Таццяна КРЫШТОФІК,
педагог-псіхолаг
ДУА «Сярэдняя школа № 2 г. Свіслачы»,
Гродзенская вобласць
У сярэдняй школе № 2 Свіслачы прайшоў тыдзень сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы.
Асноўнай ідэяй і мэтай тыдня сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы з’яўлялася арганізацыя сумеснай прасторы для ўзаемадзеяння і творчасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, фарміраванне пазітыўнага ўспрыняцця навакольнага свету, прафілактыка адхіленняў у паводзінах.
Першы дзень, панядзелак, быў днём колеру (а таксама адным з самых яркіх дзён), які максімальна ахапіў усю школу святам адкрыцця тыдня. З самага ранку пры ўваходзе ў школу вучняў і настаўнікаў сустракалі псіхолаг і сацыяльны педагог і запрашалі выбраць колер свайго настрою – ім прапаноўвалася каробачка з каляровымі ячэйкамі, у якія ўсе апускалі жэтон, выбіраючы колер свайго натрою ў пачатку заняткаў. Тое ж адбывалася і ў канцы навучальнага дня. Гульня па выбары колеру мела назву “Вясёлка”. Такім чынам, акрамя эмацыянальнага і эстэтычнага значэння, быў атрыманы цікавы дадатковы інфармацыйны матэрыял, у якім адлюстраваўся эмацыянальны стан усіх удзельнікаў да і пасля працоўнага дня.
Пасля, па выніках аналізу, складаліся адпаведныя дыяграмы, і на наступны дзень на стэндзе былі змешчаны каментарыі наконт умоўнага значэння таго ці іншага колеру (выкарыстоўвалася інтэрпрэтацыя значэння колеру па М.Люшэру). Да гэтай падзеі амаль ніхто не застаўся абыякавым, бо атрыманыя вынікі былі інфарматыўнымі і цікавымі. Так, на дыяграме было відаць, што зранку настаўнікі былі настроены актыўна, сканцэнтравана і мэтанакіравана на працу (большасць выбрала зялёны колер), а на канец працоўнага дня значна назбіралася стомленасці, пачуццёвасці, уразлівасці (пераважаў фіялетавы колер). Ранішні і дзённы “графікі настрою” вучняў значна не адрозніваліся, толькі нязначна паменшалася на канец навучальнага дня чырвонага колеру, які азначаў актыўнасць і ўзбуджанасць.
Акрамя “Вясёлкі” у гэты дзень праводзіліся трэнінгавыя заняткі з класнымі калектывамі па тэмах “Колер нашага свету”, “Жыццё цудоўнае”, вусны часопіс “У аптымістаў збываюцца мары”. Фонам дня была інфармацыя пра значэнне і ўздзеянне колеру на чалавека, цытаты і выказванні вядомых людзей на гэту тэму.
Другі дзень быў прысвечаны каханню. Цэнтральнай падзеяй гэтага дня стала псіхалагічная агароджа, дакладней, дзве агароджы, на якіх усім жадаючым прапаноўвалася напісаць пажаданне, звяртанне або прызнанне каму-небудзь.
Важным аспектам выхавання з’яўляецца навучанне падлеткаў гендэрнай культуры, маральнасці, бесканфліктным паводзінам з акружэннем. Практычныя і трэнінгавыя заняткі, якія праводзіліся ў рамках тыдня СППС, навучалі падлеткаў адэкватна ўспрымаць супрацьлеглы пол, улічваць гендэрныя адрозненні, што садзейнічала фарміраванню правільнага разумення прызначэння мужчыны і жанчыны, іх статуса, функцый, узаемаадносін у грамадстве і сям’і.
У трэці дзень тыдня была праведзена гульня “Следапыты”, якая патрабавала ад удзельнікаў, вучняў 2–6-х класаў, актыўнасці і аператыўнасці. Сутнасць гульні заключалася ў тым, што класы павінны былі як мага хутчэй знайсці адказы на прапанаваныя ім пытанні, змешчаныя на спецыяльна падрыхтаваных бланках. Адны пытанні былі накіраваны на знаёмства з арганізацыяй работы і асаблівасцямі школы, другія патрабавалі ад вучняў праявіць увагу да дарослага школьнага калектыву, г.зн. былі звернуты да педагогаў. Пытанні насілі не навучальны характар, а былі накіраваны да эмоцыі, разважанні, цікавыя моманты. Напрыклад, які школьны прадмет быў самым любімым у настаўніцы геаграфіі, калі яна вучылася ў школе? Якія кветкі падабаюцца настаўніцы матэматыкі? Каштоўнасць дадзенай гульні ў тым, што ад вучняў патрабуецца праявіць арганізаванасць і згуртаванасць дзеля таго, каб вывесці свой клас у пераможцы. З другога боку гульня дазваляе дзецям паглядзець на настаўніка неафіцыйна, пераадолець некаторыя бар’еры і стэрэатыпы. Так, для вучняў было цікава даведацца, што іх стрыманы і строгі настаўнік любіць рамонкі, прысмакі і ружовы колер. Гульня ажывіла і зрабіла больш разнастайнымі ўзаемаадносіны некаторых вучняў і настаўнікаў.
Чацвер быў прысвечаны сяброўству. На фоне гульні “Таямнічы сябар” усім прапаноўвалася праявіць (ананімна) увагу да каго-небудзь з калектыва: даслаць камплімент, напісаць цёплы і прыемны ліст, перадаць падарунак або як інакш праявіць свой добры намер. У гульню ўключыліся нават некаторыя класныя кіраўнікі, якія перадалі праз псіхолага маленькія шакаладкі свайму класу. Пазней дзеці здагадаліся пра свайго таемнага сябра і, зразумела, ім была прыемная такая ўвага. З педагагічнага пункту погляду перад гульнёй была пастаўлена мэта навучыць дзяцей мастацтву прымаць знакі ўвагі і іх аказваць. “Таямнічы сябар” стаў акцыяй людзей, якія ўмеюць рабіць іншым прыемнае, дарыць добры настрой.
На наступны дзень тыя, хто сам удзяляў ўвагу іншым, праз аб’явы былі запрошаны на сход таемных сяброў. Тут абмяркоўваўся іх удзел у гульні, уражанні, адчуванні, а таксама ўсе атрымалі невялікія салодкія ўзнагароды. На вялікім ватмане ўдзельнікі пакінулі адбіткі сваіх далоняў, подпісы і пажаданні.
Тыдзень завяршыўся псіхалагічным КВЗ для старшых класаў “Псіхалогія – гэта сур’ёзна” і займальна-пазнавальнай віктарынай “Разумнікі і разумніцы” для вучняў 3–4-х класаў.
Падзеі тыдня сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы захапілі ў сваё поле практычна ўсю школу, прадэманстравалі магчымасць псіхалагічных інтэрактыўных зносін, дапамаглі ўдзельнікам убачыць адно аднаго з новага, нязвыклага боку, пракласці камунікатыўныя і эмацыянальныя масты адно да аднаго.