Скарбонкі роднай мовы

- 13:53II И III СТУПЕНИ, Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

 

Зінаіда МАКСІМОВІЧ,
настаўнік пачатковых класаў
Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

“Скарбонкі роднай мовы” – так называлася мерапрыемства, якое прайшло ў 4-м класе Гарадзечненскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Навагрудскага раёна ў рамках тыдня роднай мовы, прымеркаванага да Міжнароднага дня роднай мовы, што адзначаецца 21 лютага.

Айчына, Радзіма, Беларусь, родная мова… Гэтыя паняцці ўваходзяць у наша жыццё з самага дзяцінства разам з добрай усмешкай матулі, з ласкавай цеплынёй сонечнага праменьчыка, з надзейнымі сябрамі, з той прыгажосцю, якая сустракае нас за парогам бацькоўскага дома.

Падчас тыдня чацвертакласнікі змаглі добра пашырыць свае веды пра багацце беларускай мовы. Значнай і цікавай адзінкай са скарбонкі нашай мовы з’яўляюцца фразеалагізмы. Для беларускай мовы характэрна багацце і разнастайнасць фразеалагічных сродкаў. Яны найбольш яскрава перадаюць адметнасць нашай мовы, дазваляюць выказвацца вобразна і эмацыянальна, робяць яе больш яркай і выразнай, вучаць разумець сапраўдныя маральныя каштоўнасці, народную мудрасць, пашыраюць жыццёвы вопыт.

Для засваення фразеалагічных адзінак былі выкарыстаны практыкаванне “Падбяры малюнак”, гульня “Аўкцыён”. Цікавымі сталі практыкаванні “Замяні фразеалагізм”, “Злучы пары”, “Хто больш”. Вучні ахвотна ўключаліся ў работу з фразеалагічнымі адзінкамі, падбіралі антанімічныя фразеалагізмы, вызначалі сінамічныя пары, знаходзілі фразеалагізмы ў лінгвістычных апавяданнях, практыкаванні “Дапішы фразеалагізм”, гульні “Шыфроўка”, “Трэці лішні”.

Вось некаторыя з іх.

Гульня “Аўкцыён”. На “продаж” выстаўлены словы курыца, мядзведзь, сабака. Вучні па чарзе называюць фразеалагізмы з гэтымі словамі. Перамагае той “пакупнік”, які апошнім назаве фразеалагізм з прапанаваным словам.

Практыкаванне “Падбяры малюнак”. На дошцы – карцінка з адлюстраваннем жывёлы, якая адпавядае фразеалагізму. Настаўнік пытае:

– Якімі рысамі характару чалавек надзяляе гэтых жывёл?

– Зараз мы паглядзім, хто з вас уважлівы і хутка дапоўніць сказ адпаведным малюнкам.

Хітры як … (ліса); галодны як … (воўк); палахлівы як … (заяц); калючы як … (вожык); надзьмуты як … (індык); верны як … (сабака); спрытны як … (вавёрка); упарты як … (асёл) і г.д.

Гульня “Замяні”. Настаўнік называе слова, а вучні замяняюць яго фразеалагічным зваротам.

Хутка – ляцець арлом; назойліва – асою лезці ў вочы; мелка – вераб’ю па калена; моцны апетыт – воўчы; чуйна спаць – спаць як заяц; малы – кату па пяту; мала – як кот наплакаў і г.д.

Практыкаванне “Дапішы фразеалагізм”. Дапісаць фразеалагізм, выбраўшы з дужак патрэбнае слова або форму слова.

Рабіць з … (камара, мухі) слана; з … (галубіны, камароў) нос; жыць як кот з … (мышшу, сабакам); пісаць як … (гусь, курыца) лапай; дзе і Макар … (коз, кароў) не пасе; і г.д.

Прапанаваныя на мерапрыемстве гульні і практыкаванні далі магчымасць правільна выкарыстаць засвоеныя фразеалагізмы ў розных сітуацыях зносін, садзейнічалі ўзбагачэнню слоўнікавага запасу і развіццю творчага патэнцыялу навучэнцаў.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий