Вобраз зімы ў творах мастацтва. “Зіма ў вёсцы” (гуаш). Урок выяўленчага мастацтва. 3 клас

- 8:16Изобразительное искусство, Методичка

 

 Ала ЛАЗОВІК,
настаўнік пачатковых класаў
Круцілавіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

У наш час ва ўстановах адукацыі існуе праблема: не хапае кваліфікаваных спецыялістаў у выкладанні такіх прадметаў, як “Музыка”, “Выяўленчае мастацтва”. Гэтыя вучэбныя прадметы выкладаюць настаўнікі пачатковых класаў, якія ў свой час вывучалі методыку выкладання ўсіх прадметаў эстэтычнага цыклу. Я адзін з такіх настаўнікаў. Таму прапаную вашай увазе свой урок выяўленчага мастацтва ў 3-м класе з беларускай мовай навучання па тэме “Вобраз зімы ў творах мастацтва. Зіма ў вёсцы”. Гэта першы ўрок па тэме. Далей, на другім уроку, зыходзячы з папярэдне засвоенага матэрыялу, вучні павінны будуць стварыць зімовы пейзаж гуашшу.

 

Тэма: Вобраз зімы ў творах мастацтва. “Зіма ў вёсцы”(гуаш).

Мэта: пашырэнне ўяўленняў навучэнцаў пра вобраз зімы ў творах літаратуры, музыкі, выяўленчага мастацтва.

Задачы:

– садзейнічаць актуалізацыі ўяўленняў пра сезонныя зменыў прыродзе, знаёмству з творамі розных відаў мастацтва пра зіму; удасканаленню ўмення перадаваць уражанні ад вобразаў зімовай прыроды пры стварэнні кампазіцыі;

– спрыяць развіццю вобразнага ўяўлення, мыслення, памяці, творчых здольнасцей, мастацкіх навыкаў;

– выхоўваць бяспечныя паводзіны ў зімовы перыяд, эстэтычны густ.

Клас: 3.

Абсталяванне: альбом, гуаш, палітра, просты аловак, пэндзлік, шклянка для вады, падстаўка для працы, ласцік, рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў, мальберт, мультымедыйная ўстаноўка, ноўтбук, карткі.

 

Ход урока

І Арганізацыйны момант

На творчы наш урок
Празвінеў зараз званок.
Будзем размаўляць, запамінаць
І малюнак свой ствараць.

– Добры дзень, дзеці! Для таго каб наш урок прайшоў у цёплай і лагоднай атмасферы, каб усё запланаванае атрымалася, дарую вам сняжынку-смяшынку. Паглядзіце, як задорна яна ўсміхаецца! Падарыце і вы ўсмешку адно аднаму. Жадаю, каб усё на ўроку вам было зразумела, каб у вас быў цудоўны настрой, каб вы атрымалі неабходныя веды.

 

ІІ Праверка арганізацыі рабочага месца

На рабочым месцы павінны размясціцца аловак, ласцік, альбом, пэндзлік, шклянка для вады, палітра, гуаш, кляёнка-падстаўка.

 

ІІІ Уступная гутарка

– Вось цяпер мы гатовы пачаць урок. Паслухайце, калі ласка, загадку:

Снег ляціць, мароз трашчыць,
Хто адгадае, калі гэта бывае? (Зімою)

 

ІV Паведамленне тэмы і мэтаў урока

– Вы ўжо здагадаліся, што тэмай сённяшняга ўрока будзе зіма. А дакладней, вобраз зімы ў творах розных відаў мастацтва. На ваш погляд, чаму мы павінны навучыцца на ўроку? (Разам з настаўнікам дзеці спрабуюць пералічыць).

       – Разгледзець і прааналізаваць вобразы зімы ў творах літаратуры, мастацтва, музыкі.
       – Стварыць эскіз зімовага пейзажу па тэме ўрока.
       – Успомніць прыметы зімы.
       – Правілы паводзін у зімні перыяд.

– Па якіх прыметах мы даведаемся, што на вуліцы зіма?
       – Ляжыць снег.
       – Мароз.
       – Адляцелі пералётныя птушкі.
       – Пачатак каляндарнай зімы – 1 снежня.
       – Хмары шэрага колеру.
       – Сонейка свеціць зрэдку і ўжо не грэе.
       – Дрэвы стаяць без лісця.

– Так, сапраўды. Усе гэтыя прыметы мы прыгадалі нездарма: яны нам спатрэбяцца пры стварэнні зімовага пейзажу.

Зіма. Любімая пара года многіх людзей. Вы любіце зіму? Чаму?

Але ў гэты ж час зіма – і самая небяспечная пара года. Чаму?

Скажыце, калі ласка, якія правілы паводзін мы павінны помніць зімой, каб не трапіць у небяспечныя сітуацыі?
       – Цёпла апранацца.
       – Мець на сабе святлоадлюстроўваючыя элементы.
       – Не гуляць па вадаёмах на каньках.
       – Катацца на санках, лыжах, каньках у спецыяльна адведзеных месцах.
       – Не пускаць самім піратэхнічныя вырабы.
       – У галалёд рухацца па пасыпаных пяском тэрыторыях і інш.

Зіма ўражвае сваім хараством усіх. Мастакі адлюстроўваюць хараство гэтай пары года праз багатую палітру фарбаў, паэты ствараюць слоўныя вобразы, музыканты выражаюць сваё бачанне зімы праз гармонію гукаў.

 

V Вывучэнне новага матэрыялу

Прэзентацыя “Вобраз зімы ў творах мастацтва”

Слайд1 – Успомніце, што мы разумеем пад словам мастацтва? Якія жанры ўваходзяць у агульнае паняцце мастацтва? (Мастацтва – літаратура, жывапіс, музыка, кіно, тэатр, танец і інш.).

Слайд2 – Спачатку разгледзім вобраз зімы ў літаратуры. Многія паэты і пісьменнікі, як і ўсе звычайныя, простыя людзі, захапляюцца хараством зімовага перыяду. Шмат складзена літаратурных твораў пра зіму, першы снег, сняжынкі, завірухі, зімовыя забавы і г.д. Навучэнкі нашага класа падрыхтавалі вашай увазе вершы беларускіх паэтаў. Але, перш чым іх праслухаць, закрыйце вашы вочкі і пастарайцеся ўявіць вобраз зімы такой, якой бы вы яе намалявалі.

“Зіма”

Надышлі марозы,
Рэчкі закавалі,
Белыя бярозы
Шэранем убралі.
       Замялі дарогі
       Ветрыка снягамі.
       Лес, як дзед убогі
       З доўгімі вусамі.
Апусціў галіны
I стаіць журботна,
Зрэдку верхавіны
Зашумяць маркотна.
       Мяккая пярына
       Вочы адбірае.
       Белая раўніна –
       Ніканцані краю.
Пад пялёнкай белай
Травы і лісточкі.
Рэчка анямела
Змоўклі ручаёчкі.
       Амярцвелі лозы,
       Чуць галлём хістаюць.
       А ў палях марозы
       Ды вятры гуляюць.
                                         Якуб Колас

 

“Зіма”

Люты холад.
Сцюжа кружыць.
Лёд скаваў
Раку і лужы.
       Першай шэранню
       Сняжынкі
       Беляць
       Хаты і сцяжынкі.
Трубіць вецер
Над зямлёю:
З надыходзячай зімою!
                             Леанід Пранчак

– Якой вы ўявілі сабе зіму?
– Якія характэрныя рысы зімы вы заўважылі ў вершах?
– Якія б колеры выкарысталі для свайго малюнка? Чаму?

Слайд 3 – Паглядзіце, дзеці, якія малюнкі да твораў падрыхтавалі мастакі.

Слайд 4 – Акрамя паэтаў і пісьменнікаў, кампазітары таксама захапляліся і захапляюцца зімою, ствараючы свае музычныя вобразы зімы. Зараз праслухаем творы вядомых кампазітараў пра зіму.

– Якой вы ўявілі зіму, слухаючы музычныя творы?
– Ці дапаможа, на вашу думку, музыка стварыць вобраз зімы?
– Якім чынам?
– Ці будзе ўплываць музычны твор на стварэнне малюнка? Чаму?

Слайд 5 – Прыйшоў час разгледзець вобраз зімы ў творах мастакоў. Падчас прагляду рэпрадукцый звярніце ўвагу на стварэнне зімовага пейзажу.

Нагадайце мне, што такое пейзаж?

Пейзаж  – жанр выяўленчага мастацтва, у якім асноўным прадметам адлюстравання з’яўляецца прырода: ці сама па сабе створаная, ці пераўтвораная чалавекам. У пейзажы адлюстроўваюцца стаўленне мастака да прыроды, яго настрой і пачуцці. (с. 170–171 падручніка).

       – Што аб’ядноўвае ўсе работы?
       – Якія колеры пераважаюць?
       – Які час сутак адлюстраваны?
       – Якога колеру неба?
       – Чым адрозніваюцца дрэвы на пярэднім плане ад тых, што на заднім плане?

 

Работа з падручнікам:

Алгарытм стварэння кампазіцыі.

– Якія аб’екты размешчаны на пярэднім плане?
– Якія аб’екты размешчаны на заднім плане?
– Што падобнае сустракаем ва ўсіх рэпрадукцыях?
– Якімі колерамі адлюстравана зіма ў мастакоў?

 

VІ Фізкультхвілінка

Говорю я всем: «Зимой закаляйтесь все со мной. 
Утром бег и душ бодрящий, 
Как для взрослых, настоящий! 
На ночь окна открывать, 
Свежим воздухом дышать. 
Ноги мыть водой холодной, 
И тогда микроб голодный 
Вас не сможет одолеть». 

 

VІІ Паэтапная практычная частка

– Перш чым мы пачнем працаваць, успомніце тэхніку бяспекі на ўроках выяўленчага мастацтва.

– Як трэба размясціць альбомны аркуш? Чаму?

       – Успомніце наша залатое правіла:
       – не націскаць моцна алоўкам;
       – не сціраць часцей 3 разоў;
       – не казаць: “У мяне не атрымаецца”.

– Чаму?

Крытэрыі выканання работы:
       Акуратнасць.
       Самастойнасць.
       Адпаведнасць тэме.

 

Паэтапнае выкананне малюнка: (гучыць аўдыёзапіс П.І.Чайкоўскага “Времена года – декабрь”).

 

1 Лінія гарызонту. У залежнасці ад лініі гарызонту будуць размяшчацца і нашы прадметы. Чым прадмет бліжэй да лініі гарызонту, тым ён меншы для нашых вачэй. І наадварот, чым прадмет далей ад лініі гарызонту, тым ён большы.
2 Контуры дамоў.
3 Задні план: дрэвы, дамы.
4 Пярэдні план: сцяжынка, возера, ёлкі.
5 Творчая задума навучэнцаў.

 

VІІІ Бягучы інструктаж

Падчас выканання паэтапнага стварэння эскізу зімовага пейзажу навучэнцам даюцца заўвагі і рэкамендацыі, аказваецца патрэбная дапамога. Агульныя памылкі аналізуюцца і выпраўляюцца калектыўна.

 

ІХ Выстава і аналіз работ вучняў

– Вось наша выстава малюнкаў. Раскажыце, якія з малюнкаў найбольш адпавядаюць пастаўленым крытэрыям?

 

Х Падвядзенне вынікаў урока і рэфлексія

Гульня “Пахвалі сябе”. Вучні хваляць сябе:

– за стараннасць;
– за самастойнасць;
– за творчасць;
– за добрыя адказы;
– за добрыя паводзіны на ўроку;
– за акуратнасць.

 

ХІ Дамашняе заданне

На наступны ўрок вазьміце з сабой гуаш, палітру, пэнздлікі, падстаўку для работы, шклянку для вады.

 

ХІІ Уборка працоўных месцаў

 

ПРЭЗЕНТАЦЫЯ Вобраз зімы ў творах мастацтва. “Зіма ў вёсцы”

Спасылка на аўдыёзапіс П.І.Чайкоўскага “Времена года – декабрь”: https://drive.google.com/file/d/1ekI0eCGPB9TYT1LRemfb_0oKFMe4z3J3/view?usp=sharing

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий