Арганізацыя гісторыка-краязнаўчай работы ў школе ў супрацоўніцтве з іншымі сацыяльнымі інстытутамі

- 10:51Воспитательная работа, Опыт

 

Ніна СЛАВУТА,
класны кіраўнік 9-га класа
ДУА “Гудзевіцкая сярэдняя школа”
Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

Якімі стануць сённяшнія нашы вучні, што прынясуць грамадству, калі выйдуць за парог школы? Ці зможам мы, педагогі, бацькі, грамадскасць, выхаваць іх душу, ці навучым супрацьстаяць заганам сучаснага свету? Адказ на гэтае пытанне дасць час. А мы абавязаны даць падрастаючаму пакаленню станоўчы духоўны і маральны вопыт. Таму мы праз краязнаўчую работу стварылі такую выхаваўчую прастору, якая адпавядае, на наш пункт гледжання, лепшым культурным традыцыям і базавым жыццёвым каштоўнасцям нашай краіны, спрыяе развіццю і станаўленню ўсебакова развітай асобы дзіцяці.  

Мы імкнёмся дапамагчы нашым дзецям здабыць вопыт у рэальнай сацыякультурнай прасторы, якая фарміруе духоўнасць і маральныя якасці асобы, сям’і, грамадства.

Для нас малая радзіма – гэта Гудзевіцкая зямля, вельмі багатая зямля. Тут сабраны багацейшы матэрыял па краязнаўстве, і многія ўрокі і выхаваўчыя гадзіны праводзяцца на базе Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея з выкарыстаннем гэтага матэрыялу. А гэта вельмі спрыяе павышэнню якасці адукацыйнага працэсу, якасці правядзення кожнага ўрока, кожнага факультатыўнага занятка, кожнай выхаваўчай гадзіны.

Даўно ўпэўнілася ў тым, што поспех спадарожнічае менавіта тым, хто не замыкаецца рамкамі ўрока, а хто выходзіць у жыццё. Кожны ўрок і выхаваўчая гадзіна, на якіх выкарыстоўваю мясцовы матэрыял, дае вучням не толькі пэўную суму ведаў, але садзейнічае фарміраванню асобы, выхоўвае высокія маральныя якасці, дапамагае далучыцца да тых каранёў, якімі і цяпер жыве наш народ.

Выбар тыпу выхаваўчай прасторы залежыць ад соцыуму, у якім знаходзіцца наша школа. Школа з’яўляецца адным з цэнтраў культурнага жыцця і каардынатарам арганізацыі вольнага часу вучнёўскай моладзі. Але само па сабе школьнае жыццё не можа аказаць рашаючага ўздзеяння на сацыялізацыю школьніка ў адрыве ад іншых сацыяльна-выхаваўчых інстытутаў грамадства. Таму для фарміравання ў вучняў патрэбы і гатоўнасці ўдасканальваць сваю асобу, развіваць свае здольнасці, інтарэсы і самасвядомасць наша школа цесна ўзаемадзейнічае з Гудзевіцкім сельскім выканаўчым камітэтам, Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеем, Цэнтрам вольнага часу і культуры, філіялам “Гудзевіцкая сельская бібліятэка – цэнтр нацыянальнай культуры”, царквой Раства Прасвятой Багародзіцы.

Адназначна, асобае месца ў выхаваўчай прасторы адводзіцца літаратурна-краязнаўчаму музею. Саветам музея распрацавана сістэма работы, прадчас якой вядзецца краязнаўча-даследчая работа, праводзяцца сустрэчы з народнымі майстрамі і краязнаўцамі нашай мясцовасці. Кожны фальклорны паход дазваляе вучням упэўніцца ў тым, што Гудзевіцкая зямля заўседы поўнілася талентамі.

Мы ўпэўнены, што выхоўваць вучняў трэба на мясцовых традыцыях. А ці не выхаванне ў тым, што дзеці бачаць сваімі ўласнымі вачыма падвойныя дываны 1898 года, 1900 года ў хатцы-музеі? Супрацоўнікі музея ў 90-х гадах аднавілі і асвоілі тэхніку падвойнага ткацтва і даюць магчымасць дзецям сваімі рукамі паспрабаваць ткаць. У экспазіцыі змешчаны таксама і сучасныя вырабы нашых вучняў.

Ужо на працягу многіх апошніх гадоў ладзяцца традыцыйныя гасцёўні з вядомымі пісьменнікамі Прынёмання, паэтамі розных пакаленняў. Пасля такіх сустрэч вучні не застаюцца абыякавымі, спрабуюць свае сілы, паказваюць прыгажосць роднага краю. Бацькі, дзеці і работнікі музея здзяйсняюць фальклорныя экспедыцыі для збору легенд, прыказак і прымавак, свят і абрадаў нашай мясцовасці. Увесь назапашаны матэрыял выкарыстоўваецца для правядзення каляндарна-абрадавых свят: штогод у Гудзевічах праводзяцца “Калядкі”, “Масленіца”, “Вялікдзень” і інш. Побач з дзецьмі актыўны ўдзел прымаюць настаўнікі, бацькі, работнікі Цэнтра вольнага часу і культуры, супрацоўнікі музея. Важна, што расце актыўнасць і вучняў, і бацькоў.

Асноўнай мэтай Цэнтра вольнага часу і культуры з’яўляецца арганізацыя сумеснага вольнага часу бацькоў і дзяцей у вячэрні час, выхадныя і святочныя дні, накіраваная на задавальненне і развіццё культурных патрэбаў і інтарэсаў як бацькоў, дзяцей, так і соцыума ў цэлым.

На базе ўстановы культуры працуе шэраг сумесных гурткоў для дзяцей і бацькоў: музычна-драматычны, танцавальны, дзіцячая вакальная група, фальклорная група, дзіцячая эстрадная студыя. Работнікі цэнтра арганізуюць і праводзяць святы мікрараёна: свята дзяцінства да Міжнароднага дня абароны дзяцей, сямейныя святы напярэдадні Дня сям’і, каляндарна-абрадавыя святы, святы вёсак. Разам з дзецьмі ў іх актыўны ўдзел прымаюць прадстаўнікі грамадскасці.

Не застаецца ў баку і сельская бібліятэка. Гэта цэнтр, які можа прадастаўляць сродкі для самастойнага набыцця ведаў усім жадаючым. Каб зацікавіць дзяцей чытаннем, работнікі бібліятэкі шукаюць інавацыйныя формы работы, цікавыя новыя тэмы. Вялікая творчасць бібліятэкараў праяўляецца ў выставачнай дзейнасці. Работнікі ўпэўнены, што цікавыя назвы выстаў, арыгінальнае афармленне і індывідуальная гутарка ля выставы даюць эфектыўныя вынікі. Выклікаюць значную цікавасць у дзяцей выставы-загадкі, выставы-сюрпрызы або выставы таямнічай кнігі. Бібліятэкары канстатуюць той факт, што значна павялічылася колькасць наведванняў і кнігавыдач, а міні-апытанні сведчаць, што кнігі чытаюцца нашымі вучнямі з задавальненнем.

У рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі маральнага развіцця вучняў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара” распрацаваны сумесны план работы школы і царквы па духоўна-маральным выхаванні. На занятках пастаянна гаворым дзецям, што свет створаны Творцам з любоўю. Свет не хаатычны, не выпадковы. Свет заканамерны, разумны. А мы можам зрабіць яго яшчэ прыгажэйшым, калі ўсё будзем рабіць з дабрынёю, будзем пераадольваць усе перашкоды з цярпеннем, разумна, не разбазарваючы сваю душу на нікчэмныя ўчынкі. 

Нас, педагогаў, радуе тое, што мы змаглі ў нашых вучняў абудзіць цікавасць да гісторыі свайго роднага краю, свайго народа, яго традыцый, сумелі аб’яднаць і прыцягнуць да краязнаўчай работы ўсе мясцовыя “інстытуты”.

Такім чынам, наладжваючы сувязі з усімі сацыяльнымі інстытутамі нашага мікрараёна, мы імкнемся ўдасканальваць нашу выхаваўчую сістэму так, каб яна была гнуткай, мабільнай, адкрытай, каб яна прыносіла плён.

Наша сістэма цесна ўпісалася ў сацыяльнае асяроддзе і функцыянуе з улікам асаблівасцей нашага краю, яго геаграфічных умоў, культурна-педагагічнай спадчыны нашага рэгіёна. Сумесны ўдзел педагогаў, вучняў, бацькоў, грамадскасці забяспечвае гарантыю развіцця і самаразвіцця сістэмы.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий