Інфармацыйнае суправаджэнне выхаваўчай дзейнасці (на прыкладзе пачатковых класаў)

- 14:22Классный час

 

Аляксандра ЮРАШЧЫК,
настаўнік пачатковых класаў
сярэдняй школы №2 Гродна

 

 

Класнае кіраўніцтва патрабуе ад настаўніка пачатковых класаў выканання шэрагу абавязкаў. Акрамя штодзённай падрыхтоўкі да прадметных урокаў неабходна пастаянна быць у курсе спраў, якімі жывуць вучні твайго класа. Класны кіраўнік у пачатковай школе – гэта без перабольшання другая мама для сваіх вучняў. Мама, якая заўсёды дапамагае і падказвае сваім дзецям, каб у іх усё атрымлівалася, каб ім было камфортна, каб з імі нічога дрэннага не здарылася. Такім чынам, класнае кіраўніцтва – гэта вобраз жыцця, які проста неабходна навучыцца сумяшчаць з уласным жыццём. У настаўніка абавязкова павінна быць цікавае захапленне, магчыма, нават некалькі.

Важнейшым кірункам работы настаўніка з’яўляецца выхаванне навучэнцаў, садзейнічанне іх станаўленню як паўнавартасных асоб з пэўным наборам маральна-этычных і эстэтычных каштоўнасцей, здольных адрозніць праўду ад хлусні, дабро ад зла, прыгажосць ад пачварнасці. Адна з першасных задач класнага кіраўніка – выхаваць у кожным дзіцяці маленькага грамадзяніна – патрыёта сваёй Радзімы, які гэта даказвае не толькі словам, але і справай. 

Сваю выхаваўчую дзейнасць ажыццяўляю ў цесным супрацоўніцтве з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Пры неабходнасці заўсёды прыходзіць на дапамогу адміністрацыя школы, рэгулярна праводзяць кансультацыі работнікі школьнай сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. У перыяд навучання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі важную падтрымку аказваюць бацькі навучэнцаў. Падабраць ключык да сэрца кожнага вучня дапамагае пастаянны кантакт з імі не толькі на ўроках, але і па-за ўрочнай дзейнасцю.

З развіццём і ўкараненнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій гэтыя працэсы набылі характар большай дынамічнасці, аператыўнасці, наглядна-вобразнай насычанасці. Інфармацыйнае суправаджэнне выхаваўчай дзейнасці дазволіла надаць гэтаму працэсу сучасны характар, актывізаваць вучняў, зацікавіць іх і заматываваць.

Класны кіраўнік павінен быць прыкладам для сваіх выхаванцаў. Яго прывабны знешні выгляд, правільная і дастаткова эмацыянальная мова, культурныя паводзіны, захопленасць прафесіяй, узровень валодання сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі міжвольна адкладваюцца ў памяці вучняў на доўгія гады. Наколькі станоўчымі ці адмоўнымі будуць гэтыя дзіцячыя ўспаміны, у многім залежыць ад класнага кіраўніка.

У ажыццяўленні выхаваўчай дзейнасці выкарыстоўваю наступныя прыёмы і метады з прымяненнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій:

– сустрэчы;
– сямейныя ўрокі-прэзентацыі;
– экскурсіі;
– круглыя сталы;
– марафоны выступленняў;
– творчыя майстэрні;
– стварэнне буктрэйлераў па кнігах;
– віртуальныя экскурсіі, фотакалажы, флэшмобы;
– калектыўныя творчыя справы з удзелам дзяцей і бацькоў.

Да прыкладу, адным з яскравых выхаваўчых мерапрыемстваў стаў сямейны ўрок-прэзентацыя з нагоды Дня абаронцы Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Правяла яго мама аднаго з нашых вучняў. Намечаная сустрэча, зразумела, да самай апошняй хвіліны насіла характар строгай сакрэтнасці, што дало магчымасць атрымаць ад яе максімальны выхаваўчы эфект. Вялікае ўражанне на дзяцей аказала сямейная рэліквія – фотаальбом слаўнага дзядулі-марака, а таксама выстава малюнкаў і фігурак ваеннай тэхнікі, створаная нашым вучнем спецыяльна з нагоды сустрэчы. Інфармацыя пра сямейны ўрок-прэзентацыю знайшла адлюстраванне на школьным сайце.

У класе прайшоў марафон выступленняў вучняў пад назвай “Сем цудаў Беларусі”. Кожны з выступоўцаў паспрабаваў сябе ў ролі аратара, загадзя падрыхтаваўшы невялікае паведамленне пра знакамітыя аб’екты Беларусі. Возера Нарач, Белавежская пушча, Бабруйская крэпасць, касцёл у Будславе, Сафійскі сабор у Полацку – адпаведныя ілюстрацыі былі прадстаўлены на тэматычнай выставе. Інфармацыя пра дадзенае мерапрыемства была размешча ў рэспубліканскім сеткавым выданні «NG-PRESS.BY».

Вучні паступова даведваюцца пра гераічнае мінулае сваіх землякоў, беражліва захоўваюць памяць пра гэта. Напрыклад, моцны выхаваўчы ўплыў на іх аказала знаёмства з буктрэйлерам па кнізе “Ніколі не забудзем”, створаным і агучаным іх класным кіраўніком пры тэхнічнай падтрымцы калег. Не засталіся ўбаку чулыя дзіцячыя душы і ад верша “Вялікай Перамозе – 75!” аўтарства іх класнага кіраўніка. Названы верш апублікаваны на нацыянальным адукацыйным партале adu.by у рамках грамадзянска-патрыятычнага марафону, прысвечанага 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне “Это нужно – не мертвым! Это надо – живым!”.

Адна з інфармацыйных гадзін прайшла ў форме віртуальнай экскурсіі ў рэдакцыю часопіса “Краіна дзяцінства”. З вялікім захапленнем хлопчыкі і дзяўчынкі працавалі ў дзіцячай рэдакцыі, дзе ўсё было па-даросламу: кожны з вучняў атрымаў рэдакцыйнае заданне і ўзяўся яго выконваць. Фотакарэспандэнт рабіў здымкі экскурсіі ў школьны музейны пакой “Спартыўная слава школы”, а яго калегі-журналісты самастойна напісалі заметку пра гэту падзею. У аддзеле пісьмаў адабралі для публікацыі лепшыя малюнкі чытачоў. Хтосьці з аўтараў працаваў над напісаннем рэкамендацый па бяспечным выкарыстанні салютаў напярэдадні навагодніх свят. Рэдактары працавалі і над пошукам кароткіх інфармацыйных паведамленняў для рубрыкі “Лента навінаў” (навіны з жыцця нашага горада). І ўсё гэта патрэбна было зрабіць такім чынам, каб зацікавіць мэтавую аўдыторыю часопіса – вясёлых хлопчыкаў і дзяўчынак ад 6 да 10 гадоў. Неабходна адзначыць, што юныя аўтары паспяхова справіліся з прапанаванымі заданнямі.

Магчымасць абагуліць свой выхаваўчы вопыт на школьным сайце ёсць у кожнага настаўніка. Сёння, бадай, не знойдзецца ніводнай школы, якая б не мела свайго сайту. Іншая справа, што не кожны настаўнік займаецца запаўненнем кантэнту. На мой погляд, школьны сайт – добрая магчымасць уласнаруч стварыць своеасаблівы віртуальны летапіс жыцця класа, тым самым дзяліцца вопытам з калегамі, прадстаўляць вынікі працы да ведама бацькоў, трымаць іх у курсе жыцця класа. Самі вучні таксама вельмі задаволены, калі іх канструктыўныя намаганні знаходзяць водгук на электроннай старонцы класа. Яны вельмі ганарацца тым, што пра іх поспехі даведваюцца не толькі бацькі, але і проста знаёмыя і незнаёмыя людзі.

Час дыктуе новую ролю класнага кіраўніка – ролю “ньюсмэйкера”, “піяр-менеджэра”, “кантэнт-рэдактара”. У выніку ад гэтага выйграе і вучнёўскі калектыў, таму што пасродкам граматна арганізаванай інфармацыйнай кампаніі па асвятленні жыцця класа ствараецца пазітыўны вобраз дзяцей у цэлым і кожнага вучня паасобку. Сам настаўнік у выніку такой дзейнасці фарміруе ўласны вобраз спецыяліста сваёй справы, дэманструе гэта на канкрэтных прыкладах. Ёсць магчымасць атрымання зваротнай сувязі пасродкам каментарыяў, што дае магчымасць карэкціроўкі зробленага.

Пастаянна цікаўлюся вопытам выхаваўчай дзейнасці сваіх калег, дзякуючы чаму і сама натхняюся на розныя творчыя справы. Бясконцая крыніца натхнення – гэта мае вучні. Калі шчыра цікавішся іх справамі, іншы раз у размове можа нарадзіцца даволі каштоўная ідэя для чарговага творчага пачынання. Гэта адна з прычын, чаму ў класнага кіраўніка заўсёды павінен знаходзіцца час для жывой гутаркі са сваімі выхаванцамі. А ўвасобіць у жыццё задуманае дапамогуць інфармацыйныя тэхналогіі.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий