Наталля ШАРУПІЧ,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Субацкі НПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць
Група: група інтэграванага навучання і выхавання (старшая група дзіцячага сада).
Тэма: Дом і яго часткі.
Задачы:
– пашыраць уяўленні пра будынкі, іх разнавіднасці, узбагаціць слоўнікавы запас па тэме “Дом і чяго часткі”;
– развіваць уменне ўжываць назоўнікі ў адзіночным і множным ліку;
– фарміраваць уменне ўтвараць складаныя прыметнікі і развіваць уменне ўтвараць адносныя прыметнікі;
– развіваць уменне падбіраць роднасныя словы, антонімы;
– развіваць дробную і агульную маторыку, мысленне.
Ход занятку
I Арганізацыйны момант
Псіхалагічны настрой на занятак
Мы далоньку да далонькі склалі
І сябраваць прапанавалі.
Будзем займацца, гуляць,
Каб добрымі і разумнымі стаць.
– Вы любіце падарожнічаць? Сёння мы адправімся ў падарожжа ў краіну, дзе кожны з вас хацеў бы пабываць. А ў якую менавіта, вы самі даведаецеся.
Жывуць на свеце шарыкі,
Шарыкі-Смяшарыкі.
Вось баран, завуць Бараш.
Мудры лось, завуць Ласяш.
Крошка трусік, клічуць Крош.
Гэты трусік так харош!
Кругленькая хруша
Па мянушцы Нюша.
– Правільна, Смяшарыкі. Мы з вамі адправімся ў краіну Смяшарыкаў. Смяшарыкі запрашаюць да сябе ў госці не проста так, яны просяць нас дапамагчы выканаць заданні. У гэтай краіне вас чакаюць розныя выпрабаванні. Калі вы справіцеся з імі, то патрапіце да Савунні, і яна ўручыць вам ордэны Мудрацоў прыгожага маўлення.
Ну што, у нас карта, адпраўляемся? (на паравозіку пад музыку)
II Работа над тэмай (выглядае як падарожжа да домікаў Смяшарыкаў)
1 Домік Вожыка
– Хто ж нам першы сустрэнецца? А вось і домік Вожыка. Які ў яго дзіўны домік, які ён?
– Вожык просіць вас дапамагчы яму прачытаць верш, бо не можа зразумець, пра што ён. Дапаможам яму? (Верш “Новы дом” чытае педагог).
Супраць школы новы дом.
У новым доме мы жывём.
Мы па лесвіцы бяжым і паверхі лічым :
Раз – паверх,
Два – паверх,
Тры, чатыры – мы ў кватэры.
– Так пра што гаворыцца ў вершы? (Пра дом)
– Навошта людзям патрэбныя дамы? (У іх людзі жывуць)
Гульня “Назаві часткі дома”(Сцены, дах, вокны, склеп, дзверы, пад’езд, лесвіца, ліфт, кватэры і г. д.)
Гульня “Што, для чаго” (Навошта дому дах? Вокны? Сцены? Дзверы? Лесвіца? Ганак? Падмурак?)
2 Домік Нюшы
– Апраўляемся далей? (пад музыку на паравозіку)
– Вось мы бачым дом прыгожы, а вакол кветкі тут растуць. А гаспадыня – ну проста каралева прыгажосці.
– Чый гэта домік?
– Правільна, гэта домік Нюшы. Цікава, што яна нам прыгатавала?
Нюша нам прапануе пагуляць у гульню.
Гульня “З чаго будуюць дом”
Гульня “Назаві, які дом”
Падыдзіце да дошкі і разгледзьце дамы. Паглядзіце, якія яны розныя.
– Калі дом пабудаваны з дрэва, ён які? (Драўляны)
– Калі дом пабудаваны з панэляў? (Панэльны)
– Калі пабудаваны з цэглы? (Цагляны)
– З каменя? (Каменны)
– З бетону? (Бетонны)
– Са шкла ? (Шкляны)
– З блокаў? (Блочны)
– Колькі паверхаў можа быць у драўляным доме? (Адзін, два паверхі)
– Дом, у якім адзін паверх, які? (Аднапавярховы)
– Два паверхі? (Двухпавярховы драўляны дом)
– Колькі паверхаў можа быць у цагляным і панэльным дамах? (Шмат)
– Як называецца дом, у якім шмат паверхаў? (Шматпавярховы)
– Малайцы! З заданнем Нюшы справіліся.
3 Домік Кроша
– Адпраўляемся ў госці да наступнага героя. Гэты домік рознакаляровы, Як гаспадар даўгавухі!
– Правільна, гэта домік Кроша. Якая ў яго хатка незвычайная, з чаго яна зроблена? Якая яна?
Гутарка “Што ёсць у доме?”
Працягнем гутарку пра дамы.
– На якія часткі падзелены шматпавярховы дом? (На кватэры)
– Колькі пакояў можа быць у кватэры? (Розная колькасць)
– Калі ў кватэры адзін (два, тры і г. д.) пакой(-і), як яна называецца? (Аднапакаёвая (двухпакаёвая, трохпакаёвая і г. д.) кватэра)
– Якія пакоі могуць быць у кватэры? (Спальня, гасцёўня, дзіцячы, пярэдні пакой, ванная з туалетам)
– Для чаго патрэбныя спальня, гасцёўня, дзіцячы, пярэдні пакой, ванная з туалетам?
Фізхвілінка (музычная “Зарадка з Крошам”)
4 Домік Ласяша
– Малайцы, адпраўляемся далей. Чый жа наступны домік?
Перад намі дом зялёны
Ён такі з-за травы,
Пражывае там вучоны,
Ён знаток прыгажосці!
– Гэта хатка Ласяша. Што ж для нас падрыхтаваў Ласяш? А ён просіць, нас пагуляць у гульню.
Гульня “Наадварот”
дом вялікі – маленькі,
столь высокая – нізкая,
вокны вузкія – шырокія,
падлога чыстая – брудная,
у доме шумна – ціха,
пакой вялікі – маленькі,
па лесвіцы можна падымацца – спускацца.
5 Дом Капатыча
– Зазірнем у госці да Капатыча. Што робіць зімой мядзведзь? (Спіць).
– А вось Капатычу не спіцца. Яму хочацца даведацца, хто будуе дамы? (Будаўнік, архітэктар, сталяр, маляр)
– Ён прапануе нам пабудаваць яму новы дом, а для гэтага трэба трошкі размяць пальчыкі.
Пальчыкавая гімнастыка “Новы дом”
Будуем, будуем новы дом. (Падымаем ручкі і злучаем, атрымліваецца “дах”)
Малаточкам стукаем (кулачкамі стукаем справа, злева, спераду):
Справа – тук-тук-тук,
І злева – тук-тук-тук.
Наперадзе – тук-тук, тук-тук.
Ой, па пальчыку тук-тук.
Пабурчалі, пакрычалі (на месцы махаем ручкамі)
І зноў будаваць сталі.
Справа – тук-тук-тук,
І злева – тук-тук-тук.
Наперадзе – тук-тук, тук-тук (стукаем кулачкамі).
Атрымаўся новы дом, (падымаем ручкі і злучаем, атрымліваецца “дах”).
– Малайцы, пабудавалі Капатычу новы дом, адпраўляемся далей.
6 Домік Бараша
А вось і домік Бараша. Ён прапануе вам сабраць для яго розныя домікі (драўляны, каменны, цагляны, панэльны). Дапаможам яму?
Гульня “Збяры карцінку”
Гульня “Скажы, які?”
Назавіце, якія дамы вы пабудавалі? (Цагляны дом, драўляны дом.)
Раскажыце, с чым ў вас дом? Як вы думаеце, у якіх дамах можна жыць?
– У краіне Смяшарыкаў надыходзіць вечар. Як жа так, мы прайшлі ўсе выпрабаванні, і ўжо амаль ля доміка Савунні?
7 Домік Савунні
– Ну, вось мы і трапілі да Савунні, значыць, мы ўсе заданні выканалі. Але дзверы зачынены, як жа нам іх адчыніць? Давайце падбяром словы-сваякі да слова дом, можа, тады дзверы адчыняцца?
Падбор слоў-сваякоў да слова дом
– Вось і дзверы адчыніліся! Савуння ўсім вам уручае ордэны за добрую працу. Вяртаемся ў дзіцячы сад. (Песня паравозіка)
III Вынік. Рэфлексія
Вы сёння выдатна справіліся з заданнямі! Я віншую вас з атрыманнем ордэнаў.
– У якой краіне вы пабывалі? З кім сустрэліся?
– Якія заданні вам спадабаліся?
– Якія дамы мы з вамі будавалі? (Дзеці называюць віды дамоў)