Не ведаю другога чалавека, які б так трапятліва адносіўся да 9 Мая, як Павел Вікенцьевіч Малуха.
Дваццатае стагоддзе – унікальны час у сусветнай гісторыі. Глабальныя геапалітычныя змены сталі штуршком да з’яўлення новых дзяржаў і гібелі імперый, якія на працягу стагоддзяў былі непадуладныя часу, перыяд самых маштабных і крывавых войнаў, перыяд нябачнага тэхнічнага прагрэсу як на блага так і на пагубу чалавецтва. Людзі, якія трапілі ў вір гэтых падзей, няўмольныя жорны варункаў, ламаліся, знішчаліся, змагаліся, загартоўваліся і складаліся ў палітычныя, культурныя і навуковыя эліты, якія сфарміравалі новы шматпалярны свет.
Лёс беларускага сялянскага хлопца з вёскі Рэцямля Паўла Малухі быў тыповым. Шматдзетная сям’я, праца на гаспадарцы, пачатковая польская школа… Але была прага да ведаў, жаданне вучыцца. І бацька пайшоў насуперак лёсу – даў магчымасць Паўлу прадоўжыць вучобу ў польскай школе ў Навагрудку. У 1932 годзе юнак закончыў 7 класаў і вярнуўся ў родную вёску дапамагаць бацьку па гаспадарцы, на далейшую вучобу сродкаў не было. У 1938 хлопца прызываюць у Войска польскае, а 1 верасня 1939 года пачынаецца Другая сусветная вайна, і малады салдат трапляе ў нямецкі палон. Даведаўшыся пра вызваленнне Заходняй Беларусі ад палякаў, Павел уцякае з палону, але праз некалькі дзён быў злоўлены і трапіў у штрафны лагер. Наступную спробу пабегу ён робіць праз два гады, даведаўшыся пра акупацыю фашыстамі Беларусі. У аўтабіяграфіі ён напіша: “Когда моя Родина оказалась оккупированой немцами, я ещё раз пробовал удирать, с тем чтобы соединиться с моими товарищами-партизанами, с которыми мы были знакомы по нелегальной работе в комсомоле Западной Беларуси…”. Прайшоўшы 1500 км, уцякач трапіў ў рукі фашыстаў. Штрафны лагер, кожны дзень твар у твар са смерцю… Я не ведаю другога чалавека, які б так трапятліва адносіўся да 9 Мая. Большага свята Павел Вікенцьевіч не ведаў.
Перамога над страшнам ворагам не толькі дала свабоду, магчымасць жыць, але і магымасць вучыцца. Навагрудскае педвучылішча дало маладому чалавеку той запас ведаў, які дазволіў адразу стаць не проста настаўнікам пачатковых класаў, а загадчыкам Клюкавіцкай пачатковай школы. Пазней была аналагічная пасада ў Селішчанскай пачатковай школе, а з 1950 года – Рэцямлянская няпоўная сярэдняя школа і з 1968 па 1976 год Масцішчанская сярэдняя школа.
Жыццёвы і працоўны шлях Малухі Паўла Вікенцьевіча – ламаў стэрэатыпы. Палон, штрафныя лагеры назаўсёды павінны былі падарваць веру ў чалавека, зламаць. У тое, што былы вязень стане настаўнікам і будзе вучыць жыць, спасцігаць азы навукі, вучыць веры ў дабро, напэўна, не верыў ніхто. На якой бы пасадзе ні працаваў Павел Вікенцьевіч, які б прадмет ні выкладаў – гісторыю, геаграфію, беларускую мову, прадметы ў пачатковых класах ці тэхнічную працу – рабіў гэта на самым высокім прафесійным узроўні. Незвычайная харызма, мэтанакіраванасць і адданасць прафесіі зрабілі настаўніка бездакорным аўтарытэтам для вучняў і калег.
Была, напэўна, крыўда на лёс, на страчаныя шэсць гадоў у палоне, была прага да справядлівасці і жаданне кожным словам, кожным крокам папярэджваць людзей пра самую страшную з’яву – вайну.
Цяга да ўсяго новага, нязведанага, глыбокія энцыклапедычныя веды дазвалялі настаўніку зарадзіць інтарэсам да падарожжаў вучняў і калег. Масква, Ленінград, Кіеў, Брэст пакінулі ў памяці вучняў пачуццё гонару за сваю краіну і яе веліч, пачуццё шчырай удзячнасці людзям, што адстаялі свабоду і незалежнасць у вайне з фашызмам.
На вачах землякоў прайшло ўсё жыццё Паўла Вікенцьевіча. У роднай вёсцы ён пабудаваў дом, стварыў сям’ю, вырасціў дзяцей, якія сталі годнымі людзьмі, тут пакінуў сябе ў вучнях. Сёння жывуць яго вучні, для якіх беларуская мова не проста адна з мілагучных славянскіх моў, а родная. Для якіх змайстраваць табурэтку ці адрамантаваць стол – абыдзеная справа, для якіх гарады на карце не проста населеныя пункты, а месцы, дзе яны былі.
Вайна, палон, боль, страх, шкадаванне пра страчаны час – гэтыя рэчы ніколі не былі дамінуючымі для Паўла Вікенцьевіча, але назаўсёды пакінулі свой след у жыцці. Праз усё жыццё ён пранёс перакананне: вайне няма месца ў цывілізаваным грамадстве.
Алег АНІКЕВІЧ,
дырэктар Навагрудскай спецыяльнай школы-інтэрната
для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы,
парушэннямі псіхічнага развіцця, цяжкасцямі ў навучанні