- Адукацыя ў асобах

Школа пачынаецца з дырэктара: Аляксандра Генадзьеўна Александронак

 

“Энергічная, ініцыятыўная і творчая асоба”, – так кажуць пра Аляксандру Генадзьеўну Александронак, маладога дырэктара сярэдняй школы № 22 Віцебска.

З чаго пачынаецца школа? І вы не памыліцеся, калі скажаце, што любая школа пачынаецца з дырэктара! Менавіта дырэктар падобны рэжысёру, які стварае спектакль, хоць сам не заўсёды з’яўляецца на сцэне. Яго роля на самой справе больш творчая, чым адміністрацыйная. Яго ўпэўненасць у поспеху зараджае аптымізмам, прымушае паверыць у свае сілы!

Аляксандра Генадзьеўна родам з сонечнага Узбекістана. Калі яна вучылася ў 6-м класе, бацькі вырашылі вярнуцца ў Віцебск і аддалі дзяўчынку вучыцца ў 10-ю школу. Пасля заканчэння школы яна цвёрда вырашыла стаць настаўнікам. Яе мара здзейснілася пасля заканчэння ў 2011 годзе ВДУ ім. П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Руская мова і літаратура. Англійская мова”. І яна стала не проста настаўнікам, а настаўнікам, пастаянна ўдасканальваючым сваё майстэрства, свой педагагічны талент! Два гады адпрацаваўшы як малады спецыяліст у сярэдняй школе № 15 Віцебска, вырашыла вярнуцца ў родную 10-ю школу. Пяць гадоў працавала на пасадзе настаўніка англійскай мовы і педагога дадатковай адукацыі, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а затым была назначана на пасаду дырэктара сярэдняй школы № 22 Віцебска. З’яўлялася кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў, працавала начальнікам аздараўленчага лагера з кругласутачным знаходжаннем “Спартакавец”. З 2020 года з’яўляецца лектарам Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. За час працы заўсёды выяўляла сябе як выдатны педагог з добрай падрыхтоўкай. Аляксандра Генадзьеўна мае першую кваліфікацыйную катэгорыю настаўніка, пастаянна займаецца самаадукацыяй і працуе над павышэннем свайго метадычнага ўзроўню. У 2014 годзе прайшла перападрыхтоўку ў ВДТУ на ўзроўні вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Фінансавы менеджмент” з прысваеннем кваліфікацыі менеджара-эканаміста. У цяперашні час з’яўляецца студэнтам-завочнікам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Дзяржаўнае кіраванне і права”.

А.Г.Александронак карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай калег, вучняў і іх бацькоў, яна таварыская, спагадлівая, тактоўная, сціплая, добразычлівая, дысцыплінаваная, спраўная.

У 2017 годзе стала ініцыятарам стварэння валанцёрскага атрада “Рука дапамогі” на базе сярэдняй школы № 10 Віцебска. З’яўляецца валанцёрам COVID-19 ад БРСМ і БТЧК. У перыяд складанай эпідэміялагічнай сітуацыі Аляксандра Генадзьеўна дапамагала пажылым і адзінока пражываючым грамадзянам, якія звярталіся па гарачай лініі, у дастаўцы прадуктаў харчавання, аплаце камунальных паслуг, набыцці лекавых сродкаў.

Аляксандра Генадзьеўна і яе атрад маюць вялікую колькасць узнагарод па кірунку сацыяльнага валанцёрства: дыплом III ступені гарадскога тура і дыплом II ступені абласнога тура рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года – Добрае сэрца” у намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад сярод вучнёўскай моладзі”, дыплом II ступені абласнога тура “Валанцёр года – 2020”, дыплом II ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня, дыплом I ступені гарадскога этапа абласнога конкурсу на лепшы сацыяльны праект, лаўрэат I ступені ў намінацыі “Дзень за жыццё”, міжнароднага конкурсу “Жывыя галасы гісторыі”.

Валанцёрскі атрад прымаў удзел у Маладзёжным медыяфестывалі “Галасы маладых за ўстойлівае развіццё – 2020” у намінацыі “Беларусь інклюзіўная”.

Штогод Аляксандра Александронак прымае ўдзел у “Марафоне паспяховых практык спецыялістаў у сферы арганізацыі работы з моладдзю”, у кірунку сацыяльнага валанцёрства.

У снежні 2020 года Аляксандра Генадзьеўна атрымала падзяку на рэспубліканскім конкурсе “Валанцёр года – 2020” за самаадданую працу і асабісты ўклад у барацьбу з COVID-19. У красавіку 2021 года ўзнагароджана дыпломам III ступені XIX Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці моладзі.

Дырэктарам сярэдняй школы № 22 Аляксандра Генадзьеўна была прызначаная чатыры месяцы таму. Але нават за гэты невялікі тэрмін дасягнута нямала. Школа са з’яўленнем новага дырэктара змянілася і ўнутрана, і знешне. Гэта бачна ўсім. Праведзены рамонтныя работы, наладжана супрацоўніцтва з шэфамі, атрыманая спонсарская дапамога, створаны два гуманітарныя праекты, прапанаваныя для сумеснага фінансавання. Праект “Спорт, даступны ўсім” размешчаны на афіцыйным сайце Дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці, а таксама прайшоў адборачны тур на атрыманне прэміі Zayed Sustainability Prize. Сумесна з крэатыўным і ініцыятыўным педагагічным калектывам распрацаваны праекты “Зялёная школа” і “Школа – тэрыторыя здароўя”.

У планах зрабіць яшчэ больш, і за лета абноўленая школа будзе цалкам гатовая прыняць у свае сцены дзятву.

Новы дырэктар дамагаецца пастаяннага павышэння кваліфікацыі педагогаў. Настаўнікі школы значна часцей сталі ўдзельнічаць у розных конкурсах, і ў гэтым бачная рука маладога кіраўніка. Аляксандра Генадзьеўна асабіста служыць таму прыкладам.

Кожную раніцу малады дырэктар абавязкова сустракае не парозе школы ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак. А затым з галавой пагружаецца ў груду розных кіраўнічых пытанняў, многія з якіх патрабуюць неадкладнага вырашэння. Як кажа сама Аляксандра Генадзьеўна, ніколі не бывае вялікіх спраў без вялікіх цяжкасцей.

Выдатныя арганізатарскія здольнасці, веданне псіхалогіі людзей дапамагаюць ёй аб’яднаць педагагічны калектыў агульнай справай. Яна не баіцца ўкараняць новае ў вучэбна-выхаваўчы працэс, таму навучальная ўстанова паспяхова асвойвае новыя педагагічныя тэхналогіі. Пры гэтым імкнецца, каб лепшыя традыцыі школы абавязкова захоўваліся.

Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім – гэтыя словы маюць самае непасрэднае дачыненне да дырэктара 22-й віцебскай школы, у мінулым маёй вучаніцы. За гады педагагічнай дзейнасці з простага настаўніка Аляксандра Генадзьеўна вырасла ў граматнага і ўмелага кіраўніка. Яна адзначана падзякай аддзела па адукацыі адміністрацыі Акцябрскага раёна Віцебска, узнагароджана Ганаровай граматай аддзела па адукацыі адміністрацыі Акцябрскага раёна Віцебска ў 2017 годзе, па выніках 2019 года занесена на Дошку Гонару аддзела па адукацыі адміністрацыі Акцябрскага раёна Віцебска.

 

Жанета РАМАНОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 10 Віцебска

 

Поделиться ссылкой:

0

Добавить комментарий