Выкарыстанне сэрвісаў Web 2.0 на ўроках інфарматыкі для актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў

- 20:10II И III СТУПЕНИ, Информатика, Методичка

 

Жанна ЛУМПІЕВА,
настаўнік інфарматыкі
ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Смаргоні»,
Гродзенская вобласць

 news.smorg.sch1@gmail.com

 

 

 

 

Сёння свет – гэта адкрытая кніга для кожнага чалавека. Развіццё сучаснай адукацыі непарыўна звязана з інфарматызацыяй грамадства, выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў. Адным з такіх рэсурсаў з’яўляюцца сэрвісы Web 2.0, якія даюць магчымасць педагогу распрацоўваць розныя заданні, накіраваныя як на развіццё пазнавальнай цікавасці да прадмета, так і на рэалізацыю прынцыпу актыўнасці вучня ў працэсе навучання.

Web 2.0– гэта:

– удасканаленне сістэмы кіравання навучаннем на розных этапах урока;
– узмацненне матывацыі вучэння;
– развіццё творчага патэнцыялу;
– павышэнне інфармацыйнай культуры вучняў;
– павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі вучняў у галіне сучасных інфармацыйных тэхналогій (малюнак 1).

Малюнак 1 – Магчымасці Web 2.0

 

На сайце ЧУДЕСА Web2.0 размешчаны ўсе сэрвісы з падрабязнай інструкцыяй і прыкладамі выкарыстання кожнага. З усяго мноства лёгка выбраць сэрвісы, якія можна выкарыстоўваць на кожным этапе ўрока (малюнак 2).

Малюнак 2 – Прымяненне сэрвісаў Web 2.0 на ўроках

 

У сваёй працы часцей за ўсё я выкарыстоўваю наступныя сэрвісы.

На этапе актуалізацыі ведаў цікава ўжываць сэрвіс “Рэбус” http://rebus1.com, які дазваляе вельмі хутка стварыць рэбус па любым паняцці, зашыфраваць апорныя словы, тэрміны, неабходныя для далейшага засваення матэрыялу.

Напрыклад, для паўтарэння адзінак вымярэння аб’ёму інфармацыі сэрвіс прапануе такія рэбусы (малюнкі 3,4).

Малюнак 3 – Біт                               Малюнак 4 – Байт

 

На этапе праверкі дамашняга задання, а таксама праверкі ведаў, уменняў і навыкаў вучняў актуальныя наступныя сэрвісы:

Google-формы https://sites.google.com/. Сэрвіс валодае магчымасцю стварэння пытанняў рознага тыпуі адказаў, дапамагае зрабіць аналіз адказаў. Навучэнцы могуць атрымаць дадзенае апытанне па пошце (што актуальна для дыстанцыйнай формы работы).

LearningApps https://Learningapps.org/. Сэрвіс працуе з дапамогай інтэрактыўных модуляў, дазваляе стварыць велізарную колькасць заданняў, а таксама дае магчымасць выкарыстання гатовых інтэрактыўных практыкаванняў. Для сваіх урокаў я складаю розныя віктарыны з выбарам правільнага адказу, заданні “Знайдзі пару”, “Сетка слоў”, “Табліца адпаведнасцей”, “Расстаў па парадку”, пазлы “Угадайка”. Вучні маюць магчымасць правяраць свае веды ў прывабнай для іх форме.

Фабрыка крыжаванак http://www.puzzlecup.com/. Сэрвіс дазваляе ствараць крыжаванкі не толькі настаўніку, але і навучэнцам. Дастаткова скласці пералік актуальных на ўроку пытанняў і адказаў, як праграма аўтаматычна згенеруе крыжаванку. Вучні на ўроку могуць абменьвацца адно з адным створанымі крыжаванкамі.

На этапе падрыхтоўкі вучняў да актыўнага і свядомага засваення новага матэрыялу я выкарыстоўваю наступныя сэрвісы:

Карты ведаў, ці ментальныя карты http://www.mindomo.com/. Гэта зручны спосаб структуравання інфармацыі, дзе галоўная тэма знаходзіцца ў цэнтры ліста, а звязаныя з ёй паняцці размяшчаюцца вакол у выглядзе дрэвападобнай схемы. Пабудова карт можа праходзіць індывідуальна або ў групах. Перавагамі з’яўляюцца павышэнне разумення матэрыялу, запамінання, развіцця творчасці навучэнцаў.

Воблака слоў Word it Out http://www.wordle.net/. Я выкарыстоўваю гэты сэрвіс для шыфравання тэмы ўрока, у заданнях для аднаўлення вызначэння па дадзенай тэме, для вызначэння лішняга слова. Навучэнцы з дапамогай створанага воблака запаўняюць табліцу розных паняццяў. Гэты сэрвіс дазваляе раздрукаваць падрыхтаванае воблака і выкарыстоўваць як раздатачны матэрыял.

На этапе засваення новых ведаў і спосабаў дзеянняў я практыкую на сваіх уроках сэрвіс для стварэння нестандартных прэзентацый Prezi http://prezi.com/. Замест звыклых прэзентацый PowerPoint гэты сэрвіс генеруе адзін гіганцкі слайд, які змяшчае ўсю прэзентацыю цалкам. Кожны элемент гэтага слайда можна павялічваць або памяншаць асобна. Работа вучняў з гэтым сэрвісам ператвараецца ў дынамічны працэс, які праходзіць у трохмерным асяроддзі.

На этапе замацавання новага матэрыялуя выкарыстоўваю сэрвіс QRCoder http://qrcoder.ru/. Навучэнцы з задавальненнем выкарыстоўваюць свае смартфоны ў навучальным працэсе. Цікавыя вучням таксама маршрутныя лісты з QR-кодамі, у якіх загадзя кадзіруюцца адказы і спасылкі для паўтарэння матэрыялу (малюнак 5)

Малюнак 5 – Адказ на пытанне «Што такое заліўка?»

 

На этапе прымянення ведаў і спосабаў дзеянняў выкарыстоўваю Google-прэзентацыі https://sites.google.com/. Гэты сэрвіс дазваляе ствараць прэзентацыі сумесна з навучэнцамі і дэманстраваць свае вынікі іншым карыстальнікам. Спачатку я ствараю план-аснову прэзентацыі, наладжваю доступ і адсылаю спасылку навучэнцам па пошце. Далей усе вучні ствараюць па адным слайдзе. У выніку атрымліваецца паўнавартасная прэзентацыя для абагульнення тэмы. Сэрвіс дае магчымасць апублікаваць прэзентацыю на вэб-сайце.

На этапе абагульнення і сістэматызацыі ведаў вучняў можна выкарыстоўваць большасць сэрвісаў Web 2.0.

Пры падвядзенні вынікаў урока, правядзенні рэфлексіі і ацэньвання ведаў вучняў я выкарыстоўваю анкету-апытальнік Google-формы і сэрвіс Linout http://linoit.com/, якія ўяўляюць сабой віртуальную дошку, дзе кожны навучэнец можа размясціць нататку або іконку пра цяжкасці або поспехі на ўроку, указаць сваё імя і дату і адправіць настаўніку. Зыходзячы з даных нататкаў, рыхтуючыся да наступнага ўроку, я магу карэктаваць прабелы ў ведах вучняў.

Сэрвіс Брашачка http://brushechka.ru/ – праграма для малявання анлайн, якая дапаможа дзецям развіць фантазію і вобразнае мысленне, ствараючы малюнкі, у якіх яны адлюструюць свае ўражанні пра ўрок, што спадабалася, здалося сумным, засталося незразумелым.

У заключэнне хачу адзначыць сэрвіс Blockly https://blockly-games.appspot.com, які дазваляе вучням зрабіць першыя крокі ў галіне праграмавання ў гульнявой форме. Розныя раздзелы (лабірынт, птушка, фільм, фауна, сажалка) знаёмяць вучняў з цыкламі і галінаваннямі, са складанымі канструкцыямі алгарытмаў, вучаць выкарыстоўваць матэматычныя ўраўненні, знаёмяць са злучэннем блока і даюць магчымасць навучэнцам паўдзельнічаць у адкрытым конкурсе на лепшы код. Гуляючы, навучэнцы, самі не ведаючы таго, пераходзяць да звычайнага праграмавання.

Сэрвісы Web 2.0 даюць шырокія магчымасці для актывізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. Скончыць свой артыкул хочацца вядомай прыказкай, прачытаць якую вы зможаце, ужыўшы QRCoder (малюнак 6).

Малюнак 6 – Прыказка

 

 

Дадатак

 

Прыклады выкарыстання сэрвісаў

 

Спасылка для тэсту гугл-формы: https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSf37Z94_5nq-abDzVlg1UE_hof8RLQmDRJxj4olKZJMrN3g6A/viewform?usp=sf_link

Спасылка на гугл-прэзентацыю: https://docs.google.com/presentation/d/1h3fiLQkDX7UHwXlki5jMdXMmZhfgMyNDMlNwtre5ALU/edit?usp=sharing

Спасылка на рэбусы:
https://drive.google.com/file/d/1LjopnEa4Pe3kUtemj1JKSYQPjUa1LbvC/view?usp=sharing

Спасылка на крыжаванкі:
http://puzzlecup.com/?guess=4ADF39060A0C8EAU

Спасылка на воблака слоў:
https://drive.google.com/file/d/1um3fwAHQU6htGnohW_izkSGIkPA_3hdQ/view?usp=sharing

Спасылка на ментальную карту:
https://drive.google.com/file/d/1gIcIO2qTEnw1VkKiwNQJhojDS-OAWDt9/view?usp=sharing

 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий