Ірына КАЛІЙ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад № 23 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць
Найважнейшым сродкам развіцця асобы дзіцяці з’яўляецца родная мова, праз якую дзіця пазнае жыццё і навакольны свет. Дашкольны ўзрост – найбольш спрыяльны перыяд для фарміравання элементарнага ўсведамлення моўнай і маўленчай рэчаіснасці. А беларускія рухавыя гульні прадстаўляюць сабой невычэрпную крыніцу для знаёмства дзяцей з беларускай мовай. У рабоце с дзецьмі я вельмі шырока выкарыстоўваю рухавыя гульні.
Напрыклад, пры правядзенні ранішняй гімнастыкі гуляю з імі ў такія гульні, як “Адгадай, чый галасок”, “Надзейка”. У сярэдняй і старшай групе я працягваю гэту работу.
У спецыяльна арганізаванай дзейнасці рухавыя гульні выкарыстоўваю і ў якасці фізкультхвілінак (“Курнаціца”, “Віюцца рэчкі” і інш.), і як адукацыйныя. Амаль кожная рухавая гульня на беларускай мове спрыяе ўзбагачэнню слоўніка дзяцей беларускімі словамі (“Капялюш”, “Вартаўнік” і інш.). Але трэба звяртаць увагу на тое, каб новыя словы ўводзіліся без перакладу, а толькі з тлумачэннем або апісаннем пэўнага прадмета або з’явы.
Многія рухавая гульні выкарыстоўваю для развіцця гукавой культуры маўлення і правільнага вымаўлення спецыфічных беларускіх гукаў. Напрыклад, для выпрацоўкі фрыкатыўнага гука [г] – гульня “Гаспадар”, гульні “Крот і агарод” і “Журавель і чапля” – суадносна для замацавання вымаўлення заўсёды цвёрдых гукаў [ч] і [р].
Для развіцця звязнага маўлення ў выхаванцаў падыходяць гульні, у якіх размова вядзецца у форме дыялога (гульні “У зайца”, “У фарбы” і т.п.)
Для развіцця граматычнага ладу маўлення выкарыстоўваю такія рухавыя гульні як “Я і мой цень”, “Кукарэку, певунок” і інш.
Пры правядзенні рухавых гульняў выкарыстоўваю заклічкі і лічылкі, у якасці якіх могуць ужывацца ўрыўкі з вершаў беларускіх паэтаў.
Такім чынам, выкарыстанне рухавых гульняў для развіцця маўлення дзяцей з’яўляецца адным са сродкаў абуджэння іх цікавасці да роднай мовы.