Калі ў сутках дваццаць чатыры гадзіны, працоўны дзень можа доўжыцца 25? Калі калектыў маленькі, яму можна даверыць “вялікае” заданне? А калі працоўны дзень скончыўся ў 21.00, вы гатовы пракаціцца на веласіпедзе дваццаць пяць кіламетраў? Адказ сцвярджальны, бо гаворка ідзе аб незвычайным чалавеку, якім самым незвычайным чынам з’явіўся са сталіцы ў правінцыйную гімназію і «ўлюбіў» у сябе ўсяго за адну сустрэчу старшакласнікаў і педагогаў Лельчыцкай раённай гімназіі.
Генерал-маёр унутранай службы Анатоль Уладзіміравіч Даўгалевец —намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях наведаў нашу ўстанову. Зачараваў дзяўчат кампліментамі, прыцягнуў увагу маладых людзей да прафесіі, ў якую не адразу прыйшоў і сам, уключыўся ў гульню з малымі па дарозе ў актавую залу, дзе, як сцвярджае дзевяцікласніца Юлія Радкевіч, здолеў разгаварыць заўсёды насцярожаную аўдыторыю старшакласнікаў.
Чаму? Ды таму што і генерал-маёр — лёгкі, адкрыты, шчыры, жыццярадасны, вясёлы і галантны чалавек. Такімі словамі ахарактарызавалі госця старшакласніцы. Школьнікі прыслухаліся да парады аб тым, што трэба не адзін раз падумаць, перш чым вырашыцца падаваць дакументы ў ВНУ, дзе вучаць штодня не працаваць, а “пахаць”. Наматалі на вус пажаданне: дарослых трэба чуць, іншымі вычыма паглядзелі на прадстаўнікоў прафесіі, што прыходзяць на працу на гадзіну раней, і таму іх працоўны дзень складае дваццаць пяць гадзін у суткі.
Юнакі натхніліся гіторыяй госця і задумаліся пра выбар прафесіі, якая дапамагае захоўваць жыццё людзей. Адзначылі, што выбар галоўнай справы жыцця можа ляжаць праз розныя напрамкі і інтарэсы.
“Шлях у прафесію доўгі, цярністы, поўны сумненняў. Аднак чалавек моцны. Калі пра гэта памятаць, сумневы рассейваюцца, дух ўмацоўваецца, знаходзяцца сілы спраўляцца з цяжкасцямі”, — такія словы дзевяцікласнік Мікіта Неўмяржыцкі запісаў ва ўласны электронны нататнік. Ігар Коваль доўга абмяркоўваў з сябрамі той факт, што падначаленых у генерала трохі — усяго дзесяць, а працу калектыў выконвае велізарную: усе надзвычайныя сітуацыі Беларусі кантралююцца службай, якую ўзначальвае Анатоль Уладзіміравіч. Даніла Брылевіч, яго аднакласнік, канстатаваў: “Мы, правінцыялы, думаем, што міністры і іх намеснікі — звышлюдзi. Але насамрэч, простыя людзі, як і іншыя. Анатоль Уладзіміравіч знайшоў “сваю” працу. Генерал-маёр нездарма генерал: нясе адказнасць за іншых людзей, часта перажывае, бо трэба паспець “ўгнацца” за маладымі супрацоўнікамі. Адным словам, жыве, працуе, вучыцца, зноў працуе. І адпачывае, калі гуляе ў хакей. Зусім як мы”.
Калі казаць пра біяграфію, то А.У.Даўгалевец нарадзіўся ў сям’і, у якой расло пяцёра дзяцей. Нам, яго аднагодкам, гэты факт зразумелы і прыемны. Толькі чалавек, які вырас у шматдзетнай сям’і, можа ведаць, што такое фізічная праца і папулярызаваць падобны вопыт у аўдыторыі школьнікаў. Толькі сапраўдны сем’янін згадае той факт, што вольны час ён траціць у тым ліку і на тое, каб у поле знайсці прыдатную салому для будучых вырабаў жонкі, нават калі да гэтага поля трэба ехаць дваццаць пяць кіламетраў на ровары. Адкрыты, шчыры, вясёлы, жыццярадасны намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Анатоль Даўгалевец, аказваецца, незвычайна-звычайны чалавек.
Наталля ЛІСІЦКАЯ
настаўнік рускай мовы і літаратуры
Лельчыцкай раённай гімназіі