Аляксандра ШЛЯЦКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Гімназія № 2 г. Віцебска”
На сучасным этапе развіцця сістэмы адукацыі прыярытэтнай задачай з’яўляецца павышэнне яе якасці, што выступае асновай фарміравання сацыяльна сталай творчай асобы. Згодна з кампетэнтнасным падыходам асноўным вынікам адукацыйнай дзейнасці становяцца ключавыя кампетэнцыі.
Вывучэнне рускай мовы на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі накіравана на фарміраванне камунікатыўна-маўленчай кампетэнцыі, якая звязана з засваеннем маўленчазнаўчых паняццяў і фарміраваннем на іх аснове ўмення разумець гатовыя тэксты, адбіраць моўныя сродкі і ствараць уласныя вусныя і пісьмовыя выказванні з улікам мэт, задач, сітуацыі зносін, а таксама правіл маўленчага этыкету і сацыяльных норм паводзін. У вучэбнай праграме па беларускай мове адной з задач у рамках камунікатыўна-маўленчай кампетэнцыі вылучана ўзбагачэнне слоўнікавага запасу навучэнцаў.
Словы з абстрактным значэннем складаюць частку актыўнага слоўнікавага запасу дзяцей. Увядзенне абстрактнай лексікі спрыяе не толькі ўзбагачэнню слоўніка дзіцяці, але і развіццю абстрактнага мыслення. Пры гэтым тлумачэнне і засваенне такіх назоўнікаў выклікае цяжкасці, што цалкам зразумела, паколькі ў дзяцей наглядна-вобразнае мысленне пераважае над абстрактным. Часам і слоўнікі пазбягаюць даваць шырокае тлумачэнне абстрактных назоўнікаў. Разам з тым відавочны той факт, што абстрактныя назоўнікі – гэта даволі вялікі клас слоў, якія выкарыстоўваюцца ў навуковай, публіцыстычнай і мастацкай літаратуры, школьных падручніках. У сучасным свеце дзеці ўсё часцей выкарыстоўваюць камп’ютары, планшэты, інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, дзе сустракаюцца з вялікай колькасцю абстрактнай лексікі. Такім чынам, ёсць неабходнасць вучыць дзяцей ужываць яе ў сваім маўленні свядома.
Засваенне слоў з абстрактным значэннем прадугледжвае мэтанакіраванае навучанне, пры якім неабходна ўлічваць спосаб успрымання адцягнутасці (праз сітуацыю, вобраз, метафару, дзеянне, прымету, прадмет, схему і г.д.) і прыналежнасць да лексіка-семантычнай групы, паколькі гэта палегчыць працэс засваення паняццяў дзецьмі.
Грунтуючыся на даследаванні абстрактнай лексікі ў малодшых школьнікаў Ірыны Міхайлаўны Амяльніцкай, мы прапануем вылучыць наступныя лексіка-тэматычныя групы:
1 Віды дзейнасці чалавека. Віды спорту і гульні.
2 Прыродныя станы і з’явы.
3 Час і прастора.
4 Пачуцці і эмоцыі чалавека. Фізічны і душэўны стан чалавека.
5 Этычныя паняцці. Рысы характару чалавека.
6 Колеры і адценні.
У сувязі са спецыфікай успрымання слоў з абстрактным значэннем у пачатковых класах прапануем практыкаванні, накіраваныя на ўвядзенне абстрактнай лексікі ў актыўны слоўнік малодшага школьніка. Практыкаванні пабудаваны з улікам шасці лексіка-тэматычных груп. У кожнай групе практыкаванні ранжыраваны па ступені складанасці.
Лексіка-тэматычная група
“Віды дзейнасці чалавека. Віды спорту і гульні”
Узровень 1
Заданне: патлумачце значэнне прыказак. Прыдумайце сваю прыказку пра працу, гульню ці вучобу.
Гуляй, гуляй, ды справу ведай.
Не кажы – “не ўмею”, а кажы – “навучуся”
Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца.
Узровень 2
Заданне: Прачытайце. Запішыце аднакаранёвыя словы ў наступным парадку: словы, якія абазначаюць прадмет, прыкмету прадмета, дзеянне прадмета. Выдзеліце ў кожным слове корань.
Гульня, гуллівы, гуляць; праца, працавіты, працаваць; вучоба, вучэбны, вучыцца; лячэнне, лячэбны, лячыць; назіранне, назіральны, назіраць.
Узровень 3
Заданне: утварыце ад дзеясловаў назоўнікі. Складзіце словазлучэнні з пяццю ўтворанымі назоўнікамі. Запішыце. Вызначце галоўныя і залежныя словы. Пазначце склон.
Дапамагаць, спяваць, хадзіць, бегчы, прадаваць, шыць, вязаць, выбіраць, есці, лічыць, дрэсіраваць, вучыць, чытаць.
Лексіка-тэматычная група
“Прыродныя станы і з’явы”
Узровень 1
Заданне: растлумачце значэнне слова “міраж”. Прыдумайце, што было ў сярэдзіне апавядання. Растлумачце значэнне слова “цывілізацыя”.
“Свяціла спякотнае сонца. Стомлены вандроўнік блукаў па пустыні ў надзеі знайсці прыкметы цывілізацыі. Удалечыні ён убачыў …. Аднак гэта быў усяго толькі міраж.”
Узровень 2
Заданне: складзіце сказ з наступнымі словамі. Растлумачце, у чым небяспека гэтых прыродных з’яў.
1) вулканізм;
2) павадак;
3) землятрус.
Узровень 3
Заданне: устаўце прапушчаныя літары ў словы і словы на месцы пропускаў. Вызначыце, ад якой часціны мовы ўтвораны ўстаўленыя словы.
Надышла восень. Жоўтыя, чырво..ныя, барвовыя лісты кружаць у паветры – на двары лістапад. Птушкі адлятаюць в цёплы вырай. Іх палёт заварожвае. Яшчэ не хутка мы ўбачым квітненне цудоў..ных кветак на клумбе. Наперадзе нас яшчэ чакаюць снегапад ізамаразкі.
Словы для даведкі: лістапад, палёт, квітненне, снегапад, замаразкі.
Лексіка-тэматычная група “Час і прастора”
Узровень 1
Заданне: падбярыце да слова з першага слупка супрацьлеглае па значэнні слова з другога. Растлумачце іх значэнне. Назавіце суфіксы ў словах.
аддаленасць блізкасць
рэгулярнасць часовасць
аб’ёмнасць плоскасць
паўната худзізна
Узровень 2
Заданне: прачытайце, спішыце. Вызначце суфіксы.
Плоскасць, аб’ёмнасць, шчыльнасць, перыядычнасць, круглявасць, рэгулярнасць, вузкаватасць, сучаснасць, асіметрычнасць, кантраснасць, гучнасць, часовасць.
Узровень 3
Заданне: вырашыце крыжаванку, адказы запішыце на беларускай мове, потым перакладзіце на рускую.
Пытанні
1 Прамежак часу ў 100 гадоў (стагоддзе/век). 5 60 мин – ? (гадзіна/час)
2 Адрэзак, роўны 100 см (метр) 6 Адлегласць, роўная 1000 м (кіламетр/километр)
3 Самая маленькая адзінка даўжыні (міліметр/миллиметр) 7 1/60 гадзіны (хвіліна/минута)
4 Адрэзак у 10 см (дэцыметр/дециметр) 8 Самая маленькая адзінка часу (секунда)
Лексіка-тэматычная група
“Пачуцці і эмоцыі чалавека. Фізічны і душэўны стан чалавека”
Узровень 1
Заданне: пакажыце белую альбо чорную сігнальную картку (у залежнасці ад таго, станоўчым або адмоўным з’яўляецца названы герой). Растлумачце адказ і назавіце эмоцыю, якую ў вас выклікае герой.
-
-
- Баба-Яга
- Шэры Воўк
- Віні-Пух
- Крошачка-Хаўрошачка
- Папялушка
- Іван Царэвіч
- Васіліса Прыгожая
- Канёк-Горбунок
- Кашчэй Несмяротны
- Змей Гарыныч
- Беласнежка
- Лясун
-
Узровень 2
Заданне: як вы думаеце, да чаго прыводзяць праявы негатыўных эмоцый? Што даюць чалавеку пазітыўныя эмоцыі і якія яны?
Калі чалавек сумуе, самоціцца – ён часта хварэе, хутка стамляецца, можа ўпасці ў дэпрэсію.
Калі чалавек зайздросціць іншаму чалавеку – ён можа пачаць ненавідзець усіх і страціць сяброў.
Калі чалавек часта адчувае трывогу – у яго можа парушыцца сон, апетыт, рэжым дня.
Калі чалавек часта адчувае страх – у яго могуць узнікнуць фобіі.
Калі чалавек раздражнёны, нястрыманы – ён можа ўступіць у канфлікт, распачаць сварку.
Калі чалавек раззлаваны – ён можа справакаваць бойку і хуліганства.
Узровень 3
Заданне: завяршы сказ, выкарыстоўваючы словы-эмоцыі.
Мне добра, калі я адчуваю… | Калі мне сумна… |
Мне падабаецца, калі я адчуваю … | Мне не падабаецца, калі… |
Калі я хварэю, то я адчуваю … | Калі я гляджу на сябе ў люстэрка… |
Мяне раздражняе… | Калі мне наступілі на нагу… |
Каб мець сяброў, трэба… | Мы заўсёды ў даўгу перад… |
Я заўсёды ўсміхаюся, калі… | У добрай школе заўсёды… |
Калі мне пашанцавала… | Калі бачыш недахопы чалавека… |
Мне падабаюцца людзі… | Мне не падабаюцца дарослыя, якія… |
Лексіка-тэматычная група
“Этычныя паняцці. Рысы характару чалавека”
Узровень 1
Заданне: што агульнага ў значэннях дадзеных назоўнікаў у дачыненні да чалавека? Чым яны адрозніваюцца па сэнсе? Складзіце сказы з любымі двума назоўнікамі.
Ветлівасць, выхаванасць, далікатнасць, карэктнасць, таварыскасць, абавязковасць, тактоўнасць.
Узровень 2
Заданне: складзіце словазлучэнні па ўзоры: Надзея, сябар – надзейны сябар.
Запішыце складзеныя словазлучэнні. Вусна назавіце суфіксы першых слоў у кожным радку першапачатковага тэксту.
ветлівасць, адказ – моц, характар –
праўда, слова – смех, фільм –
жорсткасць, учынак – шчасце, юнацтва –
адоранасць, дзіця – адвага, сэрца –
карыснасць, інфармацыя – трывога, званок –
Узровень 3
Заданне: у кожным радку знайдзіце аднакаранёвыя словы. Выпішыце іх, вызначце корань. У словах, якія адказваюць на пытанне што?, вызначце суфікс. З любым з гэтых слоў вусна складзіце сказ.
добры, чулы, дабрыня; павага, паважаць, шанаваць;
акуратны, акуратнасць, чысціня; ранімасць, параніць, парэзаць;
сярдзіты, сердаваць, крыўдзіцца; пяшчотны, ласкавы, пяшчота;
зачарсцвець, цвёрды, чэрствасць; абыякавасць, спакой, спакойны.
Лексіка-тэматычная група “Колеры і адценні”
Узровень 1
Заданне: утварыце слова па ўзоры.
Чырвоны – чырвань, блакітны – …, сіні – …, ультрафіялетавы – …
Узровень 2
Заданне: з дапамогай суфіксаў утварыце новыя словы. Запішыце словы, абазначце суфіксы.
ружовы, карычневаты + -асць;
жоўты, сівы + -ізн;
чорны + -ат;
румяны + -ец.
Узровень 3
Заданне: падумайце і скажыце, ад якіх слоў утвораны словы “пунсовасць”, “ліловасць”, “барвовасць”, ведаючы, што -асць – суфікс.
Знайдзіце ў тлумачальным слоўніку значэнне слоў.
Складзіце сказы з любым словам.
Удасканаленне лексікону малодшага школьніка павінна ісці па лініях удакладнення семантыкі слова ў моўнай свядомасці дзіцяці, засваення ўнутрыслоўнай і міжслоўнай парадыгматыкі, умацавання семантычных сувязей адзінак лексікону, якія палягчаюць выбар патрэбнага слова пры маўленні. Такім чынам, праз засваенне абстрактных паняццяў адбываецца авалоданне моўнай кампетэнцыяй, развіццё лагічнага мыслення, папаўненне слоўнікавага запасу школьнікаў.