Квесты – выдатны дапаможнік у вывучэнні роднай мовы

- 19:06Дошкольное образование. Идеи, Методичка

 

Наталля ГОЙ,
выхавальнiк дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад № 28 г. Гродна”

 

 

Пра сацыялінгвістычную сітуацыю блізкароднаснага руска-беларускага двухмоўя і праблему засваення дзецьмі дашкольнага ўзросту беларускай мовы напісана і сказана нямала. Бясспрэчна, выхаваць устойлівую цікавасць, любоў і павагу да роднага слова, сфарміраваць чуткасць да моўных норм і сродкаў выразнасці, развіць адпаведныя моўныя здольнасці ў сённяшніх дзяцей неабходна. Але як захапіць іх, зацікавіць, зрабіць так, каб ім захацелася вывучыць родную мову?

На мой погляд, лепшым стымулам для праяўлення маўленчай актыўнасці дзяцей на беларускай мове з’яўляецца гульня. Перш за ўсё, гэта прывабны і блізкі дзецям дашкольнага ўзросту від дзейнасці, які адпавядае іх інтарэсам і патрэбам. Акрамя таго, гэта наймацнейшы сродак сацыялізацыі і самарэалізацыі дашкольнікаў, пераадолення ў іх розных камунікатыўных бар’ераў, неабходная ўмова рознабаковага развіцця асобы і інтэлекту. Важна адзначыць, што гульні, якія выкарыстоўваюцца з мэтай развіцця ведаў па беларускай мове, павінны адрознівацца ад тых, у якія дзеці гуляюць на рускай мове. Толькі такія гульні могуць стаць “псіхалагічным апраўданнем” пераходу з рускай на беларускую мову.

Яскравым прыкладам такой незвычайнай, арыгінальнай і нестандартнай гульні з’яўляецца квест. Калі звярнуцца да слоўніка, то паняцце “quest” у перакладзе з англійскага будзе азначаць пошук чаго-небудзь, выкананне заданняў. Квест-гульня запрашае дзяцей адправіцца ў займальнае падарожжа, акунуцца ў свет загадак і прыгод, праявіць кемлівасць. Фармат гульні дазваляе кожнаму ўдзельніку праявіць сябе, стымулюе маўленчую актыўнасць, выклікае жаданне ўзаемадзейнічаць як адно з адным, так і з дарослымі. Такая форма арганізацыі адукацыйнага працэсу аказвае эмацыянальнае ўздзеянне на выхаванцаў, падтрымлівае іх цікавасць, павышае матывацыю.

У сваёй педагагічнай практыцы я выкарыстоўваю мноства квестаў – ад кароткачасовых (разлічаных на адзін занятак), да працяглых. Кожны квест – гэта ўнікальны прадукт, які ўключае ў сябе разнастайныя інтэлектуальныя і творчыя заданні: рашэнне рэбусаў, загадак, крыжаванак, галаваломак, дыдактычныя гульні, тэматычнае праходжанне перашкод, паэтычныя паядынкі, кароткія тэатральныя пастаноўкі, драматызацыі і г.д.


Поспех правядзення любога квеста залежыць ад выбранай тэмы, ад таго, наколькі яна будзе актуальнай і цікавай для выхаванцаў. Напрыклад, займальным і захапляльным мерапрыемствам стаў для дзяцей квест “У пошуках Снегавіка”. Дашкольнікі дружна выконвалі гульнёвыя заданні, схаваныя ў сняжынках: адгадвалі загадкі, успаміналі назвы зімовых месяцаў, шукалі адрозненні на малюнках, расказвалі пра зімовыя забавы, ператвараліся ў артыстаў тэатра лялек і інш. У выніку казачны герой быў знойдзены ў гарадскім парку на выставе навагодніх ёлак. У працэсе гульнёвага квеста дашкольнікі не толькі вырашалі пэўную камунікатыўную задачу, але і, разглядаючы дызайнерскія ёлкі, пашырылі свае ўяўленні пра прадпрыемствы горада, працу дарослых і прадукцыю, якую яны вырабляюць.

 

Такім чынам, выкарыстанне квест-гульняў у адукацыйным працэсе дазваляе комплексна вырашаць пастаўленыя задачы, пазнаёміць выхаванцаў з новай інфармацыяй, замацаваць наяўныя ўяўленні і ўдасканаліць уменні. Галоўная перавага такой формы работы ў тым, што яна дазваляе ненадакучліва, у гульнявым, займальным выглядзе фарміраваць у выхаванцаў устойлівую цікавасць і станоўчыя адносіны да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий