Таццяна СЛАБКО,
настаўнік англійскай мовы
ДУА “Сярэдняя школа № 7 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць
Калі спытаць у вучняў сярэдняга і старшага звяна ў школе, якая тэма выклікае ў іх найбольшыя цяжкасці на ўроках англійскай мовы, упэўнена, што палова без доўгіх роздумаў назавуць артыклі з уласнымі імёнамі.
Тэма сапраўды вельмі складаная, запомніць дзясяткі пунктаў, у якіх выпадках патрабуецца пэўны артыкль, а калі яго неабходна апусціць, задача вельмі цяжкая. Тут патрэбна доўгая практыка і навучанне. Аднак не ўсе вучні здольныя сядзець над практыкаваннямі гадзінамі: камусьці не хапае цярпення, у кагосьці не вельмі добрая памяць, каб запомніць усе падпункты і выключэнні з правілаў.
У такіх выпадках я імкнуся падключаць асацыятыўнае мысленне і нестандартныя заданні. Бо сухое завучванне часта не дае належных вынікаў, а вось нешта нечаканае, яркае, тое, што нясе ў сабе спаборніцкі момант, тут жа знаходзіць водгук у школьнікаў.
Чаму назвы вуліц, сквераў, паркаў, мастоў, ужываюцца без артыкляў? Я тлумачу ім так: мы ходзім па ўсіх гэтых месцах і сваімі туфлямі артыклі практычна затапталі, таму гэтыя маленькія часціны мовы і не бачныя на пісьме. Пасля такога жартаўлівага аповеду мае вучні напэўна ўжо не напішуць the Hyde Parkа ці the Trafalgar Square.
Школьная праграма трэцяй чвэрці ў 7-м класе паказала, што дзеці не ў поўнай меры засвоілі гісторыю Вялікабрытаніі і англамоўных краін: часта яны не могуць даць адказы на, здавалася б, зусім простыя пытанні.
Таму апошні ўрок чацвёртай чвэрці я вырашыла правесці ў выглядзе гульні-віктарыны, дзе вучні змаглі б паглыбіць і замацаваць свае веды па тэме “Артыклі”, а таксама адкрыць для сябе нешта новае і невядомае з вобласці геаграфіі, гісторыі і мастацтва Аўстраліі, ЗША, а таксама Туманнага Альбіёна.
У самым пачатку занятку вучні разбіліся на дзве каманды, кожнай з якой былі прапанаваны шэсць англійскіх літар. З іх сямікласнікам трэба было скласці слова, якое ў далейшым і станавілася назвай ўсёй каманды.
Тая група, што аказалася хутчэйшай, і зарабіла свой першы бал. Словы “вароны” (Ravens) і “коргі” (Corgis) былі выбраны невыпадкова. Мала хто з вучняў ведаў, што чорныя жыхары Таўэра маюць для брытанцаў сімвалічнае
значэнне, а мілыя сабачкі, якія так падобныя на хітрую лісу, з’яўляюцца любімай пародай каралевы Лізаветы.
У якасці размінкі была гульня “True or False”, дзе школьнікам неабходна было пагадзіцца з прапанаваным ім сцвярджэннем або абвергнуць яго. Прачытаныя ў 7-м раздзеле падручніка тэксты па краіназнаўстве дапамаглі дзецям практычна беспамылкова прайсці першае выпрабаванне. Не выклікалі цяжкасці пытанні пра сталіцу Аўстраліі, пра форму праўлення ў Вялікабрытаніі, а таксама пра родны горад вядомага драматурга ўсіх часоў і народаў Вільяма Шэкспіра.
Крыўднай памылкай адной з каманд стаў адказ пра лонданскае кола агляду. Вучні, не чакаючы падману з майго боку, без роздумаў пагадзіліся, што самае вялікае чортава кола ў Еўропе носіць назву London Ear.
Не раз я заўважала, што школьнікі часта блытаюць падобныя па напісанні і гучанні словы “eye” і “ear”. Здарыўся такі казус і на гэты раз: мае выхаванцы потым яшчэ не раз падчас урока з усмешкай успаміналі, як назвалі “Лонданскае вока” “сталічным вухам”. Нездарма існуе прыказка: “Паспех – людзям на смех” (англічане ж у гэтым выпадку кажуць “Hasty climbers have sudden falls”).
Наступнае заданне асабліва спадабалася вучням. Зубрыць артыклі з кнігай зусім нявесела, а калі ў якасці трэніроўкі падключыць камп’ютарную гульню Hit the mole?
Хуткасць рэакцыі і добрыя веды дапамаглі камандзе Ravens вырвацца ў лідэры.
Аднак Corgis не збіраліся здавацца і апускаць рукі, бо наперадзе быў трэці, вырашальны раўнд, які мог цалкам пераламаць ход сустрэчы. Гульня “Хто хоча стаць мільянерам” дапамагла выявіць пераможцу: дзеці з каманды Corgis далі найбольшую колькасць правільных адказаў як на граматычныя, так і краіназнаўчыя пытанні.
Але вучні з той каманды, якая праіграла, зусім не засмуціліся, бо за 45 хвілін урока яны змаглі запоўніць свае прабелы ў ведах па некаторых пунктах. І ў наступны раз, я ўпэўнена, ужо не дапусцяць памылкі ў падобных сітуацыях.
Думаю, я змагла пераканаць вас, што нават самую сумную і складаную тэму можна ператварыць у сапраўднае захапляльнае і займальнае спаборніцтва.