- ГРОДЗЕНШЧЫНА, Рэгiёны

Гавары са мной па-беларуску

 

У сярэдняй школе № 1 Навагрудка правялі акцыю “Гавары са мной па-беларуску”, прымеркаваную да Міжнароднага дня роднай мовы. Дзеці і дарослыя акунуліся ў чароўны свет роднага слова, якое гучала на працягу ўсяго дня.

Пачалася акцыя з інфармацыйнай хвілінкі “Дзень роднай мовы”, якая змяшчала ў сабе важнасць для кожнай краіны даты 21 лютага, а таксама вучні былі азнаёмлены і запрошаны да актыўнага ўдзелу ў спланаваных мерапрыемствах. І сапраўды, дзень прайшоў цікава, павучальна, крэатыўна.

Вучні малодшых класаў сталі сведкамі чароўнага, цудадзейнага свету міфічных герояў. У вачах дзяцей чыталася то ўсмешка, то суперажыванне, то хваляванне… Таксама пачаткоўцы прагледзелі беларускамоўныя мультфільмы і наведалі віртуальны музей нашых пісьменнікаў-юбіляраў.

У тым, што аловак і пэндзаль можа дапамагчы асэнсаваць змест мастацкага твора, пераканаліся вучні старшых класаў. Яны сталі ўдзельнікамі праекта “Творы пісьменнікаў вачамі вучняў”. Ілюстрацыі да твораў беларускіх мастакоў слова ўпрыгожвалі фае ўстановы адукацыі.

Усе жадаючыя, і вучні, і педагогі школы, сталі ўдзельнікамі літаратурнага флэшмоба “Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля мая, зямля бацькоў святая!” З вуснаў удзельнікаў гучалі вершы беларускіх песняроў, словы пра родную мову, пра бацькаўшчыну, край наш беларускі.

А вось у кабінетах вучняў 8-х класаў стаяла цішыня. Твары дзяцей былі сур’ёзныя, парой заклапочаныя. Яны пісалі дыктант па беларускай мове.

А якія інтэрактыўныя перапынкі чакалі дзяцей! Колькі цудаў было “З бабулінага куфэрка”: складанне сінквейна да слова “Мова”, “Пазнай фразеалагізм”, “У пошуках моўных скарбаў”, “Таленавітыя перакладчыкі”.

Напрыканцы свята вучні сталі актыўнымі ўдзельнікамі акцыі “Далучы сваю далонь”, дзе спрабавалі далучыцца да творчасці нашых мастакоў слова.

Галіна РУСАК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий