Выкарыстанне магчымасцей інфармацыйнага асяроддзя ў прафесійнай дзейнасці педагога як умова яго самарэалізацыі

- 17:22II И III СТУПЕНИ, ИКТ, Методичка

 

Мілана ШЧЫКНО,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія № 6 г. Гродна”

 

 

Настаўнік вучыцца ўсё жыццё.
Як толькі ён перастае вучыцца, у ім памірае настаўнік!
К.Д.Ушынскі

 

Сёння час выстаўляе новыя патрабаванні да асобы педагога. Грамадства мае патрэбу ў педагогу новага тыпу, які будзе матываваны да распрацоўкі і прадвіжэння ініцыятыў, што паляпшаюць вучэбны працэс з дапамогай лічбавых тэхналогій. Рашэнне гэтай задачы патрабуе ад педагога адыходу ад звыклых мадэлей работы ў сістэме “настаўнік – вучань – бацька” і пастаянна матываванай працы па павышэнні ўзроўня сваіх прафесійных кампетэнцый.

Здольнасць да самаадукацыі і самаразвіцця не фарміруецца ў педагога разам з дыпломам педагагічнай УВА. Гэтая здольнасць не толькі вызначаецца псіхалагічнымі і інтэлектуальнымі магчымасцямі кожнага асобнага педагога, але і развіваецца ў працэсе работы з рознымі крыніцамі інфармацыі, аналізу і самааналізу сваёй дзейнасці.

Актуальнай тэндэнцыяй на сённяшні дзень працягвае заставацца дыстанцыйнае навучанне, адзін з перспектыўных кірункаў фарміравання інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці сучаснага педагога.

Са з’яўленнем у працы настаўніка камп’ютара і інтэрнету значна павышаюцца магчымасці настаўніцкай самаадукацыі. Акрамя пошуку неабходнай інфармацыі, педагогі могуць актыўна ўдзельнічаць у працы розных педагагічных інтэрнет-супольнасцей, канферэнцый, праходзіць навучанне на педагагічных марафонах, адукацыйных хакатонах. Гэта не толькі магчымасць выкарыстання якасных метадычных распрацовак, створаных іншымі, але і магчымасць прадстаўлення сваіх матэрыялаў на суд калег, бясплатны ўдзел у навучальных майстар-класах, а самае галоўнае – гэта магчымасць зносін з людзьмі, блізкімі табе па духу.

На адной з педагагічных канферэнцый я і даведалася пра разнастайнасць адукацыйных платформаў і сэрвісаў, якія дазваляюць арганізаваць навучанне для дзяцей, якія з-за хваробы не наведваюць школу, а таксама дапамагаюць рэалізаваць тэхналогію змешанага навучання. У выніку спроб і памылак, аналізу плюсаў і мінусаў кожнай з іх, я выбрала для сваёй працы платформу Core і анлайн-дошку Padlet, а таксама графічны рэдактар Canva.

Платформа Core з’яўляецца канструктарам, які дазваляе напоўніць урок розным кантэнтам: устаўляць відэа, аўдыяфайлы, тэксты, інтэрактыўныя практыкаванні, тэставыя заданні з адкрытымі і закрытымі адказамі, прыём класіфікацыі, прымацоўваць дошкі і г.д.

Асаблівасці, перавагі і магчымасці платформы Core:

    • інтуітыўна зразумелы канструктар анлайн-урокаў;
    • аўтаматызаванае ацэньванне вучняў;
    • адаптыўнасць (вучань зможа азнаёміцца з урокам з дапамогай планшэта, смартфона);
    • высокая хуткасць камунікацыі;
    • наяўнасць інструментаў аналітыкі;
    • магчымасць стварэння неабмежаванай колькасці ўрокаў у бясплатнай версіі;
    • шырокі спектр праверачных практыкаванняў;
    • магчымасць праходжання ўроку навучэнцамі без рэгістрацыі.

Спасылкамі створаных урокаў можна дзяліцца з іншымі педагогамі. Важнай перавагай з’яўляецца тое, што кожны настаўнік можа рэдагаваць урок без нанясення шкоды першакрыніцы, бо ён захоўваецца ў выглядзе копіі.

З дапамогай анлайн-дошкі Padlet можна калектыўна працаваць над рэалізацыяй праекта па літаратурным творы, арганізаваць даследаванне. Напрыклад, размясціць на стужцы часу асноўныя эпізоды з жыцця Андрэя Балконскага, задача навучэнцаў – падабраць з рамана-эпапеі “Вайна і мір” цытаты з тэксту пра ўнутраныя перажыванні героя і размясціць іх на дошцы. Выконваючы гэты від работы, навучэнцы аналізавалі пачуцці і думкі Андрэя Балконскаго, а ў выніку – вызначалі асноўныя этапы духоўных шуканняў героя. Гэтым матэрыялам навучэнцы карысталіся падчас падрыхтоўкі да напісання сачынення.

Дошка дазваляе размяшчаць розны кантэнт: відэа, аўдыяфайлы, малюнкі, карты, тэкст. Кожны пост можна спампаваць і раздрукаваць. Аднак несумнеўным мінусам з’яўляецца стварэнне толькі трох бясплатных дошак.

Перавагі сэрвісу Padlet:

    • магчымасць калектыўнай працы ў адной прасторы;
    • няма абмежаванняў у памерах;
    • магчымасць арганізацыі групавой працы;
    • дошка падыходзіць для калектыўнай працы з розным выглядам кантэнту (дакументы, файлы, малюнкі, матэрыялы, аб’явы, нататкі, карты, стужка часу і г.д.), можна стварыць праект сцяны, якую група ўдзельнікаў будзе запаўняць інфармацыяй.

Графічны рэдактар Canva дазваляе ствараць працоўныя лісты для работы на ўроку і пры выкананні хатняга задання, афішы, вокладку да твораў, інфаграфіку, прэзентацыі прадстаўлення праектаў, узнагародныя лісты і сертыфікаты.

Перавагі графічнага рэдактара Canva:

    • падключэнне з любых прылад (у тым ліку праз смартфон – існуе мабільная версія);
    • вялікая галерея рэдагуемых шаблонаў;
    • магчымасць загрузкі любога аўтарскага кантэнту;
    • магчымасць скачвання ў любых фарматах.

Сэрвіс выкарыстоўваю ў сваёй працы пры падрыхтоўцы да напісання сачынення-апісання па карціне: на рабочым лісце размяшчаю карціну, вакол раблю свабодныя акенцы з подпісамі, якія падказваюць навучэнцам, на якіх аб’ектах неабходна засяродзіць сваю ўвагу (у акенцы неабходна ўпісаць характарыстыку, колеры аб’екта, які апісваецца), палітра колераў карціны, план сачынення і слоўнік эпітэтаў. Запаўняць працоўны ліст можна індывідуальна, у пары або ў групе. Сanva дазваляе размяшчаць QR-коды, перайшоўшы па якіх навучэнцы змогуць больш даведацца пра мастака і карціну, што дасць дадатковы матэрыял для напісання сачынення-апісання.

Змешанае навучанне павышае цікавасць да ўрока, паколькі дазваляе пазбегнуць руціны ў выкладанні і ўзаемадзеянні з навучэнцамі. Як вынік – павышэнне якасці выкладання, рост прафесіяналізму педагога.

Не варта выкарыстоўваць вялікую колькасць інфармацыйна-камунікацыйных сэрвісаў, каб не было затратна самому і навучэнцам гэта не давала нязручнасці. Вядома, усё спасцігнуць немагчыма, але імкнуцца ведаць і ўмець як мага больш павінен кожны з нас.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий