Вольга СТРАМАВУС,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства
ДУА «Конькаўскі НПК дзіцячаы сад — сярэдняя школа»
Ляхавіцкага раёна,
Брэсцкая вобласць
Фарміраванне сацыяльна-актыўнай асобы грамадзяніна і патрыёта, які валодае пачуццём нацыянальнага гонару, грамадзянскай годнасці, любові да Радзімы, свайго народа — адна з галоўных мэт работы школы. Неабходна развіваць патрыятычныя пачуцці, гістарычнае самапазнанне, сацыяльную актыўнасць, паглыбляць веды і ўяўленні пра гісторыю Вялікай Айчыннай вайны праз практычную дзейнасць. Свята, прымеркаванае да Дня абаронцаў Айчыны, дазваляе прааналізаваць падзеі тых суровых дзён, калі вырашаўся лёс нашай Радзімы. Мы павінны памятаць нашых воінаў, якія ў гады вайны дастойна выканалі свой абавязак, і не забываць тых, хто ў мірны час стаіць на абароне нашай Айчыны — Рэспублікі Беларусь.
Мэта: знаёмства з гісторыяй Дня абаронцаў Айчыны.
Задачы: 1) паказаць падзеі, звязаныя з гісторыяй Чырвонай Арміі і яе дзейнасцю ў гады Вялікай Айчыннай вайны; 2) развіваць цікавасць да гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь; 3) садзейнічаць выхаванню гонару за Радзіму і яе мужных абаронцаў.
Абсталяванне: афармленне сцэны: шары, два рамонкі, выразаныя з паперы (у аднаго сярэдзіна жоўтая, у другога — чорная), мультымедыйная прэзентацыя “Яны змагаліся за Радзіму”, плакаты з віншаваннямі абаронцаў Айчыны, аудыязапіс музыкі: песня “Синий платочек” (музыка Е.Пецярсбурскага, словы Я.Гольдэнберга), песня“Белая Русь”(музыка і словы І.Співакова), песня “Гэта Беларусь”(музыка А.Елісеенкава, словы А.Туравай), запіс маршу В.І.Агапкіна “Развітанне славянкі”.
Гучыць марш В.І.Агапкіна “Развітанне славянкі”. Выходзіць вядучая, музыка заціхае.
Вядучая. Лічу, што ўсе прысутныя хаця б раз у жыцці чулі ўрачысты марш “Развітанне славянкі”. Пад гукі гэтага маршу мужчыны ішлі на абарону Айчыны. Сёння, 23 лютага, Дзень абаронцаў Айчыны. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі і ўдзячнасці тым, хто мужна абараняў родную зямлю, а таксама тым, хто ў мірны час нёс і нясе нялёгкую і адказную службу.
Вядучы. Але ў першую чаргу нам хочацца сказаць вялікі дзякуй нашым ветэранам, якія, не шкадуючы свайго жыцця, змагаліся з ворагам у гады вайны.
Удзельнікі мерапрыемства звяртаюць увагу на экран. Вядучы называе імёны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Хвілінай маўчання аддаюць людзі даніну памяці загінуўшым. Давайце мы ўшануем абаронцаў нашай Айчыны хвілінай маўчання.
Вучаніца. Гісторыя Чырвонай Арміі пачынаецца ў 1918 годзе. Савецкі ўрад з мэтай абароны маладой Савецкай дзяржавы ад кайзераўскай Германіі пачаў падрыхтоўку да арганізацыі рэгулярных узброеных сіл.
Вучань. 23 лютага 1918 года пад Псковам і Нарвай маладыя палкі Чырвонай Арміі прыпынілі адборныя, добра ўзброеныя фарміраванні германскіх войскаў, якія наступалі на Петраград. Дзень Перамогі над войскамі германскага імперыялізму — 23 лютага — стаў днём нараджэння Чырвонай Арміі.
Вучаніца. 22 чэрвеня 1941 года мірнае жыццё нашага народа было парушана нападам фашысцкай Германіі. Чырвоная Армія стала на абарону Радзімы.
Гучыць верш К.Сіманава “Жди меня” ў выкананні вучняў.
На сцэне вісяць два рамонкі.
Вядучая. Звярніце ўвагу на гэтыя кветкі. Што вам здаецца ў іх дзіўным, незвычайным? (Адказы ўдзельнікаў свята.)
Уявіце сабе, што вось гэты рамонак сімвалізуе шчаслівае мірнае дзяцінства, а побач дзяцінства, апаленае вайной. Давайце паразважаем, з чаго складаецца шчаслівае дзяцінства. (Адказы ўдзельнікаў свята: мір, сям’я, сяброўства, радасць, здароўе…) Што мяняецца з вайной? Якія асацыяцыі ў вас узнікаюць? (Адказы ўдзельнікаў свята: боль, страх, голад, смерць, слёзы…)
Вядучы. Вайна… Колькі жаху і смутку хаваецца ў гэтым слове. Нам пашанцавала, мы не бачылі вайны, не бачылі скалечаных дзяцей, не бачылі гора маці, якія страцілі сыноў. Бесклапотнае дзяцінства, шчаслівае юнацтва – усё гэта ёсць у нас. Дзеці вайны таксама радаваліся лету і сонцу. Вайна забрала ў іх шчасце, радасць і весялосць.
Выкананне танца “Пунсовыя ветразі” вучнямі.
Вучань. Снежань 1941 года. Пачалося контрнаступленне Чырвонай Арміі пад Масквой. Чырвоная Армія развеяла міф аб непераможнасці гітлераўскіх войскаў.
Вучаніца. 17 ліпеня 1942 года пачалася абарона Сталінграда, якая паспяхова закончылася 2 лютага 1943 года.
Вучань. Ліпень-жнівень 1943 года — Курская бітва. Чырвоная Армія адбіла найбуйнейшае наступленне нямецка-фашысцкіх войскаў. Чырвоная Армія пачала называцца Савецкай, а лепшыя яе часткі — гвардзейскімі.
Вучаніца. Чэрвень-ліпень 1944 года. Праведзена аперацыя па вызваленні тэрыторыі Беларусі “Баграціён”.
Вучань. Май 1945 года. Вялікая доўгачаканая Перамога. Мірнае жыццё, якое падарыла людзям доблесная Савецкая Армія.
Гучыць песня “Синий платочек” у выкананні вучняў.
Вядучая. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне дазволіла зразумець ўсяму свету, што наша армія — самая моцная і непераможная. Гэта пацвярджаюць звароты іншых краін па дапамогу да Савецкай Арміі ў вырашэнні ўнутрыдзяржаўных канфліктаў.
Вядучы.10 гадоў працягвалася вайна ў Афганістане, якая забрала жыцці тысячы салдат, 723 беларусы загінулі ў гэтай вайне. Пра мужнасць, самаахвярнасць і адвагу нашых салдат ведае ўвесь свет.
Гучыць верш “Вецер гарачы, горы, пясок…” у выкананні вучняў.
Вядучая. Гісторыя сучаснай беларускай арміі бярэ свой пачатак 20 сакавіка 1992 года, калі Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь даручыў Савету Міністраў прыступіць да фарміравання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Вядучы. Мы — беларусы. Нам уласцівы такія якасці, як патрыятызм, любоў да Радзімы, адданасць, імкненне абараняць яе ад ворагаў, сваімі справамі служыць яе інтарэсам.
Вядучая. Сёння мы віншуем нашых дарагіх татаў, дзядуляў, тых, хто з гонарам выканаў свой абавязак перад Радзімай, адслужыўшы ў радах Узброеных Сіл належны тэрмін.
Гучыць песня “Белая Русь” у выкананні вучняў.
Вядучы. Нашы вучні падрыхтавалі да свята падарункі і цяпер іх уручаць сваім татам і дзядулям.
Вядучая. Мы жадаем будучым абаронцам Айчыны стаць сапраўднымі салдатамі, абаронцамі Радзімы. Каб праз 100 ці 200 гадоў 23 лютага быў самым мірным днём — Днём абаронцаў Айчыны.
Гучыць песня “Гэта Беларусь” у выкананні вучняў.