Юлія КАМІСАРАВА,
настаўнік замежных моў
ДУА“Cярэдняя школа № 22 г. Гродна”,
palomino.uf@gmail.com
Не сакрэт, што прафесія педагога патрабуе двайной падрыхтоўкі спецыяліста: з аднаго боку гэта прадметныя веды, а з другога – псіхолага-педагагічная падрыхтоўка.
Greenteacher, як называюць маладога спецыяліста, які яшчэ не мае педагагічнага вопыту, трапляе з кнігі ў рэальнае жыццё, з тэорыі ў практыку, са статусу студэнта ў пасаду настаўніка. І калі надыходзіць момант разыходжання рэальных дзеянняў навучэнцаў з планаванымі вынікамі, часцей за ўсё маладыя педагогі аказваюцца не гатовымі прыняць сітуацыю, якая склалася, і змяніць структуру і змест урока, якія прапісаны ў іх плане.
Працу ў школе можна параўнаць з кіраваннем аўтамабілем з няспраўнай каробкай перадач. Для таго каб рухацца наперад, вам давядзецца адначасова перамыкаць хуткасць, працаваць тормазам, перегазоўваць і ўважліва слухаць ваш “аўтамабіль”.
Дзейнасць педагога, як і кіраванне аўтамабілем – гэта сістэма і паслядоўнасць дзеянняў, накіраваных на рашэнне пэўных задач у абумоўлены тэрмін з захаваннем прынцыпаў і правілаў.
Як толькі мы ўсведамляем мэту, мы шукаем і выкарыстоўваем найбольш прымальныя метады, тэхналогіі для прымянення на практыцы, адпрацоўваючы нашы ўменні і навыкі.
Мэта адна, толькі вось у наш час, арыентацыя на сярэдняга вучня сябе не апраўдвае, усе навучэнцы розныя: гіперактыўныя і флегматычныя, высока- і нізкаматываваныя, а таксама тыя, якія маюць асаблівыя адукацыйныя патрабаванні (SEND – special educational needs and disabilities).
Кожны ўрок замежнай мовы павінен быць накіраваны на практычны вынік, на дасягненне камунікатыўнай кампетэнтнасці, г.зн. пэўнага ўзроўню моўных, краіназнаўчых і краязнаўчых ведаў, камунікатыўных уменняў і маўленчых навыкаў, якія дазваляюць навучэнцам ажыццяўляць іншамоўныя зносіны.
Але як навучыць замежнай мове вучня з дыслексіяй або дысграфiей? Ці вучня, які адчувае цяжкасці ў вывучэнні родных рускай і беларускай моў? А навучэнца з рознымі адхіленнямі псіхічнага або фізічнага плана, якія абумоўліваюць парушэнні агульнага развіцця? Я не дэфектолаг, але я – педагог! І як педагог я ўсё пачынаю з рытму і паслядоўнасці, цярпення і ўвагі, умення адаптаваць змест вучэбнага матэрыялу, яго ўяўлення навучэнцам, ажыццяўляючы мяккі кантроль вынікаў вучэбнай дзейнасці, які сістэматызуе веды і дапамагае структураваць свядомасць навучэнцаў з АПФР.
Любую мову, у тым ліку замежную, можна смела параўнаць з царыцай навук матэматыкай: ведаючы асноўныя формулы і заканамернасці можна навучыцца чытаць, пісаць, гаварыць і разумець. Для таго каб навучыцца зносінам на замежнай мове, трэба авалодаць яе граматычным механізмам, заканамернасцямі.
Які ж метад з’яўляецца найбольш эфектыўным для вывучэння лексікі гэтай катэгорыяй навучэнцаў? Словы толькі тады становяцца мовай, калі яны арганізаваны. А ў гэтым лексіцы дапамагае граматыка. А яшчэ патрэбна фанетыка… Як ахапіць усё і адразу?
Рухацца наперад, але не спяшацца! І не менш важна для настаўніка і вучня ствараць сітуацыі, каб вывучаны матэрыял – лексіка, фанетыка, граматыка – не заставаўся мёртвым грузам, каб у навучэнцаў з’явілася жаданне гаварыць, каб прыкладамі камунікацыі былі важныя менавіта для яго сітуацыі, звязаныя з яго рэальным жыццём і патрэбамі.
Вырашэннем гэтай праблемы, прааналізаваўшы матэрыял навучальных дапаможнікаў, мэтазгоднасць ўжываемых мною тэхналогій, прыёмаў і метадаў, стала стварэнне ўласных электронных адукацыйных рэсурсаў (сайт, блог) па вучэбным прадмеце “Замежная мова” з патэнцыялам дастасавальнасці для дадзенага кантынгенту навучэнцаў.
Шлях не самы лёгкі, але вельмі эфектыўны!
Па-першае, у мяне атрымалася стварыць спрыяльныя ўмовы, дзеля павышэння матывацыі да вывучэння і эфектыўнасці працэсу навучання замежнай мове вучняў з асаблівымі адукацыйнымі патрабаваннямі.
Па-другое, працэс навучання атрымаў неабходную пры працы дыферэнцыяцыю (рознаўзроўневыя заданні рознага тыпу, інтэрактыўныя навучальныя практыкаванні, элементы гейміфікацыі праз адукацыйныя гульні), што дазволіла маім навучэнцам з цяжкасцямі ў навучанні фарміраваць камунікатыўныя ўменні і навыкі.
Па-трэцяе, гэта дало мне магчымасць забяспечыць ўсвядомленае і падсвядомае запамінанне, рэпрадукцыю і трансфармацыю навучальнага матэрыяла. І, нарэшце, у ствараемых самім педагогам навучальных заданнях працягнута сюжэтная лінія падручніка, прад’яўленне і замацаванне матэрыялу не разыходзіцца з тэматычным і паўрочным планаваннем.
Не сакрэт, што фарміраванне граматычных навыкаў з’яўляецца адным з самых складаных пытанняў методыкі навучання замежнай мове. Між тым, аўтаматызм валодання граматычнымі з’явамі мае важнае значэнне для выкарыстання замежнай мовы, як сродку вусных і пісьмовых зносін, як для складання іншамоўнага выказвання, так і для яго ўспрымання ў працэсе іншамоўнай маўленчай дзейнасці. Нам неабходна ўлічваць не толькі іншамоўны маўленчы вопыт дзіцяці, але таксама і яго вопыт на роднай мове, што істотна пашырае лінгвістычную прастору для аналізу, параўнання, абагульнення граматычных з’яў.
Мае простыя сакрэты маленькіх перамог і вялікай цікавасці:
– Навучэнцам падабаецца бачыць! Стварэнне навучальных модуляў з графікай і анімацыяй – прэзентацыямі, табліцамі, тэматычнымі карткамі з лексікай, граматыкай (Canva, Prezi, Genially, Emaze, PowToom, Keynote).
– Элемент спаборніцтваў! Стварэнне тэставых заданняў, квестаў, віктарын (Cram, Quizlet, Quizizz, Kahoot, Edpuzzle).
– Заўсёды нешта новае! Стварэнне практыкаванняў рознага тыпу. (Learningapps, Educaplay, Wizer).
– Яны любяць гуляць! Стварэнне інтэрактыўных навучальных гульняў (JigsawPlanet, Islcollective, Quizity, Cram).
– Ведаць пра ўсё на свеце! Выкарыстанне аўдыё- і відэаматэрыялаў з інтэрнэту (PowToon, Wideo, Moovly, Youtube).
– Яны любяць крэатыў! Стварэнне праектаў (Scratch).
Усё гэта спрыяе больш хуткаму авалоданню фанетычнымі, лексічнымі, граматычнымі, аудыятыўнымі навыкамі на навучальным занятку ў нязмушанай камфортнай абстаноўцы, дзе кожны навучэнец, незалежна ад пастаўленага дыягназу, працуе ў аптымальным для яго тэмпе, атрымлівае магчымасць фармаваць і развіваць камунікатыўныя ўменні і навыкі.
Паважаныя калегі! Ад нашага разумення значнасці фарміравання гэтых камунікатыўных уменняў у “асаблiвых” вучняў і іх гатоўнасці да фарміравання адпаведных навыкаў, залежыць не толькі iх поспех у пазнавальнай і практычнай дзейнасці, але, у пэўнай меры, верагоднасць іх сацыяльнай адаптацыі, сацыялізацыі, а часам – і канкурэнтаздольнасці ва ўмовах сучаснага інфармацыйнага грамадства.