Ірына ЛАЎНІКОВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Яслі-сад № 1 г. Жыткавічы”,
Гомельская вобласць
Мэта: фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы і станаўленне рэпрадуктыўнага маўлення дзяцей на беларускай мове.
Матэрыял і абсталяванне: інтерактыўны гульнявы дапаможник “Бонсцік Скарбнік”, лялька-немаўлятка, лялечны домік, сям’я беларускіх лялек-барбі (мама, тата, сын, дачка, дзядуля, бабуля), маска-шапачка “Вожык”, шапачкі мышак, мультымедыйная ўстаноўка, інтэрактыўная казка“Курачка Рабка” з гукавым суправаджэннем.
Папярэдняя работа: завучванне забаўлянкі “Кую, кую ножку”, верша У.Луцэвіча “Вожык”, расказванне беларускай народнай казкі “Курачка Рабка”.
Гучыць беларуская мелодыя, дзеці ўваходзяць у пакой.
Выхавальнік. Запрашаю наведаць лялечны домік і пагуляць з лялькамі. Ціхенька падыдзем, паглядзім, што яны робяць.
Дзеці падыходзяць да лялечнага доміка.
Выхавальнік. А дзе ж сям’я лялек? (Няма.) Што здарылася? Чаму зніклі лялькі? Звернемся да Скарбнічка, ён усё ведае:
Скарбнічак дапамажы.
Малым дзеткам падкажы.
Чаму зніклі лялькі?
Скарбнік. Я ведаю, чаму зніклі лялькі. Вы мала размаўлялі па-беларуску.
Выхавальнік. Прабачце, калі ласка, чароўныя цацкі. Мы будзем вельмі старацца выправіцца. Дзеці просяць таксама.
Скарбнік. Добра, я дапамагу вам. Вось лялька-немаўлятка. Яна часта плача, раскажыце ёй забаўлянку.
Выхавальнік. Канечне, калі няма мамы і таты, немаўляткі плачуць. Раскажам забаўлянку “Кую, кую ножку”. Спачатку лічылкай выберам, хто будзе мамай альбо татам.
Ішоў кот праз сто варот,
дайшоў да канца,
знайшоў кацяня
Мяў!
Падрыхтуйце пальчыкі, будзем пастукваць. Расказваем радасна, пяшчотна.
Расказванне забаўлянкі “Кую, кую ножку” з пастукваннем
Кую, кую ножку,
Паеду ў дарожку.
Дарожка крывая,
Кабылка сляпая,
Еду, еду, еду,
Ніяк не даеду.
Прыпрагу сароку,
Паеду далёка,
У новай кашулі
Да майго дзядулі.
Скоранька паеду,
Каб паспець к абеду
Дзед дасць піражок
І кусочак сыру.
Выхавальнік. Ой, глядзіце, у лялечным доміку запалілася святло. Хто яго запаліў? (Лялькі мама і тата)
Значыць, мы гаварылі правільна, па-беларуску. Скарбнічак яшчэ раз дапамажы, малым дзеткам падкажы. Што трэба зрабіць, каб вярнуліся лялькі-дзеці (сын і дачка)?
Скарбнік. Дзеці любяць гуляць. Трэба пагуляць у беларускую гульню.
Выхавальнік. Давайце пагуляем у гульню “Вожык”.
Беларуская народная гульня “Вожык”
Мэта: заахвочванне да ўдзелу ў сумесных гульнях, якія ўключаюць індывідуальныя рэплікі, эмацыянальнае ўяўленне персанажаў, развіццё хуткасці, вынослівасці, рашучасці.
Матэрыял: шапачкі мышак, вожыка
Ход гульні: па лічылцы выбіраецца “вожык”, астатнія – “мышы”.
Гульцы становяцца ў круг, “вожык” – у цэнтры. Па сігнале “мышы” ідуць управа, “вожык” – улева.
“Мышы” гавораць:
Бяжыць вожык, тупу-туп!
Сам калючы, востры зуб!
– Вожык, вожык, ты куды?
Ад якой бяжыш бяды?
Пасля гэтых слоў усе спыняюцца, звяртаюцца да вожыка:
Вожык ножкамі туп-туп!
Вожык вочкамі луп-луп!
Навакол пануе ціш,
Вожык чуе ў лісцях мыш.
“Вожык” асцярожна ходзіць, прыслухоўваецца.
Бяжы, бяжы, вожык!
Не шкадуй ты ножак!
Раз, два, тры – мышэй лаві!
“Мышы” разбягаюцца, “вожык” бяжыць за імі, спрабуючы злавіць.
Выхавальнік. Зазірнем у лялечны домік. Ці з’явіўся хто яшчэ? З’явіліся лялькі сын і дачка. Значыць, мы гулялі добра. Каго яшчэ не хапае з лялек? (Лялек дзядулі і бабулі)
Скарбнічак апошні раз дапамажы, малым дзеткам падкажы. Што трэба зрабіць, каб з’явіліся лялькі дзядуля і бабуля?
Скарбнік. Дзядуля і бабуля знаўцы казак. Трэба расказаць і паказаць беларускую казку.
Выхавальнік. Сядайце. Увага на экран. Давайце раскажам разам, які перапалох нарабіла мышка ў казцы “Курачка Рабка”.
Расказванне дарослым казкі “Курачка Рабка” (інтэрактыўнай)
з дагаворваннем дзецьмі асобных слоў і выразаў
Я пачынаю, а вы працягваеце.
Жыў… дзед, жыла… бабка. Была ў іх… курачка-рабка. Нанесла курачка… яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу (гаршчок) ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам … махнула, чарапіца … ўпала, яечкі … пабіліся. Плача… дзед, плача …бабка, курачка … кудахча, вароты … скрыпяць, трэскі… ляцяць, сарокі …трашчаць, гусі …крычаць, сабакі …брэшуць… воўк… завыў…, а мядзведзь … адарваў сабе хвост.
Выхавальнік. Зазірнем у лялечны домік. Хто з’явіўся? (Лялькі бабуля і дзядуля)
Вось і ўся сям’я сабралася. Паглядзіце, як ім радасна і ўтульна дома. Дзякуй вам, дзеці. Мае вы маленькія беларусы, вы вельмі старанна размаўлялі па-беларуску.
Спіс літаратуры
1 Вучэбная праграмма дашкольнай адукацыі. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2019.
2 Дубініна, Д.М. Выхаванне ў дзяцей дашкольнага ўзросту цікавасці да беларускай мастацкай літаратуры і фальклору: дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі / Д.М.Дубініна. – Мінск : Новое знание, 2016.
3 Залатая скарбонка. Хрэстаматыя для дашкольнікаў: дапаможнік для педагогаў устаноў дашкольнай. адукацыі з беларускай. і рускай мовамі навучання. – 2-е выд. – Мінск : Аверсэв, 2019.