Рэгіна ФРАНСКЕВІЧ,
метадыст
ДУА “Воранаўскі раённы вучэбна-метадычны кабінет”,
Гродзенская вобласць
У Воранаўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшло пасяджэнне метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства. У сувязі з яшчэ не зусім стабільнай сітуацыяй па захворванні COVID-19, прынята рашэнне не наведваць урокі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
Тэма метадычнага аб’яднання – удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў гісторыі з дапамогай асваення сучасных метадаў і прыёмаў самастойнай вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. Пасяджэнне праведзена ў форме панарамы педагагічнага вопыту.
Пасяджэнне метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства праводжу ўпершыню, таму ў пачатку хацелася пазнаёміцца, усталяваць сяброўскую і добразычлівую атмасферу. З гэтай мэтай ужыты прыём “Алітэрацыя імя”. Кожны ўдзельнік называў сваё імя і падбіраў на першую літару свайго імя прыметнік, які неяк яго характарызуе, адлюстроўвае нейкія асаблівасці яго характару, індывідуальнасці. Напрыклад: Рэгіна –рацыянальная.
Ужо ўвайшло ў практыку маёй працы, што ў пачатку пасяджэння агучваю ўсе значныя дасягненні настаўнікаў, пры гэтым увесь калектыў апладзіруе.
Ужыта практыкаванне “Прыпавесць” – прыпавесць пра караля, які хацеў выбраць сабе міністра. Пасля праслухоўвання праведзена абмеркаванне: чаму многія не захацелі паспрабаваць адкрыць дзверы? Пра якія рысы характару сведчыць учынак апошняга прыдворнага? Удзельнікі пасяджэння падышлі да высновы: нельга цалкам ацэньваць сітуацыю, арыентуючыся толькі на адчуванні, заўсёды важна правяраць свае адчуванні на практыцы.
У цяперашні час – час новых тэхналогій і інавацый, калі кожны дзень ствараецца нешта новае – адукацыя дзяцей не можа заставацца па-за гэтай тэндэнцыяй. Якім павінен быць сучасны настаўнік? Якімі павінен валодаць якасцямі? Якімі спосабамі павінен перадаваць свае веды сённяшнім вучням?
Сучаснае грамадства мяняецца з такой хуткасцю, што настаўнікам проста неабходна крочыць у нагу з часам, адпавядаць сучасным патрабаванням, адчуваць сваю неабходнасць і значнасць. Змены, якія адбываюцца ў краіне, карэнным чынам змянілі і школьнае жыццё: змяніліся не толькі праграмы, змяніліся падручнікі, формы і метады працы, змяніліся дзеці, іх бацькі, і, вядома ж, педагогі.
Зараз настаўнік – гэта не кіраўнік навучальнага працэсу, а гэта больш “сябар” для вучня, які дапамагае выбраць правільны шлях, накіроўвае дзяцей да ведаў. Сучасны настаўнік выконвае ролю правадыра ў свеце інфармацыі.
Асноўныя задачы пасяджэння: стварэнне ўмоў для падтрымкі прафесіяналізму настаўнікаў, іх здольнасці вызначаць бачанне шляхоў удасканалення ўласнай педагагічнай дзейнасці і стратэгічна падыходзіць да паляпшэння якасці адукацыі ў супрацоўніцтве з іншымі педагогамі; фарміраванне кампетэнцый, звязаных з прымяненнем на практыцы сучасных формаў, метадаў і тэхналогій навучання.
Згодна з планам пасяджэння настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства самастойна пазнаёміліся з сучаснымі метадамі і прыёмамі: квізы, таймлайны, лэпбук, гістарычныя коміксы, стыкеры пры вырашэнні навучальных задач на ўроках гісторыі, «сторыцелінг», навучанне з дапамогай камедыі на ўроку гісторыі, флэш-карты.
Кожны з метадаў быў ахарактарызаваны па плане:
1) назва і вызначэнне метаду/прыёму;
2) асаблівасці;
3) месца выкарыстання;
4) станоўчыя бакі метаду/прыёму;
5) адмоўныя бакі метаду/прыёму;
6) прыклад выкарыстання метаду/прыёму на практыцы.
Вопытам работы падзяліліся прызёры абласнога конкурсу кабінетаў гісторыі і грамадазнаўства настаўнікі Пяляскай сярэдняй школы з навучаннем на літоўскай мове па выкарыстанні праграмы Canva, настаўнік Доцішскай сярэдняй школы прадэманстравала правілы стварэння і выкарыстанне ў анлайн-сэрвісе Genial.ly інтэрактыўных плакатаў. Настаўнікам распрацаваны брашуры па стварэнні і выкарыстанні гексаў у навучанні гісторыі.
Прааналізавалі вынікі ўсіх этапаў конкурсу кабінетаў гісторыі і грамадазнаўства, разгледзелі матэрыялы (відэафільмы і пашпарты кабінетаў), якія былі прадастаўлены на абласны конкурс.
Пасля праслухоўвання ўсіх выступленняў адказалі на галоўнае пытанне пасяджэння: ці варта ў працы выкарыстоўваць сучасныя метады і прыёмы? Выснова: варта, неабходна выбраць адзін ці два прыёмы, удасканаліць свае веды па гэтых прыёмам і выкарыстоўваць, але не штоўрочна.
Падводзячы вынік, кожнаму ўдзельніку пасяджэння раздадзены карткі са словам або словазлучэннем, якое ўжывалася на пасяджэнні. Задача: прыдумаць сказ па тэме пасяджэння.
Усе матэрыялы, распрацаваныя настаўнікамі, размешчаны на Google-дыску з мэтай больш падрабязнага знаёмства і прымянення гатовых матэрыялаў на ўроках гісторыі і грамадазнаўства.
Усе ўдзельнікі анлайн адказалі на пытанні рэфлексіі:
1 Прозвішча, імя. Школа.
2 Тэма метадычнага аб’яднання актуальная?
3 Матэрыял метадычнага аб’яднання для мяне: зразумелы, не зразумелы, бескарысны.
4 Назавіце тры моманты, якія спадабаліся больш за ўсё.
5 Назавіце два моманты, якія будзеце выкарыстоўваць у сваёй працы.
6 Назавіце адзін момант, які падахвочвае (выклікае жаданне) задаць пытанне.
7 У наступны раз мне хацелася б…
Пасяджэнне метадычнага аб’яднання завяршылася абмеркаваннем надыходзячых мерапрыемстваў і калектыўным фотаздымкам.