Аляксандр КРАЎЧАНКА,
настаўнік гісторыі
ДУА “Баравабудскі дзіцячы сад – базавая школа
Кармянскага раёна”,
Гомельская вобласць
Сучасных навучэнцаў цяжка зацікавіць гісторыяй і геаграфіяй праз падручнікі і нават выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных сродкаў навучання і іншых крыніц ведаў. Настаўніку гісторыіі і геаграфіі патрэбна не толькі перадаваць дзецям веды, уменні, навыкі, але і выхоўваць якасці асобы, звязаныя з любоўю да Радзімы, павагай да сваёй гісторыі і прыроды свайго краю. Гэтыя задачы нам дапамагае рэалізаваць краязнаўства (як гістарычнае, так і геаграфічнае).
Краязнаўства – гэта комплекснае вывучэнне і даследаванне эканомікі, гісторыі, геаргафічных асаблівасцей, прыроды, культуры, мовы, літаратуры, музыкі і побыту карэнных жыхароў пэўнай тэрыторыі.
Школьнае краязнаўства можна падзяліць на:
— навучальнае (праграмнае) краязнаўства, якое вызначаецца вучэбнай праграмай і прадугледжвае вывучэнне на ўроках геаграфіі і гісторыі асноватворнай інфармацыі пра край: прырода, насельніцтва, эканоміка і гісторыя;
— пазакласнае (пазапраграмнае) краязнаўства, якое вызначаецца выхаваўчым планам вучэбнай установы і прадугледжвае ўсебаковае вывучэнне навучэнцамі свайго краю на добраахвотных пачатках у пазаўрочны час (аб’яднанне па інтарэсах краязнаўчага кірунку).
Дзеці вывучаюць свой край не толькі з дапамогай інфармацыі, але і на розных мерапрыемствах: на сустрэчах з цікавымі людзьмі, у паходах, на экскурсіях, падчас навуковых даследаванняў, на злётах і спаборніцтвах.
У працэсе краязнаўчай працы адбываецца актыўнае самастойнае засваенне навучэнцамі вучэбнага матэрыялу і набываюцца навыкі, неабходныя для жыцця, ідзе падрыхтоўка да практычнай дзейнасці і пашыраюцца агульнаадукацыйныя веды. Краязнаўства стварае ўмовы для лепшага ўспрымання прыродных, грамадскіх і гістарычных з’яў. Навучэнцы на прыватных і даступных ім фактах спазнаюць з’явы агульнага парадку і могуць “убачыць свет у кроплі вады”. Краязнаўства сваім зместам і прыёмамі даследчай працы ў значнай ступені рэалізуе прынцып нагляднасці ў навучанні геаграфіі і гісторыі.
Абагульняючы, вылучу асноўныя рысы краязнаўства на ўроках гісторыі і геаграфіі:
— дае магчымасць будаваць выкладанне геаграфіі і гісторыі паводле дыдактычнага прынцыпу – ад вядомага да невядомага, ад блізкага да далёкага;
— стварае ўмовы для лепшага ўспрымання прыродных і гістарычных з’яў, практычнай накіраванасці геаграфіі і гісторыі, арганізацыі работы па ахове прыроды, захаванню гістарычных помнікаў;
— спрыяе мэтанакіраванаму фарміраванню светапогляду, патрыятычнаму выхаванню і беражлівым адносінам да прыроды і гістарычных каштоўнасцей беларускага народа;
— спрыяе міжпрадметным сувязям на ўроках, робячы заняткі больш жывымі і цікавымі;
— павялічвае зацікаўленасць вучняў у вывучэнні вучэбных прадметаў.
Краязнаўствам сур’ёзна я пачаў займацца яшчэ будучы студэнтам ва ўніверсітэце (вывучаў сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё роднага раёна ў пасляваенны час), а зараз працягваю вывучаць сумесна з навучэнцамі ў якасці настаўніка. Вяду краязнаўчае аб’яднанне па інтарэсах.
За час вывучэння роднага краю было зроблена наступнае: збіралі з вучнямі ўспаміны старажылаў вёскі, відавочцаў значных у гісторыі вёскі і раёна падзей, даследвалі дэмаграфічныя працэсы, вывучалі радыяцыйнае выпраменьванне на тэтыторыі сельскага Савета, знаёміліся з побытам, культурай і нацянальнай кухняй сваёй мясцовасці, стваралі турыстычны маршрут і многае іншае. Паступова стала назапашвацца інфармацыя і розныя заданні па гісторыі і геаграфіі роднага краю. Не апошнюю ролю адыграла і даследчая дзейнасць саміх навучэнцаў. Вынікі даследчай працы сталі выкарыстоўвацца мною не толькі на занятках аб’яднання па інтарэсах і выхаваўчых мерапрыемствах, але і непасрэдна на ўроках гісторыі і геаграфіі.
Калі ва ўрок уключаецца інфармацыя з мінулага і сучаснага роднага краю, матэрыяльныя і духоўныя помнікі гісторыі, культуры і прыроды роднай вёскі, гістарычны і геаграфічны матэрыял для вучняў становіцца больш асэнсаваным, асобасным і блізкім. Вучні прапускаюць усю інфармацыю праз свой жыццёвы вопыт, светапогляд і датыкаюцца да гісторыі, становяцца яе часткай. А прадметам найбольшай цікавасці вучняў з’яўляецца гісторыя сваёй сям’і і гісторыя таго месца, дзе яны нарадзіліся.
У ходзе сваёй працы з навучэнцамі стараюся навучыць іх здабываць веды шляхам даследчага пошуку. Вядома, што новыя веды можна атрымліваць ад іншых у гатовым выглядзе, але веды, здабытыя ў ходзе ўласных высноў, звычайна самыя трывалыя і больш “асобасныя” са сваімі асацыяцыямі і інтарэсамі. Як правіла, такія веды больш трывалыя і глыбокія, чым звесткі, здабытыя шляхам запамінання.
Краязнаўчая – праца складаная, патрабуе часу і вопыту, але гэтая праца вельмі цікавая, займальная і дзейсная. Краязнаўчая праца дае нам пачуццё чалавечай годнасці, выклікае веру ў творчыя сілы нашага розуму, павышае самаацэнку навучэнцаў, вучыць іх пераадольваць цяжкасці.
Вопыт, набыты ў ходзе краязнаўчай работы, дапамагае навучэнцам у іх сацыялізацыі, у далейшай вучобе, пры напісанні даследчых або праектных работ, рэфератаў.