ШАГ: сярэдняя школа № 1 Смаргоні  

- 20:16ШАГ

Размова пра беларускую адукацыю адбылася ў сярэдняй школе № 1 Смаргоні. Яна прайшла ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна”. Вучні і настаўнікі абмяркоўвалі тэму “Гонар за Беларусь. Адукацыя ў імя будучыні краіны”; формай правядзення мерапрыемства была абрана прэс-канферэнцыя.

З тэматыкай інфармацыйных блокаў і парадкам правядзення мерапрыемства навучэнцаў пазнаёміла класны кіраўнік 11-га класа Марыя Кузьміч. Далей вядучыя сустрэчы расказалі прысутным пра прыярытэты дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі, пра тэндэнцыі развіцця адукацыі ў Беларусі ў XXI стагоддзі, пра дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі як пра адзін з важных складнікаў адукацыйнай прасторы грамадства, прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю, якая, у адрозненне ад іншых краін постсавецкай прасторы, захавана і паспяхова функцыянуе ў Беларусі. Выступленне вучняў суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй і праглядам дакументальнага фільма з цыкла “Здабытак Рэспублікі” – “Адукацыя ў Беларусі”.

Паведамленне навучэнцаў дапоўніла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта Аксана Мінкоўская. Яна распавяла старшакласнікам пра сістэму адукацыі Смаргонскага раёна, пра дасягненні раёна ў галіне адукацыі, пра арганізацыю профільнага навучання, у рамках якога асаблівая ўвага надаецца профільным класам прафесійнай накіраванасці (педагагічным і аграрным). Аксана Мікалаеўна закранула пытанні змен у сістэме атэстацыі з 2023 года, падкрэсліла, што сёння адукацыя з’яўляецца неабходнай умовай годнага жыцця ў сучасным інфармацыйным, імклівым свеце.

Абмеркаванне атрыманай інфармацыі было арганізавана па праблемных пытаннях, якія дазволілі ўсебакова разгледзець тэму: Чаму прадметам асаблівага гонару Беларусі з’яўляецца сістэма прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі? У чым значнасць адукацыі для асобы? Для грамадства? Што азначае прынцып “адукацыя праз усё жыццё”? Якім чынам у Беларусі забяспечваецца рэалізацыя гэтага прынцыпу?

У ходзе абмеркавання і выступленняў юнакі і дзяўчаты змаглі таксама задаць пытанні прысутным дарослым. У прыватнасці, старшакласнікаў цікавіла, якія ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ёсць у нашым рэгіёне, спецыялістаў якіх прафесій рыхтуюць у гэтых установах адукацыі, якія спецыяльнасці найбольш запатрабаваныя ў цяперашні час, ці неабходна сёння вышэйшая адукацыя, ці ёсць якасная розніца паміж адукацыяй, атрыманай у сталічных і абласных УВА.

У рамках трэцяга этапу вучні стварылі партрэт сучаснага адукаванага чалавека і інтэрактыўны плакат “ТОП-5 дасягненняў беларускай сістэмы адукацыі”.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, навучэнцы адзначылі, што тэма сённяшняй гутаркі для іх актуальная, бо ім ужо неабходна вызначыцца са сваім далейшым адукацыйным маршрутам.

 

Таццяна ІСТРАЦЬКОВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий