Выкарыстанне музычна-дыдактычных гульняў для развіцця ў выхаванцаў цікавасці да вывучэння беларускай мовы на аснове абрадавых святаў

- 20:10Дошкольное образование. Идеи, Методичка

 

Вольга МАСАЛЬСКАЯ,
музычны кіраўнік
ДУА “Яслі-сад № 40 г. Мазыра”,
Гомельская вобласць

m.olgaklim@gmail.com

 

 

 

Дыдактычныя гульні для дзяцей дашкольнага ўзросту – гэта вядучая дзейнасць, з дапамогай якой яны пазнаюць навакольны свет, а для педагога – гэта форма арганізацыі жыцця дзяцей у садку, інструмент навучання і выхавання. Дыдактычныя гульні, якія спалучаюцца з фальклорным матэрыялам, садзейнічаюць захаванню і развіццю нацыянальнай культуры і, адначасова, развіваюць музычныя, пазнавальныя і моўныя здольнасці выхаванцаў, фарміруюць навыкі разумення беларускай мовы, узбагачаючы слоўнік дзяцей беларускімі словамі.

Мною быў распрацаваны альбом пад назвай “Карагод народных святаў”, які ўключае ў сябе малюнкі з назвамі святаў (Дажынкі, Каляды, Масленіца, Вялікдзень, Купалле), гутаркі пра кожнае свята, і, непасрэдна, самі гульні. Гутаркі састаўлены на даступнай для дзіцяці дашкольнага ўзросту мове і праходзяць у выглядзе дыялогу з мэтай пашырэння ведаў пра тое, у які перыяд праходзіць свята, адкуль паходзіць яго назва, пра адметныя рысы святочных абрадаў. У гэты час адбываецца фарміраванне ўмення ўважліва слухаць інфармацыю і адказваць на пытанні па яе змесце. Пры гэтым абавязкова ўлічваецца ўзрост дзяцей і іх жыццёвы вопыт.

Усе гульні – аўтарскія. Іх можна выкарыстоўваць у рабоце з группай ці падгрупай дзяцей. Дарослы (выхавальнік, музычны кіраўнік) выконвае ролю вядучага ці пэўную ролю па сюжэце гульні, тым самым стварае ўмовы для поспеху і стымулявання актыўнасці дзіцяці.

 

       Гульня “Збіраючы каласкі”. Выхаванцы называюць беларускія народныя інструменты, замацоўваючы іх назвы менавіта на беларускай мове. Абавязкова звяртаем увагу на правільнае вымаўленне спецыфічна беларускіх гукаў [г], [ч]. Калі адказ правільны – картку з інструментам забіраюць з пляцёнкі і прымацоўваюць “на сцэну”, а каласок адпраўляецца з “поля” у кошык. Дзеці пры гэтым не проста называюць збожжавую культуру (авёс, жыта, ячмень, пшаніца, грэчка), а ствараюць асобныя выказванні, што садзейнічае развіццю звязнага маўлення і, адначасова, пашырэнню слоўніка.

 

       Гульня “Козачка, паскачы”. Дзеці называюць на беларускай мове тое, што яны бачаць на “талерцы”, чым можна пачаставаць Козачку: каўбасы, цукеркі, гуркі, абаранкі… Прапануем дзецям падабраць словы-эпітэты: Якая ежа? – салодкая, салёная, смачная, духмяная, сакавітая… Напрыканцы гульні адказваюць на пытанні: “Які настрой у Козачкі, у вас, дзеткі?”, “Які танец па характары, па тэмпе?”, “Як трэба скакаць пад гэту мелодыю?” і гэтак далей. Пры адказах на падобныя пытанні фарміруюцца ўменні ўключаць у мову элементы апісання, разважання, вобразныя словы. У гэты момант непрыметна адбываецца праца над граматычным ладам маўлення, над уменнем ужываць назоўнікі ў патрэбным ліку і склоне, над уменнем ужываць дзеясловы ў загадным ладзе і ў форме трэцяй асобы (як адзіночнага, так і множнага ліку).

 

       Гульня “Сонечны рытм”. Дзеці пад вершаваны тэкст перадаюць адно аднаму (ці па крузе) так званы “блін”. Той, у каго па заканчэнні верша “блін” застаецца ў руках – выконвае заданне: выбірае прамень сонца, на якім знаходзяцца картка-малюнак рытму і картка-малюнак музычнага інструменту, называе інструмент на беларускай мове і выконвае рытмічны малюнак спачатку пры дапамозе далоняў і ног, потым – на выбраным інструменце.

Гульня паўтараецца некалькі разоў. Ад таго, колькі разоў пагулялі, залежыць колькасць праменьчыкаў. Калі ўсе праменьчыкі збіраюцца – “блін” ператвараецца ў “вясёлае сонейка”. Тут прапануем дзецям падабраць словы-эпітэты: Якое сонейка? – вясёлае, яскравае, пяшчотнае, цёплае

 

Вось так, слухаючы мелодыі роднага краю, выконваючы рытмічныя малюнкі на музычных інструментах, проста, гуляючы, дзеці выхоўваюцца духоўна, развіваюцца ўсебакова і гарманічна і, безумоўна, папаўняюць беларускамоўны слоўнікавы запас.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий