У Грынкаўскім дзіцячым садзе – базавай школе Свіслацкага раёна ў форме дыялога пакаленняў прайшло чарговае мерапрыемства інфармацыйна-адукацыйнага праекта ШАГ па тэме “Сям’я – апора дзяржавы, апора здзяйсненняў і перамог”.
У ходзе ШАГа 1 вядучыя пазнаёмілі навучэнцаў са зместам інфармацыйных блокаў “Дабрабыт сям’і – залог развіцця і прагрэсу краіны” і “Сям’я як калыска агульначалавечых каштоўнасцей”. Маці навучэнцаў нашай установы Карыны і Данііла Пекар Вольга Віктараўна расказала, што з сям’і пачынаецца жыццё чалавека, тут адбываецца фарміраванне яго як асобы. У сям’і чалавек нараджаецца не толькі фізічна, але і духоўна. Сям’я – гэта дом, гэта месца, дзе ўтульна і спакойна, дзе заўсёды зразумеюць і падтрымаюць, дапамогуць вырашыць праблемы і шчыра падзеляць радасць. Вельмі важна, каб сям’я была трывалай і поўнай.
Падчас ШАГа 2 вядучыя арганізавалі абмеркаванне інфармацыі, атрыманай у ходзе ШАГа 1. Вучням былі прапанаваны пытанні: Ці згодныя вы са сцвярджэннем, што сямейнае шчасце – вынік працы ўсіх членаў сям’і? Якой, на вашу думку, можа быць формула сямейнага шчасця? Існуе меркаванне, што сям’ю ўмацоўваюць традыцыі. Ці згодныя вы з гэтым сцвярджэннем? Хлопцы і дзяўчаты расказалі пра традыцыі, якія ёсць у іх сем’ях. Цікавым атрымаўся сумесны аповед Данііла, Карыны і іх мамы пра традыцыі, якія з пакалення ў пакаленне захоўваюцца ў іх сям’і.
У ходзе рэалізацыі ШАГа 3 вучні падвялі вынікі. Акцэнт быў зроблены на тым, што для кожнага з людзей самай важнай з’яўляецца сям’я. Спачатку тая, у якой ён нарадзіўся, а затым тая, якую ён стварыў сам. Навучэнцам было прапанавана стварыць піраміду сямейных каштоўнасцей і патлумачыць свой выбар. У выніку працы вучні прыйшлі да высновы, што сямейныя каштоўнасці – гэта тое, чаго нельга купіць ні за якія грошы ці атрымаць у спадчыну.
Ірына АНДРУШКА,
класны кіраўнік 9-га класа
Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна