Эфектыўныя формы і метады супрацоўніцтва ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і па далучэнні дзяцей дашкольнага ўзросту да беларускай мовы і нацыянальнай культуры

- 20:36Дошкольное образование. Работа с родителями, Методичка

 

Ніна СЛІЖ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “ВПК Навасёлкаўскі яслі-сад – базавая школа
Слонімскага раёна”,
Гродзенская вобласць

 

 

У народзе кажуць: “Няма дрэва без каранёў, а хаты без падмурка”. Цяжка будаваць будычыню без ведаў гістарычных каранёў і апоры на вопыт папярэдніх пакаленняў. Таму вельмі важна ўжо ў дашкольным узросце далучаць дзяцей да роднай мовы і культуры свайго народа, паколькі зварот да айчыннай спадчыны з маленства выхоўвае павагу, гонар за свой народ, зямлю на якой ты жывеш.

Вядучая роля ў далучэнні дзяцей дашкольнага ўзросту да роднай мовы і нацыянальнай культуры адведзена работнікам дашкольнай установы. Вельмі важна, каб педагогі былі прыхільнікамі нацыянальнай культуры і першымі сваёй эмацыянальнасцю, узнёсласцю, любоўю да роднага слова зацікавілі дзяцей нацыянальнай спадчынай беларускага народа.

Для большасці дзяцей дашкольнага ўзросту першай мовай з’яўляецца руская. Менавіта на рускай мове дзіця чуе і вымаўляе першыя словы, і думае, адпаведна, таксама на рускай. Безумоўна, дзеці могуць чуць беларускую гаворку па тэлевізары, радыё, у побыце. Аднак мэтанакіраванае навучанне роднай мове, як правіла, адбываецца ва ўстанове дашкольнай адукацыі ў рамках спецыяльна арганізаванай дзейнасці і стварэнні камунікатыўнага асяроддзя на працягу знаходжання дзіцяці ў дзіцячым садку.

Каб дабіцца станоўчага выніку, працэс далучэння дзяцей да беларускай мовы і нацыянальнай культуры павінен быць бесперапынны. І міжволі ўзнікае пытанне: ці маюць усе нашы намаганні працяг у той час, калі дзіця апынаецца па-за сценамі дзіцячага сада – дома ў сям’і?

Сям’я для дзіцяці – гэта не толькі асяроддзе, у якім складаюцца ўмовы фізічнага, псіхічнага, эмацыйнага і інтэлектуальнага развіцця, а яшчэ і крыніца грамадскага вопыту. Тут яно знаходзіць прыклады для пераймання, тут адбываецца яго сацыяльнае нараджэнне. Работа дашкольнай установы можа быць эфектыўнай толькі пры ўмове цеснага супрацоўніцтва з сям’ёй. Бацькі павінны стаць актыўнымі ўдзельнікамі працэсу, а не пасіўна прынімаючымі інфармацыю. Светапогляд, узровень маральнага выхавання дзіцяці ў цэлым залежыць ад узроўня дасведчанасці бацькоў у пытаннях нацыянальнай культуры, і таму першым крокам было вывучэнне ўзроўня граматнасці бацькоў у пытаннях нацыянальнай культуры шляхам анкетавання. Маніторынг сярод бацькоў праводзіўся на пачатку года. Бацькам былі прапанаваны анкеты :

– “Асновы беларускай нацыянальнай культуры”;

– “Народнае мастацтва ў жыцці вашай сям’і”;

– “Народныя святы ў дзіцячым садзе і дома”.

Вынікі анкетавання паказалі, што ў большасці бацькоў (45 %) адсутнічаюць веды і ўменні ў пытаннях беларускай нацыянальнай спадчыны. Частка бацькоў (32 %) лічыць важным далучэнне дзяцей да беларускай мовы і нацыянальнай культуры, але многія не ведаюць, як гэта зрабіць, так як няма спецыяльнай літаратуры. Астатнія бацькі (27 %) упэўнены ў тым, што іх дзеці яшчэ маленькія для набыцця такіх ведаў і асноўную работу па далучэнні дзяцей да беларускай мовы і нацыянальнай культуры павінен весці дзіцячы сад, а бацькі толькі дапамагаць у гэтым.

З улікам вынікаў анкетавання педагогамі нашай дашкольнай установы быў састаўлены план узаемадзеяння з бацькамі па далучэнні дзяцей да беларускай мовы і нацыянальнай культуры, накіраваны на:

– павышэнне цікаўнасці бацькоў да работы дашкольнай установы;

– павышэнне кампетэнтнасці бацькоў у пытаннях беларускай нацыянальнай культуры;

– фарміраванне актыўнай бацькоўскай пазіцыі;

– актыўны ўдзел у жыцці дашкольнай установы.

Змест плана ахопліваў шырокі круг пытанняў, асвятляў усе бакі арганізацыі работы з бацькамі па гэтых накірунках.

Другім крокам было ўстанаўленне паміж выхавальнікамі і бацькамі дабражаданых адносін з устаноўкай на будучае дзелавое супрацоўніцтва. Апынуўшыся на парозе дашкольнай установы, бацькі адразу акунаюцца ў беларускамоўнае асяроддзе. Амаль уся інфармацыя, нагляднасць для бацькоў у дзіцячым садку размяшчаецца на беларускай мове. Вядома, хацелася б каб для беларускамоўных дзіцячых устаноў было больш інфармацыі, наглядных дапаможнікаў, настольна-друкаваных і іншых гульняў на роднай мове. А з-за іх недахопу педагогом даводзіцца перакладаць матэрыялы з рускай мовы на беларускую, штосьці рабіць сваімі рукамі, на што затрачваецца шмат часу.

Навучанне і выхаванне таксама вядзецца на роднай мове. Акрамя таго, рэгулярна праводзяцца фальклорныя святы, на якіх дашкольнікаў знаёмяць з культурай беларускага народу, яго мовай, традыцыямі, абрадамі, рамёсламі. На гэтыя святы заўсёды запрашаюцца бацькі.

На бацькоўскіх сходах абмяркоўваліся пытанні “Супрацоўніцтва сям’і і дзіцячага сада па выхаванні дашкольнікаў на традыцыях беларускай нацыянальнай культуры”, “Сямейныя традыцыі”, “Роля народнай гульні ў выхаванні дзіцяці” і інш. Паступова бацькі далучаліся да падрыхтоўкі фальклорных свят: выраблялі касцюмы, атрыбуты і па магчымасці былі задзейнічаны самі. На такіх святах дзеці бачылі сваіх бацькоў з іншага, нязвыклага для іх боку (у беларускіх нацыянальных касцюмах яны спявалі беларускія песні ці заклікалі зрабіць пакупкі на кірмашы). Дзеці рады такім святам, у штодзённым жыцці па прычыне занятасці дарослых яны часта адчуваюць недахоп бацькоўскай увагі.

Бацькі разам з дзецьмі прымаюць удзел у выставах, прысвечаных традыцыйным святам.

На афіцыйным сайце ўстановы адукацыі пастаянна размяшчаюцца фотаматэрыялы з усіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў нашай рознаўзроставай групе. Для больш падрабязнага інфармавання бацькоў з мэтанакіраванай работай па далучэнні дзяйцей да беларускай мовы і нацыянальнай культуры ў групе выпускаецца міні-насценгазета, у якой асвятляюцца найбольш цікавыя мерапрыемствы. У канцы года на бацькоўскім сходзе для законных прадстаўнікоў прадстаўлена фотасправаздача пра праведзеную за ўвесь год работу.

У бацькоўскім кутку размешчаны матэрыялы з кансультацыямі на тэму “Тата і матуля, давайце гуляць па-беларуску”, з парадамі, з вершамі для развучвання дома, з творамі дзіцячай літаратуры беларускіх аўтараў, гульнямі і заданнямі для развіцця беларускага маўлення.

У групе існуе міні-бібліятэка для бацькоў, у якой законным прадстаўнікам прапануецца матэрыял для сямейнага чытання ў выхадныя дні (беларускія народныя казкі, гульні, прыказкі, прымаўкі, легенды, вершы і апавяданні беларускіх аўтараў і інш.). Бацькі могуць больш падрабязна пазнаёміцца са стравамі беларускай нацыянальнай кухні, беларускай нацыянальнай лялькай і тэатрам “Батлейка” праз памяткі і інфармацыйныя лісты.

З дапамогай бацькоў папаўняецца куток па патрыятычным выхаванні старадаўнімі рэчамі побыту і ўжытку, кніжны куток – кнігамі на беларускай мове. Створаны картатэкі беларускіх народных гульняў, пасловіц і пагаворак. Частка экспанатаў перададзена ў школьны музей. Аформлены фотаальбом “Мая родная вёска”.

Законныя прадстаўнікі выхаванцаў паступова становяцца актыўнымі памочнікамі ў падрыхтоўцы і правядзенні экскурсій. Пяцёра з іх працуюць у Навасёлкаўскім яслях-садзе – базавай школе Слонімскага раёна, што дае магчымасць наладзіць пераемнасць паміж дзіцячым садком і школай па папулярызацыі беларускай мовы і нацыянальнай культуры сярод навучэнцаў, выхаванцаў і іх бацькоў. З бацькоўскай дапамогай была арганізавана экскурсія для дашкольнікаў у школьны музей баявой славы, дзеці адкрылі для сябе старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сапраўдныя рэчы, хроніка ваенных часоў і займальнае, цікавае апавяданне экскурсавода ў даступнай для выхаванцаў форме дазволілі дзецям адчуць жахі вайны, выклікалі гонар за подзвіг воінаў-землякоў і ўсяго беларускага народа. Тут жа дзеці змаглі атрымаць першпачатковыя звесткі пра гісторыю беларускага народа, жыццё і побыт, народныя промыслы беларусаў. Выхаванцы мелі магчымасць паспрабаваць сябе ў ткацтве за сапраўдным ткацкім станком.

Кожны год, 9 Мая, выхаванцы і бацькі з’яўляюцца ўдзельнікамі мітынгу, прысвечанага Дню Перамогі. У знак пашаны памяці пра вялікі подзвіг землякоў і ўсяго беларускага народа выхаванцы ўскладаюць кветкі да абеліска.

Больш падрабязней пазнаёміцца з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, а менавіта вышыўкай, дзеці змаглі, наведаўшы выставу ў сельскай бібліятэцы, якую арганізавала бабуля аднаго з выхаванцаў дзіцячага садка. На выставе прадстаўлены работы двух мясцовых умеліц. Выхаванцы наведалі выставу “У гасцях у беларускай народнай казкі”, дзе бібліятэкар расказала пра гісторыю ўзнікнення беларускай казкі, правяла гутарку з дзецьмі па змесце знаёмых казак, запрасіла часцей наведваць бібліятэку разам з бацькамі. Не абмінулі выхаванцы і выставу да 76-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Па выніках апытання бацькоў было выяўлена, што не ўсе ведаюць віды народнага мастацтва і промыслаў і лічаць, што ў нашай мясцовасці няма сапраўдных народных умельцаў і не існуе традыцый. Каб змяніць меркаванне бацькоў, на бацькоўскім сходзе быў прапанаваны прагляд прэзентацыі пра знакаміты Паўлаўскі каравай. Прэзентацыя прадстаўляла творчую работу вучняў пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, якая з’яўляецца матуляй выхаванкі дзіцячага садка.

Бацькі былі вельмі ўражаны, і як вынік, па прапанове і з удзелам бацькоў для дзяцей была арганізавана экскурсія ў “Паўлаўскі дом каравайніц”. Тут выхаванцы мелі магчымасць пазнаёміцца з мясцовай старадаўняй традыцыяй выпечкі вясельнага каравая і паназіраць за працэсам яго вырабу, а таксама самастойна ўдзельнічалі ў лепцы і выпечцы шышак для ўпрыгожвання каравая.

Да 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці ў нашай установе праведзена акцыя “Пасадзі яблыньку – вырасці сад!”, у якой прынялі ўдзел педагогі , вучні, выхаванцы і іх бацькі. На тэрыторыі дзіцячага садка быў пасаджаны яблыневы сад з 75 сажанцаў.

Каб выхаваць сапраўдных патрыётаў сваёй краіны, вельмі важна, каб педагогі і бацькі ведалі народныя святы, абрады, традыцыі, гульні. Валодалі роднай мовай і выкарыстоўвалі ў сваёй працы, зносінах з дзецьмі беларускі фальклор, з маленства прывівалі сваім дзеткам любоў і пашану да свайго роднага краю, культуры, роднай мовы, фарміравалі цікавасць да гісторыі Беларусі, яе мінулага і цяперашняга.

І толькі цесная ўзаемасувязь дашкольнай установы і сям’і можа даць станоўчы вынік.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий