэнні задач; садзейнічае развіццю творчых і камунікатыўных здольнасцей вучняў; забяспечвае высокую самастойнасць вучняў на ўроках і дома. Усё гэта гарантуе павышэнне якасці адукацыі.

Шырокае прымяненне тэхналогіі праблемнага навучання на ўроках звязана таксама з пэўнымі цяжкасцямі: дэфіцытам вучэбнага часу, неаднолькавым складам вучняў у класе, змест падручнікаў патрабуе яго аналізу, неабходнасцю затрачваць больш часу на падрыхтоўку такіх урокаў.

Прыклады прымянення тэхналогіі праблемнага навучання.

Тэма: Нязменныя назоўнікі.

Цукерка, ананас, шакалад, эскімо, манпасье.

– Да якой часціны мовы адносяцца гэтыя словы?

– Раздзяліце на групы.

– Чым адрозніваюцца ад другіх назоўнікаў эскімо і манпасье?

Фармуліроўка тэмы, мэты.

– У назоўнікаў эскімо і манпасье выдзеліце канчаткі (правакацыя). Значыць, можам па канчатку вызначыць род?

Тэма: Спосабы падпарадкавальнай сувязі.

Кніга пляменніка мужа настаўніцы сына майго суседа.

– Ці цяжка знайсці, каму належыць кніга, у гэтай складанай сітуацыі?

 

Тэма. Аднакаранёвыя словы і формы слоў.

Рука руку мые.

– Колькі слоў у сказе?

 

Тэма: Лад дзеяслова.

Слоўнікавы дыктант: зразумеў бы, беражэ, напішы, прачытай, вярнуўся, адчуваюць, удзельнічаў бы.

– Падзяліце словы на групы.

– У якой групе слоў дзеясловы абвеснага, умоўнага, загаднага ладу?

 

Тэма, мэта (фармуліруюць вучні).

Дзеці павінны адчуваць сябе свабодна на уроку, бачыць, што любая іх думка прымаецца, што ў любой тэме (нават знаёмай) ёсць нешта новае, што, абапіраючыся на ўжо знаёмае, яны павінны ўбачыць, вывесці, запомніць.

 

Тэма: Час дзеяслова.

– Якія часы дзеяслова мы ведаем?

– Як вы думаеце, ці даведаемся мы пра нешта новае сёння?

– Утварыце ад інфінітыва дзеясловы розных часоў.

  Прошлы час Цяперашні час Будучы час
Рашаць рашаў рашаю буду рашаць
Рашыць рашыў рашу

Як паказвае практыка, вучні лягчэй прымяняюць атрыманыя веды ў новых умовах, правільна выконваюць розныя практыкаванні на замацаванне, адначасова развіваюцца іх творчыя здольнасці. На такіх уроках настаўнік надзяляе вучняў ведамі, і пры гэтым вучыць іх весці назіранні, творча думаць, разважаць, рабіць самастойна вывады і абагульненні.

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий