Алена ЖУКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
ДУА “Багданаўскі вучэбна-педагагічны комплекс
дзіцячы сад – сярэдняя школа”
Валожынскага раёна,
Мінская вобласць
У апошнія гады Багданаўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа Валожынскага раёна працавала над педагагічным праектам “Развіццё беларускага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту сродкамі тэатральна-гульнявой дзейнасці”.
Назіранні за маўленчай дзейнасцю паказалі, што выхаванцы недастаткова валодаюць беларускай мовай у адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі ў адукацыйнай галіне “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”. Дзеці зусім не карыстаюцца роднай мовай у паўсядзённым жыцці і імкнуццца пазбегнуць адказаў на роднай мове, маўленне знаходзіцца пад моцным уплывам рускай мовы.
Праект быў накіраваны на далучэнне дзяцей да беларускай мовы шляхам прымяненння тэатральна-гульнявой дзейнасці ў адукацыйным працэсе, бо гульня – вядучая дзейнасць у дашкольным узросце і самая любімая. А тэатралізаваная дзейнасць – адзін з лепшых спосабаў развіцця мовы і мыслення дзяцей. Яна дастаўляе дзіцяці задавальненне і радасць, а гэтыя пачуцці з’яўляюцца наймацнейшым сродкам, які стымулюе актыўнае ўспрыманне мовы і параджае самастойную маўленчую дзейнасць.
У рэалізацыі праекта ўдзельнічалі выхаванцы рознаўзроставай групы (4–6 гадоў), выхавальнікі дашкольнай адукацыі. Падчас удзелу ў праекце выхавальнікі дашкольнай адукацыі правялі маніторынгавыя мерапрыемствы з мэтай выяўлення ўзроўню валодання выхаванцамі гукавой культурай маўлення, граматычным ладам маўлення, слоўнікам, звязным маўленнем; стварылі куток “У госці да казкі”, дзе размешчаны разнастайныя віды тэатраў (шапачкі-маскі; тэатр на талерках, на кубках, на шклянках, на лапатках, на палачках; пальчыкавы, конусны, ценевы тэатры; лялечны тэатр з фетру); склалі картатэку беларускіх народных гульняў, картатэку гульняў, накіраваных на авалоданне нормамі і правіламі беларускай літаратурнай мовы; арганізавалі і правялі адкрытыя заняткі, звязаныя з тэмай педагагічнага праекта. Выхаванцы прымалі ўдзел у інсцэніроўках казак “Зайкава хатка”, “Дзедава рукавічка”, “Каза-Манюка”, “Як курачка пеўніка ратавала”, “Каток – залаты лабок”, “Рэпка”, “Коцік, Пеўнік і Лісіца”.
У выніку праведзеных мерапрыемстваў выхаванцы навучыліся правільна вымаўляць гукі і словы ў адпаведнасці з нормамі літаратурнай мовы, пераказваць невялікую па аб’ёме казку і мастацкі твор. У дзяцей узрасла цікавасць да беларускай народнай гульні і тэатра.
У педагогаў пашырыўся ўзровень ведаў пра формы і метады правядзення беларускіх народных гульняў, тэатральнай дзейнасці і пра неабходнасць іх выкарыстання ў адукацыйным і выхаваўчым працэсе як сродку далучэння дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры.