Ірына ПАНКЕВІЧ,
настаўнік гісторыі
ДУА “НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа п. Юбілейны”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць
irina.panckewich@yandex.ru
Гучыць мелодыя песні “Радзіма мая дарагая” У.Алоўнікава, тэкст А.Бачылы
1 чытальнік
Якое сонца над зямлёю ўстала –
Ім любавацца будзеш век!
Якой красой уся зямля заззяла,
Зялёным шумам ніў і звонам рэк!
2 чытальнік
Няхай гудзе, як першы гром вясною,
Усцяж па ўсёй зямлі, па ўсіх марах
Жывая слава пераможцам бою,
Паборнікам і праўды і дабра.
1 чытальнік
Хай слова асяніць, крылом атуліць
І хату воіна, і сінь нябёс,
Адорыць шчасцем кожную матулю,
Каторай сын цяжар ваенны нёс.
2 чытальнік
Хай будзе ж славен наш народ навечна,
Што цемру зброяй праўды перамог,
На белым свеце самы чалавечны
І грозны ў час вайны, у час трывог.
Разам.
Хай будзе славен наш народ навечна!
(А Астрэйка “Дзень Перамогі”)
(Гучыць “Свяшчэнная вайна” А.Аляксандрава, тэкст У.Лебедзева-Кумача) https://www.youtube.com/watch?v=jAoekwnj8f0
Настаўнік
Прайшло 75 год… Деці, якія нарадзіліся пасля вайны, даўно сталі бабулямі і дзядулямі, прабабулямі і прадзядулямі… І вайна паступова адыходзіць у мінулае, становіцца старонкай у падручніку гісторыі, як нашэсце Чынгіс-хана і тэўтонскіх рыцараў. Але чаму зноў і зноў так хвалююць нас кадры старой кінахронікі?
(Гучыць песня “Эх, дарогі…”
(https://www.youtube.com/watch?v=tMRGWNY3Dvo)
на працягу наступных слоў:
– Вайна… Ад Масквы да Брэста – 1000 км, ад Брэста да Берліна – 1600 км. Усяго 2600 км.
– Гэта калі лічыць па прамой…
– Так мала, праўда? 2600 км. Калі поездам, то менш за 3 сутак, самалётам – 4 гадзіны…
– Перабежкамі і па-пластунску – 4 гады. 4 гады. 4 гады, ці 1418 дзён.
Беларускі народ разам з усімі народамі нашай краіны падняўся на свяшчэнную барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
1 чытальнік
Агорнута сэрца і болем, і жалем,
Ніяк не забыцца таго, Беларусь,
Як ветры тужылі, як рэкі рыдалі,
Як беглі па нівах крывавыя хвалі,
Як хмары закрылі пад небам зару…
Як зграі, з’явіліся з гвалтам, прымусам,
Як полымя, крыллі плылі па начах…
Ды толькі не здаўся народ Беларусі,
Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся,
А ворага стрэціў ударам мяча!..
(П. Броўка “Беларусь”)
Настаўнік
Подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці заўсёды будзе жывым прыкладам беззапаветнай адданасці сваёй Радзіме, свайму народу.
2 чытальнік
Над ёй прашумелі вятрамі
І полымем грозным вякі.
Пад ёю бясслаўна радамі
Палеглі чужыя палкі.
1 чытальнік
Тут воіны нашай дзяржавы
Змаганне ўпарта вялі.
Пра доблесць іх гучная слава
Далёка ідзе па зямлі.
2 чытальнік
У полымі, пыле цагляным,
Без кроплі вады ў кацялку
Вёў бой камсамолец Наганаў,
Падаўшы бяссмерцю руку…
Настаўнік
Звыш мільёна беларусаў уступілі па закліку камуністычнай партыі ў рады дзеючай арміі і мужна змагаліся з ненавісным ворагам.
1 чытальнік
Злосна сказаў; “Уставай, пяхота!
Мы не на фронце, а на вайне”.
І лёг на змяіныя скруткі дроту.
І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў
Прайшлі па яго спіне.
2 чытальнік
Не ён, а другія ішлі ў атаку,
Гранаты кідалі ў бліндажы,
Калолі фрыцаў, палілі танкі.
І сцяг перамогі ўзнімалі ранкам
На заваёваным рубяжы.
1 чытальнік
А ён свае косці з іржавых калючак
Сваімі рукамі без стогну аддзёр,
Зваліўся на травы, і стала балюча
І травам, і росам, і ветрам гаючым,
Што прыляці з валдайскіх азёр.
(П.Панчанка “Герой”)
2 чытальнік
Ёсць пад стараю Русаю
Руская вёска Лажыны.
Там, нібы ў Беларусі,
І вербы растуць і рабіны.
Там жаўцеюць
Прыгожыя
Краскі
За вёскай у лузе,
Там ржавеюць
Варожыя
Каскі,
Нібы ў Беларусі.
1 чытальнік
Там магіла ёсць брацкая ў лузе
За вёскай Лажыны,
Там хлапцы беларускія
Чэсна галовы злажылі…
Хоць прымае іх гэта зямля
Як сыноў сваіх, шчыра,
Але просяць іх вочы
Хоць жменьку палескага жвіру.
Толькі дзе яго ўзяць?
2 чытальнік
Як яны Беларусь пакідалі,
У дарогу з сабою
Мяшэчкаў з зямлёю
Не бралі.
Што ім жменька зямлі той?
Ты ўся ім патрэбна, Радзіма,
А ў дарожным мяшэчку
ўмясціць цябе ўсю немагчыма.
Паспрабуй у дарогу забраць
тыя пожні, палі і крыніцы,
Тыя пушчы, што могуць
Хіба толькі ў сэрцы ўмясціцца.
(А.Куляшоў “Над брацкай магілай”)
Настаўнік
Маршал савецкага Саюза Г.К.Жукаў пісаў: “Уся Беларусь аказалася акупіраванай. Балюча было ўсведамляць гэта. Але я заўсёды захапляўся нацыянальнай рысай беларусаў, чулых на бяду, верных у таварыскай дружбе, гатовых да самаахвярнасці, храбрых і адважных у сутычках з ворагам. Толькі таму гэты варожы тыл і застаўся пеклам для ворага”.
Дзень і ноч больш як 440 тысяч партызан і падпольшчыкаў білі фашыстаў на акупіраванай ворагам тэрыторыі. Яны знішчылі больш за паўмільёна гітлераўскіх салдат і афіцэраў – значна больш, чым гэта зрабілі да ліпеня 1944 года англійскія і амерыканскія арміі разам узятыя.
Гэта была нястомная праца, мужнасць і гераізм нашага народа, які каваў перамогу. З любоўю і павагай савецкія людзі называлі Беларусь у тыя гады рэспублікай-партызанкай. 87 удзельнікаў партызанскага руху на Беларусі сталі Героямі Савецкага Саюза, з іх 49 – беларусы.
1 чытальнік
Бор шумны, бор грозны, гамоніш вятрамі,
Галінамі сосен, ялін і дубоў,
Як Міша Сільніцкі хадзіў тут шляхамі,
Як роснае поле прыкрыў ён грудзямі
І зоркай над роднай зямлёй узышоў.
2 чытальнік
Зямля Беларусі! У часіны нягоды
Тваіх абаронцаў нязломная раць.
Хто жыў тваім хлебам, хто піў твае воды,
Хто меў тут прытулак у часы непагоды,
Гатоў той памерці, цябе ж ратаваць!
1 чытальнік
На самых цяжкіх пераправах
І на дарозе франтавой
Твае сыны былі па праву
На лініі перадавой.
2 чытальнік
Не зналі краснадонцы мусіць,
Што дзесьці ў пушчах векавых
Змагаліся на Беларусі
Байцы, падобныя да іх.
1 чытальнік
Тут вырас свой Сяргей Цюленін –
Рабочы скідзельскі юнак.
Людзей крыштальнага сумлення
Не змог паставіць на калені
Закляты вораг аніяк!
(П.Броўка “Беларусь”)
Настаўнік
Воіны змагаліся на фронце. Знішчалі ворага партызаны. Пісьменнікі і паэты сваім палымяным словам заклікалі савецкі народ да перамогі. Народны паэт Беларусі Янка Купала гнеўна выкрываў жахлівыя злачынствы нямецкіх фашыстаў, верыў і шукаў самыя шчырыя словы да народа і знішчальны гнеў да ворага. Ён заклікаў і бласлаўляў партызан на святую помсту.
1 чытальнік
Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.
2 чытальнік
Цень забітых нашых матак,
Дзедаў вашых і бацькоў,
Акрываўлены палетак
Клічуць мсціць крывава гэтак,
Як не мсцілі ад вякоў.
1 чытальнік
Не давайце гадам сілы
Над сабою распасцерць,
Рыйце загадзя магілы,
Вырывайце з жывых жылы,
Кроў за кроў, а смерць за смерць!
2 чытальнік
Няхай ваша перамога
Не кідае вас нідзе,
Не пужае хай трывога, —
Ваша чыстая дарога
Да свабоды давядзе…
1 чытальнік
Так ад нечысцяў ачысцім
Нашы нівы і лясы,
Фашыстоўскіх псоў панішчым,
І схінуцца, як калісці,
Для нас нашы каласы.
Кроў за кроў, а смерць за смерць!
(Я.Купала “Беларускім партызанам”)
Настаўнік
Шыбеніцамі і растрэламі гітлераўскія акупанты намагаліся скаваць слова праўды і нянавісці да іх. Жудасны лёс напаткаў вёску Шавулічы Ваўкавыскага раёна. 7 ліпеня 1943 года яна была спалена фашыстамі. 366 жыхароў, у тым ліку 120 дзяцей, загінулі ў агні…
2 чытальнік
Не, дараваць немагчыма такога!
Што засталося ад вёскі? Нічога!
Нелюдзі з захаду сэрца не мелі!
Людзі, і хаты, і дрэвы згарэлі!
1 чытальнік
Чорныя помнікі , мёртвыя людзі …
Хто іх ажывіць ? Хто іх абудзіць?
Хто іх прывеціць дабром?
Неба застыла жалобай на свеце .
Помніце, людзі! Помніце, дзеці!
2 чытальнік
Небу і сонцу хапіла іх крыку,
Чулі: праз полымя, дым
Голас дзяўчынкі маці ўсё клікаў .
Потым паволі цішэй ён –
І ніклі хаты, надзеі, сады.
Болі людское нішто не астудзіць,
Мёртвых не вернеце. Помніце, людзі!
Вячаслаў Макуць (мясцовы паэт)
Гучыць песня “Хатынь” (Музыка І.Лучанка, словы Р.Пятрэнкі) https://www.youtube.com/watch?v=Ij6tTXA_Tgs
Настаўнік
Роднае слова зноў і зноў узнімала народ на змаганне з прыгнятальнікамі. Барацьба за родную мову – гэта барацьба за народ, за яго культуру.
1 чытальнік
У бліндажы, траншэі вузкай,
Хоць бой упарты бушаваў,
А роднай мовы беларускай
Ніколі я не забываў.
2 чытальнік
На гэтай мове калыханку
Спявала маці ў цішыні.
“За Беларусь!” – на грозным танку
Пісаў прад боем на брані.
1 чытальнік
У час кароткага прывалу,
Хоць стомлен, адпачыць бы рад,
Я кнігу з вершамі Купалы
Чытаў для землякоў-салдат.
2 чытальнік
Ішлі сыны да бацькі ў хату,
Вакол ляны цвілі ў палях…
І слова роднае салдату,
Як сонца, асвятляла шлях.
(П. Прануза “Родная мова”)
Настаўнік
Слова нашага выдатнага беларускага песняра Якуба Коласа гучала ў дні вайны набатам, заклікам: “Цяжкае выпрабаванне выпала на тваю долю, родны беларускі народ, у гэтыя грозныя дні! Няхай жа не дрогне тваё сэрца перад жахам крывавай вайны, перад нашэсцем разбураючых, бязлітасных ордаў разбойніка Гітлера. За табою стаіць твая родная магутная Чырвоная Армія, увесь многамільённы савецкі народ, усё прагрэсіўнае чалавецтва…”
1 чытальнік
І людзі выпростваюць плечы,
Скідаюць нявольніцтва груз,
Чырвонае войска на стрэчу
Ідзе да цябе, Беларусь!
Настаўнік
На досвітку 3 ліпеня 1944 года савецкія воіны ўзнялі над Домам урада сцяг свабоды. З таго часу ўвесь народ святкуе гэты дзень.
Г.К.Жукаў успамінаў: “Сталіцу Беларусі нельга было пазнаць. Сем гадоў я камандаваў палком у Мінску, добра ведаў кожную вуліцу, усе важнейшыя пабудовы, масты, паркі, стадыёны і тэатры. Цяпер ляжала ўсё ў руінах, і на месцы жылых кварталаў засталіся пусткі, пакрытыя грудай бітай цэглы і абломкаў…”
На фоне песні “Дзень Перамогі” – музыка Д.Тухманава, словы У.Харытонава – гучаць наступныя словы:
Настаўнік
Ад радасці і болю сціскаецца сэрца, калі чытаеш пра тое лета: порахам і палыном горка дыхала зямля, храбусцела пад нагамі цэгла.
Слёзы і ўсмешкі. Абдымкі і духмяны хлеб свабоды. Бястрашша і мужнасць, нязломная вера і ўпэўненсць у адкрытых свету вачах. Танкістам і пехацінцам цяжка было зразумець: дзе тут мірны люд, а дзе партызаны… Такога падзелу не было.
За Прыпяць і Нёман каціўся вогненны вал наступлення. 28 ліпеня чырвоны сцяг запалымнеў над руінамі Брэсцкай крэпасці, дзе кожны камень – памяць, кожная прабітая каска – жыццё, кожная гільза – легенда.
“Зноў будзем шчасце мець і волю”, – пісаў Я.Купала за два гады да гэтай падзеі, малюючы радасную карціну будучыні, калі на ачышчанай ад ворга зямлі зноў будзе бурліць шчаслівае жыццё.
2 чытальнік
Ачысцім нашы лес і поле
Ад Гітлера, ад яго бандаў,
Зноў будзем шчасце мець і волю
У сваіх адноўленых прысадах.
1 чытальнік
Загоім раны, адбудуем
Свае сялібы зруйнаваны,
Сваю краіну маладую
Святлом асвецім нечуваным.
2 чытальнік
Зірнуць зноў нашы ўвысь палацы,
Святочна прыбяруцца людзі,
Як красаваўся, красавацца
Чырвоны сцяг над намі будзе.
(Я.Купала “Зноў будзем шчасце мець і волю”)
Настаўнік
З руін і попелу было ўзнята 209 гарадоў і раённых цэнтраў, амаль 9 тысяч вёсак. Каля 3 мільёнаў чалавек выведзена з зямлянак і падвалаў. Былі адноўлены разбураныя захопнікамі фабрыкі, заводы, калгасы і саўгасы, установы навукі і культуры, школы.
Савецкі народ выйшаў пераможцам з гэтай жахлівай вайны. Зноў закалыхаліся беларускія палеткі, зазелянелі пушчы і дубровы, з руін і попелу сталі ўзнімацца гарады і сёлы.
Па ўсёй Беларусі стаяць манументы, помнікі, абеліскі. У Мінску і Брэсце, Гомелі і Віцебску, Магілёве і Гродне, Ваўкавыску і Слоніме. Гэта помнікі савецкаму гераізму, воінскай славе, патрыятызму партызан і падпольшчыкаў.
На фоне песні “Абеліскі” (Муз. Дз.Смольскага Сл.М.Ясеня) https://www.youtube.com/watch?v=BGxOKT2ainA гучаць наступныя радкі:
1 чытальнік
І ў будні дзень і ў радаснае свята
Сюды да плошчы шмат дарог вядзе.
Сягодня паўшым у баях салдатам
Народ вянкі да помніка кладзе.
2 чытальнік
Гарыць агонь нязгасны ля граніта,
Як памяць сэрцаў аб сваіх сынах,
Што ў жорсткіх і нечалавечых бітвах
Свабоды адваявалі сцяг.
(А.Астрэйка “Плошча Перамогі”)
1чытальнік
Сёння імкнемся насустрач мы зорам,
Сёння не стрэльбамі ў свеце гаворым.
З сэрцамі сэрцы ўзнімаюць размовы.
Сёння магутныя нашы словы
Скрозь над зямлёю праменямі свецяць:
Мір ва ўсім свеце! Мір ва ўсім свеце!
2 чытальнік
Мір вам, людзі, лясы і дубровы!
Мір табе, залатая зямля!
Скрозь расходзяцца гэтыя словы,
Іх сусвет паўтарае здаля.
1 чытальнік
Толькі той, хто сумлення не мае,
Каго радуе прагнасць адна,
Пачынае свій дзень і канчае
Чорным словам злавесным:
“Вайна!”
2 чытальнік
Ёсць магутная сіла ў народаў,
Што ратуе ад вылюдкаў мір, –
Гэты мы, гэта наша свабода,
Гэта нашы браты і сябры.
1 чытальнік
Яны чуюць праўдзівыя словы,
Што ідуць над сусветам здаля:
Мір вам, людзі! Лясы і дубровы!
Мір табе, залатая зямля!
(Пятрусь Броўка“Голас сэрца”)
(Гучыць песня “Радзіма мая дарагая” – сл. А.Бачылы муз. У.Алоўнікава https://www.youtube.com/watch?v=HivL0WAmoIw)