- Дашкольная адукацыя. Сцэнарыi, Метадычка

Канспект занятка па адукацыйнай галіне “Выяўленчае мастацтва. Дзіцячы дызайн” для выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту. Тэма: “Беларускі ручнік”

 

Галіна КАЛАЦЭЙ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Каменскі яслі-сад Мазырскага раёна”,
Гомельская вобласць

 

 

 

Тэма: “Беларускі ручнік”.

Праграмныя задачы: фарміраваць уяўленні пра дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі (вышытыя і тканыя вырабы) як каштоўнасць нацыянальнай культуры; развіваць эстэтычны густ, цікавасць да твораў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; выхоўваць павагу да працы дарослых, патрыятычныя пачуцці.

Матэрыял і абсталяванне: куфэрак, вышытыя і тканыя ручнікі, скрыня з двума наборамі для вышывання (ніткі, пяльцы, кавалак тканіны, сантыметровая лента), “падзорная труба”, гуаш (чорная, чырвоная), пэндзлі, штампы з бульбы, падстаўкі, стаканчыкі-невылівайкі, ватныя палачкі.

Папярэдняя праца: арганізацыя выстаў саматканых, вышытых вырабаў, развучванне верша пра ручнік, разгляд беларускага геаметрычнага арнамента.

Метады і прыёмы: гульнявы (дыдактычная гульня, гульнявая сітуацыя), наглядны (разгляд дэталяў ручнікоў), практычны (прадуктыўная дзейнасць).

Тып занятка: замацоўваючы.

Развіваючыя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі: метады АТСМ-РТУ-ТРВЗ-тэхналогіі.

 

Ход занятка

 

I Арганізацыйны (уводны) этап (2 хвіліны)

1 Гульня-эцюд “Прывітанне” (франтальная форма работы)

Мэта: стварэнне камфортнай добразычлівай атмасферы, выхоўванне добразычлівых адносін да аднагодак у працэсе гульнявой дзейнасці.

Добры дзень, сонейка залаценькае!
Добры дзень, сонейка міленькае!
Добры дзень, неба блакітнае!
Добры дзень, ветрык павольны!
Добры дзень, дрэвы і кветкі!
Добры дзень, бары і палеткі!
Добры дзень, дарагія сябры!

2 Сюрпрызны момант “Пасылка ад бабулі Зоі” (франтальная форма работы)

Мэта: арганізацыя дзяцей, матывацыя на будучую дзейнасць, развіццё пазнавальнай цікавасці.

 

II Асноўны этап (20 хвілін)

1 Разгляд вышытых і тканых ручнікоў (франтальная форма работы)

Мэта: фарміраваць уяўленні выхаванцаў пра элементы беларускага арнаменту.

Выхавальнік дашкольнай адукацыі: Узоры звычайна размяшчаюцца на канцах ручніка, яны нібы “сцякаюць” уніз. Самыя шырокія палосы – ля канцоў, наступныя  – вузейшыя і размешчаны радзей. Арнамент – не толькі аздабленне. Ва ўзорах тканых і вышываных вырабаў зашыфраваны аповед пра жыццё чалавека, прыгажосць прыроды.

2 Дыдактычная гульня “Палавінкі” (франтальная форма работы)

Мэта: фарміраваць уяўленні пра беларускі арнамент, сродкі выразнасці беларускага арнаменту, развіваць увагу, памяць.

Выхавальнік дашкольнай адукацыі: Малюнкі арнамента заўсёды нешта азначаюць. Напрыклад, сімвал Сонца, сімвал Зямлі, сімвал Дзіцяці, сімвал Маці і іншыя.

Дзеці падбіраюць палавінку да малюнка арнаменту і называюць, які сімвал атрымаўся.

3 Гульнявая сітуацыя – метад АТСМ-РТУ-ТРВЗ-тэхналогіі – “Чараўнік Дзялення – Аб’яднання” (франтальная форма работы)

Мэта: замацоўваць назвы элементаў геаметрычнага беларускага арнамента, фарміраваць уменне ўспрымаць выразныя сродкі беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (колер, узор, рытм).

Выхавальнік дашкольнай адукацыі: Разгледзець, з чаго складаецца беларускі ўзор, нам дапаможа Чараўнік дзялення. Бярыце чароўную падзорную трубу і ўважліва разгледзьце элементы арнаменту. Але памятайце, што ў падзорную трубу мы можам убачыць толькі адзін элемент.

Дзеці: Я бачу чырвоны квадрат (ромб, чорную лінію, вугалок, зорачку і г.д.)

Выхавальнік дашкольнай адукацыі: Другі наш памочнік – Чараўнік аб’яднання – любіць усё аб’ядноўваць і звязваць паміж сабой. Ён дапаможа знайсці, чым звязаны паміж сабой элементы беларускага арнаменту.

Дзеці: Дзве палачкі ўтварылі крыжык, ромб звязаны з квадратам, усе фігуры размешчаны на чырвонай лініі, чатыры ромбы ўтварылі кветку і г.д.

Выхавальнік дашкольнай адукацыі: вы заўважылі, што фігуры ўтвараюць узоры, якія паўтараюцца. Так атрымліваецца арнамент. Асноўныя колеры арнаменту – чырвоны, белы, чорны. Нашы продкі верылі, што арнамент засцерагае іх ад гора і прыносіць шчасце.

4 Пальчыкавая гульня “Павесім ручнік” (франтальная форма работы)

Мэта: развіваць мысленне, увагу.

“Стукай-грукай, малаток!”–
Напявае Петрусёк.
У сцяну забіў ён цвік
(“забіваюць” цвік то правай, то левай рукой)
І павесіў свой ручнік.          
(дзвюма рукамі “вешаюць” ручнік на цвік)

5 Праблемная сітуацыя: “Што спатрэбіцца для вышывання?” (падгрупавая форма работы)

Мэта: выклікаць цікавасць да разнастайных прадметаў рукатворнага свету і іх асаблівасцей.

Дзеці дзеляцца на дзве падгрупы. Кожнай падгрупе даецца скрыня з двума наборамі для вышывання (ніткі, пяльцы, кавалак тканіны, сантыметровая лента) і даецца заданне знайсці пяльцы. Дзеці павінны знайсці незнаёмы прадмет і растлумачыць свой выбар.

6 Дзіцячы дызайн “Упрыгож беларускі ручнік” (індывідуальная форма работы)

Мэта: развіваць уменне эксперыментаваць з мастацкімі тэхнікамі (штампоўка), сродкамі выразнасці (колер, рытм), выхоўваць эстэтычныя пачуцці, устойлівую цікавасць да стварэння аб’ектаў дызайну.

Выхавальнік дашкольнай адукацыі: Масцярыцы вышывалі, ткалі ўзоры, а мы будзем маляваць. Замест нітак і іголак мы будзем выкарыстоўваць пэндзлі, штампы, ватныя палачкі. Ствараючы арнамент, выберыце, якія элементы вы хочаце выкарыстаць для ўзору.

У час працы гучыць ціхая музыка. 

 

III Заключны этап (3 хвіліны)

1 Падвядзенне вынікаў “Раскажы пра свой узор”

Мэта: зрабіць аналіз вынікаў прадуктыўнай дзейнасці, развіваць уменні даваць ацэнку вынікам сваёй працы.

Выхавальнік дашкольнай адукацыі: Якія прыгожыя атрымаліся ў вас ручнікі! Расскажыце, якія элементы арнаменту вы выкарысталі ў сваёй працы.

2 Рэфлексія “Што спадабалася?”

Мэта: аналіз вынікаў дзейнасці выхаванцаў.

 

Літаратура:

Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь; [Нацыянальны інстытут адукацыі]. – Мінск : Нацыянальны інстытут адукацыі, 2019. – 479 с.

 

Поделиться ссылкой:

+1

Добавить комментарий