Людміла АМЕЛЬЧАНКА,
настаўнік біялогіі і хіміі
ДУА “Бярозавіцкая сярэдняя школа” Пінскага раёна,
Брэсцкая вобласць
Тэма ўрока: Уплыў гаспадарчай дзейнасці чалавека на біясферу.
Клас: 11
Мэта: плануецца, што ў канцы ўрока вучні будуць:
– ведаць, якія меры неабходна прадпрымаць для прадухілення згубнага ўплыву антрапагеннага фактару на біясферу;
– умець аналізаваць наступствы антрапагеннага ўздзеяння на папуляцыі жывых арганізмаў.
Задачы:
– навучальная: прадставіць магчымасць для пашырэння ведаў вучняў пра ўплыў чалавека і яго гаспадарчай дзейнасці на навакольнае асяроддзе;
– развіваючая: стварыць умовы для засваення інфармацыі пра неабходнасць захавання генафонда і відавой разнастайнасці арганічнага свету;
– выхаваўчая: садзейнічаць фарміраванню экалагічнай культуры, камунікатыўных навыкаў.
Тып урока: камбінаваны ўрок.
Абсталяванне і сродкі навучання: мультымедыйны праектар, камп’ютар (або тэлевізар), табліца “Біясфера і чалавек”, фрагменты дакументальнага фільма “Дом”, інтэрнет-рэсурсы, клейкія карткі трох колераў, глобус у поліэтыленавым пакеце, дэзадарант у аэрозолі, шклянка з мукой і шкляной трубкай, чысты кардон, шклянка са смеццем і вадой, шклянка з белым пяском і кволай маленькай раслінай.
Ход урока
I Арганізацыйны момант
– Добрый день! Давайце пачнем наш урок з усмешкі. Усміхніцеся адно аднаму, мне. Спадзяюся, што ў такой жа прыязнай абстаноўцы пройдзе ўвесь наш урок.
(Настаўнік адзначае адсутнічаючых, правярае гатоўнасць класа да ўроку)
II Арыенціровачна-матывацыйны этап
Настаўнік чытае верш Т.Казака “Пока не поздно”.
Кислотные дожди, озоновые драмы…
Отдушины не жди – беда гудит над нами.
За чёрные леса, за мёртвые озёра
К барьеру подлеца, к барьеру крахобора!
И лебединый плач, и след лося кровавый…
Одумайся, палач, пока не поздно, право.
Заросшие поля, отравленные воды…
Прости меня, Земля, прости меня, Природа!
– Пра што ідзе гаворка ў гэтым вершы? (выказванні вучняў).
– Сёння мы будзем гаварыць пра дзейнасць і ўплыў чалавека на біясферу.
Настаўнік запісвае тэму ўрока “Уплыў гаспадарчай дзейнасці чалавека на біясферу”, прапануе абмеркаваць значэнне слова “гаспадар” і выказаць здагадкі: “Чалавек – гаспадар у біясферы? Калі так, тады які ён гаспадар?”
ІІІ Аперацыйна-пазнавальны этап
Дамашнім заданнем для вучняў было: прагледзець дакументальны фільм “Дом”. На ўроку настаўнік паказвае толькі некаторыя фрагменты гэтага фільма.
– На жаль, уплыў чалавека на біясферу можа быць негатыўным.
Клас дзеліцца на групы па 4 чалавекі. Кожная група на картках чырвонага колеру павінна напісаць некалькі прыкладаў (па адным на картку) негатыўнага ўплыву чалавека на экасістэму, выкарыстоўваючы інфармацыю, атрыманную з фільма і падручніка. Карткі вывешваюцца на дошку пад словамі “Негатыўны ўплыў”.
Прыкладныя адказы вучняў: вынішчэнне біялагічных відаў, забружванне прамысловымі адходамі, лішкавае ўгнаенне палёў, непрадуманная барацьба са шкоднікамі, знішчэнне лясоў, нітратныя забружванні, аварыі на атамных станцыях, выкарыстанне пестыцыдаў, увоз раслін і жывёл, асушэнне балот, адходы бытавыя і прамысловыя, забруджванне рэк і інш.
– Што патрэбна рабіць, каб гэтага не было? Спачатку паспрабуем зрабіць тэарэтычны аналіз некаторых праблем. Прапаную вам гульню ў асацыяцыі.
Я звяртаю вашу ўвагу на прадметы, якія стаяць на стале:
1) глобус у поліэтыленавым пакеце (парніковы эфект);
2) дэзадарант у аэрозолі (разбуральнік азонавага слоя);
3) шклянка з мукой і шкляной трубкай (калі дунуць праз трубку, над шклянкай падымецца пыл з мукі) (забруджванне атмасферы);
4) чысты кардон (вырубка лесу);
5) шклянка са смеццем і вадой (забруджванне вады);
6) шклянка з белым пяском і кволай маленькай раслінай (эрозія глебы).
– Кожная група павінна выбраць сабе прадмет, які сімвалізуе якую-небудзь экалагічную праблему. Затым патрэбна скласці алгарытм рашэння праблемы:
1) прычыны, якія прывялі да з’яўлення гэтай праблемы;
2) наступствы;
3) рашэнні;
4) ідэальны канечны вынік.
Працуючы па алгарытме і выкарыстоўваючы падручнік, кожная група складае апорны канспект. Афішыраванне вынікаў работы груп.
– Робім аналіз. Для гэтага ўпісваем выяўленыя намі праблемы ў формулу:
Калі чалавек (указаць тое, што ён робіць),
тады (указаць тое, што добра для чалавека),
але (указаць тое, што будзе дрэнна для экасістэмы).
Прыклад: “Калі чалавек будзе высякаць лес, тады ён пабудуе горад, дарогу і гэтак далей, але ён знішчыць дзікарослыя травы”.
– Атрымліваецца, што лес павінен быць, каб была ежа, асяроддзе жыцця для жывёл і інш. і не павінен быць, каб былі гарады, папера, мэбля. Звярніце ўвагу: “павінен быць” і “не павінен быць”. Што неабходна вызначыць для рашэння гэтых супярэчнасцей? Ідэальны канечны вынік!
Напрыклад, у нашым выпадку: чалавек атрымлівае ўсё тое, што яму неабходна (горад, папера, мэбля і інш.) і колькасць раслін пры гэтым не скарачаецца.
– Як зрабіць так, каб выканаць і першае, і другое патрабаванне? (прапановы вучняў)
Такім жа чынам разглядаецца яшчэ некалькі экалагічных праблем другіх груп.
– Людзі на працягу ўсяго жыцця нарабілі шмат экалагічных памылак, і некаторыя з іх практычна немагчыма выправіць. Ці не здарыцца бяды з нашай зямлёй у хуткай будучыні? Магчыма, чалавецтву наканавана загінуць ад недахопу прадуктаў харчавання, энергетычных рэсурсаў альбо эпідэміі? Ці не наробім мы новых памылак?
Але давайце будзем аптымістамі! Сёння яшчэ можна штосьці выправіць і паспрабаваць спыніць катастрофу на нашай зямлі. Ці ёсць хоць якая-небудзь надзея?
Абмяркуйце ў групах і прапануйце магчымыя шляхі выхаду з гэтай сітуацыі. Напішыце прыклады пазітыўнага ўплыву чалавека на біясферу на картках зялёнага колеру. (карткі вывешваюцца на дошку пад надпісам “Пазітыўны ўплыў”).
Магчымыя адказы вучняў: стварэнне законаў аб ахове прыроды, забарона палявання, рэгламентацыя лову рыбы, чырвоная кніга, стварэнне запаведных тэрыторый, ахова і аднаўленне колькасці жывёл, аднаўленне лясоў, ачышчальныя збудаванні, экалагічнае выхаванне.
– На жаль не ўсе праблемы, якія мы абмяркоўвалі на сённяшнім уроку, магчыма рашыць вучням 11-га класа. Але ўсё ж такі кожны з вас можа аказаць пазітыўнае ўздзеянне. На жоўтай картцы напішыце, што асабіста вы маглі б зрабіць для рашэння існуючых экалагічных праблем.
Вучні запаўняюць карткі і вывешваюць іх на дошку, адначасова выказваючы сваю прапанову.
– Уся надзея на маладое пакаленне, якое будзе дзейнічаць больш рашуча, захоўваючы прыродныя багацці.
ІV Кантрольна-карэкцыйны этап
Вучні называць экалагічныя праблемы, якія паказаны на малюнках на экране і даюць свае каментарыі.
V Дамашняе заданне
Запішыце, калі ласка, дамашняе заданне: § 49
Кожны можа выбраць адну або некалькі экалагічных праблем, паказаных на малюнках, разгледзець іх прычыны, наступствы і шляхі рашэння. Прапануйце ідэі, як зрабіць горад чыстым. Вы можаце прапанаваць свой апорны канспект апісання праблемы або выкарыстаць алгарытм, які быў прапанаваны на ўроку.
VI Рэфлексія
– Што было галоўным на ўроку для вас?
– Што было цікавым на ўроку?
– Чаму вы навучыліся на сённяшнім уроку?
– Што з гэтага ўрока вам спатрэбіцца ў жыцці?